news
Гісторыі
Канец пуцінскай «стабільнасці»? Як змянілася Расея за другі год вайны
Нават УЦДГМ прызнаў: 45% расейцаў чакаюць ад 2024 года заканчэння вайны
27.02.202415:41

Другі год вайны адзначыўся для Расеі новымі рэкордамі (хутчэй, антырэкордамі) у ціску рэжыму на грамадства, у эканоміцы і ў грамадскім жыцці. Нават дзяржаўныя сацыёлагі заўважаюць рост антываенных настрояў. Нягледзячы на магутны сілавы апарат, у Крамлі працягваюць баяцца любой актыўнасці грамадзянаў, караючы іх нават за ўскладанне кветак да помнікаў, і зняволеных лідараў апазіцыі – Навальнага не толькі забілі, але і адмаўляліся аддаваць ягонае цела маці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыя затрымлівае мужчыну, які на знак развітання з Аляксеем Навальным хацеў ускласці кветкі  да помніка – вялікага валуна з Салавецкіх астравоў, дзе размяшчаўся адзін з першых папраўча-працоўных лагераў для палітычных і крымінальных зняволеных. Санкт-Пецярбург, Расея. 17 лютага 2024 года.
Фота: AP Photo / East News

Рэпрэсіі: Пуцін апярэджвае Брэжнева і набліжаецца да Сталіна

Праваабаронцы адзначаюць, што 2023 год стаў рэкордным паводле колькасці ганенняў, журналісты дадаюць – з часоў савецкага дыктатара Іосіфа Сталіна. «Проект» паказвае, што за апошнія шэсць гадоў у Расеі рэпрэсавалі больш за 116 000 асобаў, з іх больш за 50 000 – за словы.

Так, у 2023 годзе пачалі больш крымінальных справаў за здраду дзяржаве, чым за апошнія 20 гадоў: за студзень – ліпень было ўжо 82 справы, а за ўвесь 2022 год – толькі 20. Пры гэтым, паводле звестак «Команды 29», за 1997–2017 гады прысуды вынеслі па 101 справе «за здраду дзяржаве».

Адвакаты ўдакладняюць: цяпер справаў «за здраду дзяржаве» не 80–100, іх болей у паўтара-два разы, проста не ўсе суды публікуюць звесткі пра іх. Гэта набліжае РФ да СССР 1960-х, калі было прыкладна 150 справаў штогод.

У сярэднім, цяпер заводзяць каля 20 справаў «за здраду дзяржаве» на месяц, і калі раней колькасць рэгіёнаў з пераследам «здраднікаў Радзімы» была абмежаваная (Масква, Пецярбург, Краснадар, Хабараўск), дык цяпер толькі ў Маскве 17 справаў, у іншых рэгіёнах – 51, яшчэ 11 – на акупаваных тэрыторыях. Сярэдні тэрмін – 11,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, максімум далі паплечніку забітага ля Крамля Барыса Нямцова, лабісту санкцыяў супраць пуцінскага рэжыму Уладзіміру Кара-Мурзе – 25 гадоў. Апраўдальных прысудаў у справах «за здраду дзяржаве» няма.

Аналітыка
Прыціхлая Расея сучаснасці. Як краіна змянілася за год вайны
2023.02.25 18:49

Другі год вайны таксама стаў рэкордным паводле колькасці смерцяў ад паліцэйскага гвалту – у два разы больш, чым у 2022-м; стала больш катаванняў. Праваабаронцы адзначаюць, што сілавікі катуюць ужо не толькі абвінавачаных, але і сведак. Пры гэтым супраць паліцэйскіх пачалі рэкордна малую колькасць справаў за 10 гадоў.

Расейцаў сталі часцей судзіць паводле артыкулаў аб дыскрэдытацыі Узброеных сілаў, рэабілітацыі нацызму, закліках або апраўданні тэрарызму. Больш распаўсюджанай стала практыка «пакаяльных відэа», пазасудовага ціску (звальнення, пагрозы). За 2023 год стала болей «замежных агентаў» – у рэестр Мінюсту ўнеслі яшчэ 162 асобы (30 з іх пераследуюць за антываенныя пазіцыі) і 56 арганізацыяў. Дадалося і «непажаданых арганізацыяў» – плюс 66 пазіцыяў у адпаведным спісе.

Калі ў 2022 годзе ўлады аддавалі перавагу блакаванню СМІ (ад 24 лютага 2022 годп быў заблакаваны 66 061 рэсурс), то ў 2023-м часцей пачыналі крымінальную справу. Праваабаронцы адзначылі за мінулы год 1152 выпадкі пераследу СМІ і журналістаў. «Рэпарцёры без межаў» паказваюць, што на гэты момант у расейскіх калоніях сядзяць 28 журналістаў.

У лютым 2024 года Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб канфіскацыі маёмасці паводле шэрагу артыкулаў: за фэйкі, дыскрэдытацыю УС, дэзерцірства, невыкананне загаду, незаконнае перасячэнне мяжы, арганізацыю незаконнай міграцыі,  садзейнічанне ў выкананні пастановаў міжнародных арганізацыяў, у якіх РФ не ўдзельнічае, або замежных дзяржорганаў. Кожны з гэтых артыкулаў б’е па антываенна настроеных расейцах: тых, што публікуюць допісы, выходзяць на пратэсты, адмаўляюцца ваяваць з Украінай, уцякаюць за мяжу і дапамагаюць уцякаць іншым, а таксама актыўным эмігрантам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі праходзяць ля рэкламнага шчыта ў гонар расейскага вайскоўца і плаката на прыпынку грамадскага транспарту, які рэкламуе кантрактную службу ў войску. Масква, Расея. 26 лютага 2024 года.
Фота: Vera Savina / AFP / EAst News

Улады разгарнулі кампанію супраць пісьменнікаў (у прыватнасці, Барыса Акуніна) і працягваюць папаўняць стоп-лісты, забараняючы ўжо не толькі антываенна настроеных музыкаў, але і тых, што «правініліся», – напрыклад, удзельнікаў «амаль голай вечарынкі» Анастасіі Іўлеевай. Пачасціліся і рэйды сілавікоў у гей-клубы – Вярхоўны суд абвясціў экстрэмісцкім «міжнародны ЛГБТ-рух».

Адрадзіліся і савецкія практыкі карнай псіхіятрыі: актывістаў сталі накіроўваць на прымусовае лячэнне, а таксама на прымусовы агляд (напрыклад, з абгрунтаваннем: «са школьнага ўзросту актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці школы, у наступныя гады актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці рэгіёну»).

Недалёка сышла ад улады і РПЦ – антываенна настроеным святарам рэгулярна забараняюць служэнні, іх пазбаўляюць сану за адмову чытаць малітву за перамогу або за замену слова «перамога» на «мір».

Эканоміка: санкцыі пакуль незаўважныя

У Расеі працягваецца рост інфляцыі (напрыклад, паводле звестак Расейскай службы BBC, прадуктовы кошык падаражэў у сярэднім на 30 %, плюс дадалася шрынкфляцыя – тавару ва ўпакоўцы меней, але цана вышэйшая за папярэднюю), хоць Цэнтрабанк пад кіраўніцтвам Эльвіры Набіулінай падтрымлівае яе на досыць нізкім узроўні (афіцыйна – крыху большая за 7 %).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Друкаванае выданне КК РФ у кнігарні «Читай-город». Масква, Расея. 15 лютага 2024 года.
Фота: Bulkin Sergey / Russian Look / Forum

Апрача таго, нягледзячы на санкцыі, Расея атрымлівала з Еўразвязу падсанкцыйныя тэхналогіі, якія могуць быць выкарыстаныя ў вайне. За дзевяць месяцаў 2023 года іх кошт склаў € 450 млн. «Bloomberg» адзначае, што амаль чвэрць гэтых тавараў паступіла ў РФ наўпрост з еўрапейскіх краінаў. Тое ж выданне раней паведамляла, што за першыя дзевяць месяцаў 2023 года Расея імпартавала мікрасхемаў з ЗША і ЕЗ на $ 1,2 млрд – зноў насуперак усім санкцыям (на гэты момант прынята 13 пакетаў розных абмежаванняў, якія звычайна не тычацца пуцінскага асяроддзя і шкодзяць хутчэй не прадпрыемствам ВПК, а простым расейцам).

Таксама краіны Захаду працягваюць купляць у Расеі карысныя выкапні. Так, на сайце лібертарыянца Міхаіла Светава рэгулярна абнаўляюцца звесткі пра тое, колькі грошай Еўразвяз пералічвае Расеі з 24 лютага 2022 года за нафту, газ і вугаль – на момант выхаду гэтага артыкулу агульная сума блізкая да € 188 млрд.

Дзяржава рапартуе пра рэкордна нізкае беспрацоўе, але адзначае і скарачэнне працоўнай сілы. Брытанская выведка сцвярджае, што ў РФ недахоп 26 500 лекараў і 58 200 іншых медпрацаўнікоў, у 22 рэгіёнах гэты недахоп значны, яшчэ ў сямі – востры. Падобная гісторыя са школамі: паводле звестак «Важных гісторыяў», з 2022 года звольніліся 193 500 настаўнікаў, а з іншымі работнікамі адукацыі (сакратары, бібліятэкары і г.д.) гэтая лічба вырастае да 316 300 асобаў. Магчыма, гэта збольшага звязана з новымі адукацыйнымі стандартамі, якія ператвараюць урокі гісторыі ў прапаганду. З апытання «OutRush» вынікае, што колькасць тых, хто працуе з-за мяжы, у 2023 годзе скарацілася на 30 % – да 13 % апытаных.

Упершыню за 10 гадоў скарацілася выпрацоўка АЭС. Улады пачалі нацыяналізаваць прадпрыемствы – нібыта за незаконную прыватызацыю ў 1990-х. Відавочны спад у аўтамабільнай прамысловасці і жыллёвым будаўніцтве; некаторыя віды прамысловасці растуць: апрацоўчая, ВПК і грамадскае харчаванне. Адзначаецца двухразовае павелічэнне колькасці інцыдэнтаў з самалётамі.

Сайт РБК са спасылкаю на звесткі Расейскай кніжнай палаты паведамляў, што ў 2023 годзе абаранялі на 22 % менш дысертацыяў, чым раней – 8000 супраць 10 200 у 2022 годзе (у ВНУ кажуць, што ў аспірантаў няма матывацыі; магчыма, у тым ліку праз цэнзуру і шэраг абмежаванняў, а таксама пераслед навукоўцаў). Вядома таксама, што не менш за 2500 навукоўцаў уцяклі з РФ пасля пачатку вайны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Праца аддзялення банку «Сбер» новага фармату на Цвятным бульвары. Масква, Расея. 13 чэрвеня 2023 года.
Фота: Bulkin Sergey / Russian Look / Forum

Як адзначала газета «Ведомости», у 2023 годзе расейцы ўзялі рэкордную колькасць мікрапазыкаў «да зарплаты» – амаль на 35 млн рублёў – на суму да 30 000 рублёў у месяц з аднаразовым пагашэннем. Гэта на 12,25 % вышэй за паказчыкі 2022 года і амаль на 22 % – 2021-га. Дарэчы, адмыслоўцы і раней адзначалі надзвычайную закрэдытаванасць насельніцтва ў РФ, а таксама тое, што на гэтым зарабляюць набліжаныя да ўлады – напрыклад, паспяховай мікрафінансавай арганізацыяй валодае Людміла Ачарэтная (былая жонка Пуціна).

Грамадства: больш маўчання, але і відаў актыўнасці

У апытаннях на вуліцах і ў асабістых кантактах расейцы кажуць прыкладна адно і тое ж: «Мы ўсе зрабіліся бяднейшымі, улада закручвае гайкі, а яшчэ стала складаней кантактаваць з людзьмі – ніколі не ведаеш, хто на цябе данясе». Сапраўды, стала больш даносаў, але, як адзначаюць даследчыкі, іх пішуць, большай часткай, адны і тыя ж праўладныя актывісты.

Насельніцтва РФ з цікавасцю сачыла за чэрвеньскім путчам Яўгена Прыгожына, але актыўнай падтрымкі не аказала – назіраць бяспечней, дый вагнераўцы не сталі героямі ў масавай свядомасці, нягледзячы на прапаганду. Малапрыкметнымі для большасці сталі і снежаньскія пратэсты ў Башкартастане супраць пераследу мясцовых нацыяналістаў. Хутка забыліся габрэйскія пагромы ў Дагестане (звязаныя з адказам Ізраілю на жорсткі напад Палестынскіх баевікоў 7 кастрычніка).

Большасць расейцаў імкнуцца жыць як раней, не заўважаючы рэальнасці, тлумачачы гэта немагчымасцю з’ехаць за мяжу і бессэнсоўнасцю змагання ў адзіночку. Акрамя таго, няма стратэгіі барацьбы і сталі пачашчацца адключэнні ўсяго інтэрнэту ці мэсэнджараў.

Тым цікавей, што расейцы працягваюць псаваць сімвалы вайны і ўскладаць кветкі да помнікаў пасля абстрэлаў украінскіх гарадоў (напрыклад, у лютым 2023 года налічвалася 85 такіх стыхійных мемарыялаў у 62 гарадах). Актыўна ўскладаюць кветкі і пасля гібелі ў калоніі лідара апазіцыі Аляксея Навальнага – гэта адзначаецца ў амаль 200 населеных пунктах. Паліцыя дзяжурыць ля помнікаў і запісвае пашпартныя звесткі людзей, многіх затрымліваюць, а потым сілавікі ў цывільным выкідаюць кветкі, свечкі і фотаздымкі – але з’яўляюцца новыя.

Аналітыка
Юлія Навальная: «Не здавацца – галоўны ўрок 2020 года». Ці стане яна расейскай Ціханоўскай?
2024.02.19 21:21

Паводле звестак дзяржаўных сацыёлагаў з УЦДГМ, 26 % расейцаў чакалі ад 2024 года прэзідэнцкіх выбараў. На іх заявіліся два антываенныя кандыдаты – журналістка з Ржэва Кацярына Дунцова і дэпутат з падмаскоўнага Даўгапруднага Барыс Надзеждзін. ЦВК адмовіў у рэгістрацыі абодвум, прычым Дунцову не дапусцілі нават да збору подпісаў, а Надзеждзіна не зарэгістравалі пасля праверкі сабраных ім подпісаў.

Чэргі ў штабы Надзеждзіна сталі сенсацыяй, малавядомы палітык сабраў амаль 211 000 подпісаў унутры краіны і яшчэ амаль 27 000 за мяжой (пункты збору подпісаў за Пуціна пры гэтым пуставалі і былі хутка згорнутыя). Барыс Надзеждзін ішоў на выбары з лозунгам «Расея мае быць мірнай і свабоднай!», абяцаючы першымі ўказамі на пасадзе прэзідэнта вызваліць палітвязняў і спыніць баявыя дзеянні. Паводле апытанняў «Russian Field», у канцы студзеня Надзеждзін ужо выходзіў на другое месца: за Пуціна выказаліся 79,2 %, за Надзеждзіна – 10,4 %.

Іншыя нечаканыя чэргі паўсталі 24 лютага – Дунцова заклікала расейцаў прыйсці ў храмы ў гадавіну пачатку вайны і на дзевяць дзён з гібелі Навальнага. Адна з такіх чэргаў была ў храм Хрыста Збаўцы ў Маскве.

Радыкалізаваўся і пратэст жонак мабілізаваных – ён пачаўся ў лістападзе 2023 года штосуботнім ускладаннем кветак да помнікаў, і калі спачатку яны былі лаяльныя, дык да другой гадавіны вайны сталі больш актыўна выказвацца не толькі за вяртанне сваіх мужоў з фронту і завяршэнне мабілізацыі, але і супраць рэжыму.

Магчыма, расейская палітыка набывае ўсё больш жаночы твар: пры высокім запыце на новыя твары і хоць нейкую актыўнасць папулярнасць хутка набралі не толькі «плюшавы кандыдат» Надзеждзін, але і невядомая патуль Дунцова, тыя ж жонкі мабілізаваных, захоўвае сваіх прыхільнікаў палітолаг Кацярына Шульман, узыходзіць зорка новага патэнцыйнага лідара апазіцыі – Юліі Навальнай.

Апытанні насельніцтва паказваюць розныя вынікі, і не заўсёды зразумела, якім звесткам можна давяраць – у атмасферы рэпрэсіяў і страху не ўсе адказваюць так, як думаюць. Але, напрыклад, Фонд барацьбы з карупцыяй пад канец 2023 года даў аптымістычныя вынікі апытання: 65 % выступаюць за заканчэнне вайны да новага году (47 % за і 18 % хутчэй за), і толькі 18 % – супраць (14 % супраць, яшчэ 4 % хутчэй супраць).

Іншае апытанне ФБК паказвае, што за Пуціна выступаюць менш за 48 % расейцаў. Гэтыя звесткі фактычна пацвердзіў канкуруючы з камандай Навальнага экс-алігарх Міхаіл Хадаркоўскі: ён заявіў, што рэальная падтрымка Пуціна трымаецца на ўзроўні 30–40 %. Пры гэтым практычна ні ў каго не выклікае сумневаў, што ЦВК абвесціць Пуціна пераможцам выбараў з тымі лічбамі, якія называў ягоны прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў – каля 90 %.

Аднак, нягледзячы на падаўленне насельніцтва затрыманнямі за ўскладанне кветак і рэпрэсіямі, нават дзяржаўны УЦДГМ ў канцы 2023 года прызнаў: 45 % расейцаў чакаюць ад 2024 года заканчэння вайны (на другім месцы сярод чаканняў былі выбары, а на трэцім – рост эканомікі).

А што ў эміграцыі?

Другі год вайны тыя, што з’ехалі з Расеі (частка з іх, не жадаючы звацца эмігрантамі, называюць сябе рэлакантамі) правялі ў падаўленым стане.

Узрасла колькасць непрыемных або небяспечных інцыдэнтаў і скарацілася колькасць бяспечных для расейцаў краінаў. Найбольш вядомым стаў арышт гурта «Бі-2» у Тайландзе і спроба іх дэпартацыі ў РФ на патрабаванне амбасадара, але высокія рызыкі знаходжання антыпуцінскі настроеных грамадзянаў РФ таксама ў Арменіі, Казахстане, Турцыі, Інданезіі, Камбоджы, Кыргызстане, Азербайджане, Іране. Верагоднасць праблемаў застаецца таксама ў Сербіі, Албаніі, Босніі і Герцагавіне, Грузіі, на Кіпры, у краінах Лацінскай Амерыкі, Малдове, Румыніі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, Ізраілі, Індыі, Кеніі, ПАР.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Тбілісі прайшла акцыя ў гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, на якой сабраліся амаль 400 асобаў. У асноўным гэта былі грамадзяне Расеі. Арганізатарам мерапрыемства стаў фонд «Free Russia Foundation in Georgia». Тбілісі, Грузія. 24 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Бяспечнымі для расейцаў краінамі лічацца толькі Аўстралія, Вялікабрытанія, Канада, Нарвегія, ЗША, Швейцарыя, Паўднёвая Карэя, Японія, краіны Еўразвязу. Але трапіць у іх не так лёгка.

Пры гэтым у мінімум дзевяці краінах улады ў той ці іншай форме перашкаджалі праводзіць акцыі памяці Аляксея Навальнага: гэта Тайланд, В’етнам, Куба, Узбекістан, Грэцыя, Турцыя, Беларусь, Італія і Нямеччына.

Паводле вынікаў апытання «OutRush», страх рэпрэсіяў сярод эмігрантаў вырас на 19 % – да 78 %, узровень даверу да ўладаў краінаў знаходжання знізіўся на 13 % – да 53 %, баяцца ганенняў з боку ўладаў краінаў знаходжання 16 % апытаных, стала больш выпадкаў дыскрымінацыі расейцаў за мяжой: у 2022 годзе пра гэта заявілі 11 %, а ў 2023-м – ужо 19 %.

На гэтым фоне стала менш актывізму: праз інтэграцыю ў новае грамадства, рэзкае падзенне даходаў, эмацыйную стомленасць і страх за блізкіх у РФ скарацілася з 84 % да 38 % колькасць падпісантаў петыцыі і тых, хто посціць інфармацыю пра рэпрэсіі і вайну ў сацсетках. Пры гэтым мясцовым НДА ахвяруюць 9 % апытаных, а колькасць валанцёраў, якія дапамагаюць украінцам, вырасла на 4% (да 38% рэспандэнтаў).

Апытанне сведчыць, што цікавасць да палітыкі ў Расеі захавалі 90 % тых, што з’ехалі, за мясцовай палітыкай сочаць 66 %. Маюць зносіны са сваякамі і сябрамі ў РФ 89 %. Больш за палову ўцекачоў з краіны (53 %) пачуваюцца часткай тых расейцаў, якія з’ехалі, 21 % – Расеі будучыні, 18 % – краіны знаходжання, 14 % – Расеі.

Іван Аляксееў / ЮК  belsat.eu