66,6%. Стары і смерць

Становіцца страшнавата. Тры тыдні таму ваш пакорны слуга ў калонцы «Белсату» здолеў прадбачыць вынікі выбараў у Беларускі нібы парламент з дакладнасцю 97% – 106 з 110. Легла, вядома, нудна, але, трэба прызнаць, што адваротны бок і не намагаўся стварыць інтрыгі.

Putin-wybory, zdj.: Kremlin.ru
Уладзімір Пуцін на выбарчым участку.
Фота: Kremlin.ru

З выбарамі ж у Расеі сітуацыя крыху іншая, і, нягледзячы на адсутнасць веры ў сам вынік тыпу «110% чачэнцаў за ЕдРо!», агулам па краіне, па прад’яўленых публіцы звестках, можна было зрабіць пэўныя высновы, зразумець намёкі, што дасылаліся з-за крамлёўскай сцяны, якая аддзяляе народ ад лепшых ягоных прадстаўнікоў.

Раней мэтай было давесці тэзіс «большасць – за!» І для гэтага трэба было выйсці на 50+% падтрымкі ад агульнай колькасці грамадзянаў, якія галасуюць. Такі вынік дасягаўся пры яўцы крыху вышэйшай за 70% і галасаванні «за» слушнага кандыдата/партыю ў колькасці 70%. А далей ішлі варыяцыі вакол гэтых лічбаў, што не змяняюць сутнасці.

Такая яна, крамлёўская арыфметыка, была. І што сёння? Я выказаў здагадку (абсалютна инстунктыўна), што 50+% будзе ўжо відавочна недастаткова, а да савецкіх 99,9+% яшчэ ўсё ж павінен заставацца некаторы зазор. Інакш як праводзіць наступныя свабодныя волевыяўленні? Расці не будзе куды, а гэтага дапусціць ніяк нельга.

Разбор
71-гадовы самавылучэнец ідзе на пяты тэрмін. Што адбываецца ў Расеі 15–17 сакавіка
2024.03.15 07:00

Таму я выказаў здагадку, што цяпер мэта галасавання за… не за Пуціна, вядома, ён тут зусім ні пры чым. Мэтай галасавання «за вайну» будзе падтрымка працягу забойстваў украінскіх і расейскіх грамадзянаў дзвюма трацінамі насельніцтва суседняй краіны. Менш ніяк нельга. Нельга спарадзіць сумневаў ў слушнасці абранага курсу.

Мой прагноз быў: 79% яўка пры 84% галасавання за «пажылага генералісімуса». Вынік? Вы ведаеце: яўка – 77,4% і 87,3% – «за».

Перамнажэнне ў прагнозе дае 66,4%, а вынік «выбараў» – 67,7%. Ледзь-ледзь перастараліся выканаўцы. Але дакладнасць майго прагнозу – 98,1%.

Што за гэтымі лічбамі?  Ці можна паверыць, што Расея паважна абрала старога, што выжыў з розуму? Абрала вайну, кроў і забойства ўласных хлопцаў дзеля сумнеўных мэтаў у суседняй краіне? Абрала санкцыі і адсутнасць міжнародных спартовых спаборніцтваў? І, пры нагодзе, вось гэтую гідкую сталінскую практыку прызначэння ворагаў народа?

Не, вядома! Развіццё яўна фашысцкага рэжыму ўсё ж не адбываецца з такой хуткасцю. Дастаткова зірнуць на колькасць праглядаў у Юрыя Дудзя або фільмаў каманды Навальнага. А таксама гледачоў на замежных канцэртах антываенных расейскіх зорак.

Гісторыі
Канец пуцінскай «стабільнасці»? Як змянілася Расея за другі год вайны
2024.02.27 15:41

Пры ўсім разуменні часовага вар’яцтва расейскага народу, як мінімум чвэрць грамадзянаў захавалі калі не розум або сумленне, дык хаця інстынкт самазахавання.

Таму між лукашэнкаўскімі 83% і пуцінскімі 87% розніцы няма аніякае: абедзве лічбы з паралельнага сусвету.

А ў чым розніца ёсць? І ці ёсць яна наогул? Ёсць, ды яшчэ якая! Давайце я паспрабую падказаць. Прыгожын, Нямцоў, Навальны… Беслан і падводная лодка «Курск». І Украіна.

На фоне «іхняга цмока» наш выглядае абсалютным вегетарыянцам, з-пад якога калі і выносяць трупы, дык толькі па прычыне непасрэднай пагрозы асабістай уладзе.

Гэтае параўнанне нашага ніяк не апраўдвае. Больш таго, яно яго асабіста павінна вельмі і вельмі палохаць. Калі вось так можна, калі няма ані маральных нормаў, ані законаў дзяржавы, ані нават крымінальных паняццяў, дык якія гарантыі могуць быць у слабенькага і залежнага князька? Пытанне толькі ў тым, калі цябе з’ядуць. На каторым з урачыстых прыёмаў ежы?

А захочуць з’есці? Так. Пакуль Пуцін затрымаўся абедзвюма нагамі ва Украіне і яму не да Беларусі, але гэта некалі скончыцца. На новыя «вялікія заваёвы» ён наўрад ці адважыцца, а Беларусь, вось яна. І тая ж логіка «Украіну прыдумаў Ленін» вядзе да абсалютнейшага адмаўлення існавання і незалежнай Беларусі, і саміх беларусаў. Адкуль? На якога чорта нейкае далёкае Падмаскоўе, населенае тымі ж рускімі, якія проста гавораць нанедарускай мове, вырашыла што яно – асобная дзяржава і народ? Не верыцца? Паслухайце ўважліва пахмельнага Мядзведзева, ды й самога Пуціна.

Так што ад вынікаў вось такога «народнага волевыяўлення» хавацца па начах пад ложкам і есці толькі правераную ежу, павінен, у першую чаргу сам Лукашэнка. Яго, вядома, не шкада, але краіну хацелася б усё ж зберагчы.

Што будзе далей? У першы ж паслявыбарны вечар мы ўбачылі новага Пуціна. Ён ужо не баіцца прамаўляць прозвішча Навальны, на блакітным воку сцвярджаючы, што ён дык адразу пагадзіўся б на абмен, але тут вось такая непрыемнасць (ай, як зручна!). І ўжо таксама прызнае ўслых наяўнасць расейцаў, якія ваююць супраць Расеі на баку ЗСУ ў колькасці 2500 чалавек, і абяцае да іх абавязкова дабрацца параўноўваючы з уласаўцамі. І, вядома, пагражае ворагам на Захадзе.

Ён – новы. Стары, што прадчувае сваю смерць за даляглядам, і жадае забраць з сабою паболей народу. І нічога болей.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў