У пачатку навучальнага года з Ліцэю БДУ пайшла дырэктарка


У самым пачатку навучальнага года з Ліцэю БДУ пайшла дырэктарка Ганна Чубарава, якая кіравала ім з 2021 года. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным Telegram-канале навучальнай установы.

Ганна Чубарава.
Фота: bsu.byнавуч

З якой прычыны Ганна Чубарава пакідае пасаду, невядома. Хто прыйдзе на ейнае месца, таксама пакуль не паведамляецца.

«Цяпер Ганна Сяргееўна пакідае сваю пасаду дырэктара Ліцэю», – гаворыцца ў допісе навучальнай установы за 21 верасня. У ім таксама выказваюцца  словы падзякі «за прафесіяналізм у якасці настаўніка, адміністратара і дырэктара».

Чуткі пра звальненне дырэктаркі Ліцэю з’яўляліся і раней. Так, 16 верасня ў Telegram-канале «Учительская» зʼявілася інфармацыя, што «ў пачатку тыдня была звольненая» дырэктарка Ліцэю БДУ. Аднак на момант публікацыі допісу на сайце навучальнай установы Ганна Чубарава па-ранейшаму значылася як кіраўніца. «На гэты момант інфармацыя не пацверджаная», – гаварылася ў допісе Telegram-каналу.

Між тым «Зеркало» паведамляе, што раней з дзвюх не звязаных паміж сабой крыніцаў паступала інфармацыя, што выканаўцаю абавязкаў кіраўніка прызначаная Наталля Каранкевіч, намесніца дырэктара па вучэбнай працы. Аднак афіцыйнага пацверджання гэтым звесткам пакуль няма.

Ганна Чубарава нарадзілася ў Менску. У 2005 годзе скончыла біялагічны факультэт БДУ паводле спецыяльнасці «Біяхімія», там вучылася ў аспірантуры і ў 2014 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю. У 2017 годзе атрымала другую адукацыю на факультэце ўпраўлення Акадэміі кіравання. З 2010 года выкладала біялогію ў Ліцэі БДУ, а з 2017 года займала пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай працы да яе прызначэння на пасаду дырэктаркі Ліцэю БДУ.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў