Яны дабілі Навальнага?

Палітвязень, лідар расейскай апазіцыі Аляксей Навальны памёр у калоніі на Ямале. Пра гэта паведаміла Федэральная служба выканання пакаранняў (ФСВП). Пакуль незразумела, гэта арганізаваная дэзінфармацыя (да болю хутка навіну падхапілі прапагандысты) ці прызнанне ў забойстве. Забойстве, якое доўжылася амаль чатыры гады.

Лідар расейскай апазіцыі Аляксей Навальны прысутнічае праз відэасувязь у Вярхоўным судзе Расеі ў Маскве з калоніі ў Мелехаве Уладзімірскай вобласці. Масква, Расея. 22 чэрвеня 2023 году.
Фота: Alexander Zemlianichenko / AP Photo / East News

Феномен Навальнага

У біяграфіі забітага ля Крамля апазіцыянера Барыса Нямцова (і Расеі ад канца перабудовы да 2015 году) журналіст Міхаіл Фішман назваў Аляксея Навальнага «чуваком з Мар’іна, які перапрыдумаў палітыку». Іншы журналіст, што пісаў кнігу пра расейскую палітыку, Міхаіл Зыгар, практычна назваў Навальнага «іншапланетнікам».

Юрыст па адукацыі, Навальны быў у палітыцы з пачатку 2000-х. Кар’еру ён пачаў у партыі «Яблоко», потым спрабаваў перацягнуць нацыяналістаў у апазіцыю рэжыму Уладзіміра Пуціна – за гэтыя сувязі з нацыяналістамі яго спачатку выключылі з партыі (як і іншых самастойных палітыкаў), а потым гадамі паласкалі ў СМІ і сацсетках. Пацярпеўшы на гэтай ніве паразу, Навальны заняўся барацьбой з карупцыяй. Спярша гэта быў Камітэт абароны масквічоў (ад забудоўшчыкаў), пасля блог у ЖЖ і купля акцый для барацьбы за правы мінарытарыяў, а ў рэшце і Фонд барацьбы з карупцыяй.

З восені 2011 году Навальны стаў найбольш вядомым апазіцыянерам. Гэта быў нехта новы, энергічны і нязвыклы. Ён прыдумаў знакамітую мянушку для «Единой России» – «партия жуликов и воров» (ПЖИВ), заклікаў на думскіх выбарах (пасля заявы пра вяртанне Пуціна ў Крэмль) галасаваць за любую партыю акрамя «ПЖИВ» (гэткая стратэгія была паспяховай і стала асновай для будучага «Умного голосования»), а потым актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх шматтысячных мітынгах на праспекце Сахарава і Балотнай плошчы.

Амаль усе масавыя пратэсты ў Расеі з 2011 году былі звязаныя з Навальным. Яму ўдалося прыцягнуць да апазіцыйнай дзейнасці не толькі моладзь, але і старэйшыя пакаленні, якія традыцыйна запісваюць у электарат Пуціна ці яго статыстаў.

Навальнага рэгулярна затрымлівалі, ён з вялікім адрывам заняў першае месца пры галасаванні ў Каардынацыйную раду апазіцыі (была ў 2012–2013 гадах такая структура), ледзь не выйшаў у другі тур выбараў мэра Масквы ў 2013 годзе з 27% галасоў (па версіі ягонай каманды, перамогу Сяргею Сабяніну запэўнілі ўкіданнем бюлетэняў), правёў бліскучую прэзідэнцкую кампанію ў 2017 годзе (ЦВК чакана не дапусціла яго на выбары).

З 2011 па 2019 год Навальны правёў пад арыштам 474 дні. Амаль увесь 2014 год ён быў пад хатнім арыштам, але неаднаразова выказваўся супраць анексіі Крыма і вайны на ўсходзе Украіны.

«Навічок»

Жнівень 2020 году расейцам запомніўся не толькі пратэстамі ў Беларусі (і акцыямі салідарнасці ў Маскве), але і атручваннем Навальнага.

Лідар расейскай апазіцыі Аляксей Навальны, які быў атручаны нервова-паралітычным рэчывам, пасля выпіскі з лякарні. Берлін, Германія. 23 верасня 2020 году.
Фота: Handout / navalny  / Instagram / AFP / East News

Шараговая паездка ў Сібір скончылася комай: у самалёце апазіцыянеру стала дрэнна, яго выратаваў экіпаж, які экстранна пасадзіў борт у Омску, і медыкі хуткай дапамогі, якія правільна ўвялі атрапін. Потым было некалькі дзён непакою – у палату не пускалі жонку Аляксея, омскія лекары адмаўляліся адпускаць Навальнага на лячэнне за мяжу (аплачаны Барысам Зіміным самалёт праваабарончага фонду з Нямеччыны чакаў у аэрапорце), а прапагандысты казалі пра абмен рэчываў і «рафаэлку».

Пасля працяглага змагання ўдалося дамагчыся транспарціроўкі Навальнага ў Берлін. І там, у клініцы Charite, пацвердзілася атручэнне баявым рэчывам групы «Навічок». Пасля выхаду з комы было некалькі месяцаў рэабілітацыі. У снежні Навальны ўжо ўдзельнічаў у расследаванні замаху на сябе – тэлефанаваў аднаму з хімікаў ФСБ, які прызнаўся, што атруту нанеслі на «гульфікавую зону» майткоў Навальнага ў омскім гатэлі.

Гэта быў не першы замах на палітыка. Падчас прэзідэнцкай кампаніі Навальны ледзь не страціў вока – актывісты праўладнай групоўкі SERB плюснулі яму ў твар сумесь зялёнкі з пякучым рэчывам. Зрок палітыку выратавалі ў Гішпаніі. 28 ліпеня 2019 году Навальнага, які адбываў чарговы 30-дзённы арышт, шпіталізавалі з ІЧУ з дзіўнай вострай алергіяй. Улетку 2020 года спецслужбы спрабавалі атруціць Навальнага «навічком», але атрута дасталася ягонай жонцы Юліі, і тым разам абышлося без сур’ёзных праблемаў.

17 студзеня 2021 году Навальныя паляцелі з Берліна ў Маскву рэйсам «Победы». У аэрапорце «Внуково» іх сустракалі некалькі тысяч чалавек, не абышлося без затрыманняў – а потым самалёт проста перанакіравалі ў іншы аэрапорт, дзе Аляксея Навальнага і арыштавалі проста на пашпартным кантролі.

Разбор
Не толькі Навальны? Хто ў Расеі ў апазіцыі да Пуціна
2023.02.14 07:01

Вайна і ШІЗА

У лютым 2021 года Навальнага пасадзілі «за парушэнне выпрабавальнага тэрміну». Пасля рэгулярна заводзілі новыя крымінальныя справы супраць яго, каб трымаць лідара апазіцыі ў лагерах яшчэ больш за 30 гадоў. Так, у жніўні 2023 году суд прыгаварыў Навальнага да 19 гадоў калоніі за «арганізацыю экстрэмісцкай супольнасці» – так пуцінскі рэжым называе Фонд барацьбы з карупцыяй.

Вясна 2021 году зноў была надта пратэстнай, і кожная масавая акцыя супраць пераследу Навальнага жорстка душылася сілавікамі.

Суды, перад калоніяй і ўжо падчас зняволення, Навальны вельмі любіў – гэта была магчымасць выступіць з заявамі, пагутарыць з адвакатамі, патроліць суддзяў і сілавікоў. Ва ўласцівай яму іранічнай манеры Навальны не саромеўся і правакаваў апанентаў, называючы рэчы сваімі імёнамі. З першага дня вайны супраць Украіны ён называў яе злачыннай.

У калоніі Навальнага стараліся ізаляваць ад астатніх зняволеных, арганізаваўшы прымусовы байкот, па начах будзілі кожную гадзіну, не лячылі, а лекараў дапусцілі толькі пасля галадоўкі. Навальнага рэгулярна кідалі ў штрафны ізалятар – у ШІЗА Навальны правёў больш за 300 дзён, і ў апошні, 27-ы раз, яго адправілі туды 14 лютага. У ягоную камеру змяшчалі хворых, у суседняй трымалі псіхічна хворага, які рэгулярна крычаў, а па радыё круцілі прамовы Пуціна.

Са снежня 2023 году Навальнага трымалі ў калоніі асаблівага рэжыму «Палярны воўк» на Ямале, практычна без магчымасці рэгулярна мець зносіны з адвакатамі – спачатку ім усяляк у гэтым перашкаджалі, а потым, у рэжыме спецаперацыі, перавезлі Навальнага на поўнач, куды цяжка дабрацца.

Абнаўляецца
«Відавочна, ён забіты Пуціным». Сусветныя лідары каментуюць смерць Навальнага
2024.02.16 15:46

Крым і прэзідэнцтва

Адной з галоўных прэтэнзій да Навальнага былі ягоныя словы пра Крым. Слатувае інтэрв’ю Аляксею Венедыктаву (галоўны рэдактар радыё «Эхо Москвы» і сябар прэс-сакратара Пуціна) пра Крым Навальны даваў у 2014 годзе, будучы пад хатнім арыштам і без доступу да Інтэрнэту. Ён тады сказаў: «Крым – тых людзей, якія жывуць у Крыме. Я лічу, што, нягледзячы на тое, што Крым быў захоплены з абуральным парушэннем усіх міжнародных нормаў, тым не менш рэаліі такія, што Крым цяпер з’яўляецца часткай РФ. І давайце не будзем падманваць сябе. І ўкраінцам я моцна раю таксама не падманваць сябе. Ён застанецца часткай Расеі і больш ніколі ў агляднай будучыні не стане часткай Украіны».

Прапагандысты вырвалі з гэтага інтэрв’ю фразу «Крым – бутэрброд з каўбасой, ці што, каб яго туды-сюды вяртаць?» і актыўна выкарыстоўваюць яе для дыскрэдытацыі Навальнага ў вачах украінцаў і Захаду. І ў тым інтэрв’ю, і пазней Навальны казаў, што праблема Крыму, як і любога тэрытарыяльнага канфлікту, не мае лёгкага рашэння, і прапаноўваў правесці свабодны паўнавартасны рэферэндум.

Навальны, які прэтэндаваў раней на пасаду кіраўніка дзяржавы, у верасні 2022 году ўжо выступаў за іншы тып кіравання: «вобраз будучыні для Расеі — гэта не «моцная ўлада» і «цвёрдая рука», а згода, дамова і ўлік інтарэсаў усяго грамадства. Расеі патрэбная парламенцкая рэспубліка, і толькі яна спыніць бясконцы цыкл самаадраджальнага імперскага аўтарытарызму».

Безнадеждин перамог?

Смелы іранічны МАСКВІЧ, які жыве ў не самым добрым раёне Мар’іна ў звычайнай панэльцы, жанаты першым шлюбам і не хавае сваёй сям’і – Навальны быў (і застаецца) антыподам Пуціна.

Супрацоўнікі паліцыі затрымліваюць дэманстранта з плакатам «Свабоду Аляксею Навальнаму» на Пушкінскай плошчы ў Маскве, Расея. 4 чэрвеня 2023 году.
Фота: AP Photo / East News

Аляксей Навальны быў адзіным расейскім апазіцыянерам, якога ўлады баяліся да такой ступені, што наклалі табу на ягонае імя і ўсяляк пераследавалі. І адзіным апазіцыянерам, які мог аб’яднаць вакол сябе людзей. Лідарам апазіцыі – таму яго і баяліся.

Навальны лічыў, што, як расейскі палітык, ён павінен заставацца ў Расеі, чаго б гэта яму ні каштавала. Ці хацеў ён быць расейскім Мандэлам ці пралічыўся, вярнуўшыся ў Маскву – невядома, але ён ніколі не кіраваўся павесткай Крамля, а заўсёды навязваў сваю – выкрыццямі, выступамі, мемамі, вяртаннем, судамі, нават комай і паведамленнямі пра смерць.

Калі Пуцін і Ко думаюць, што цяпер ім нічога не пагражае, яны глыбока памыляюцца. Па-першае, у турмах застаюцца Ілля Яшын, Уладзімір Кара-Мурза і іншыя. Па-другое, нават калі ім сапраўды ўдалося дабіць Навальнага, а не проста ўкінуць чарговы фэйк (напрыклад, для адцягнення ўвагі або ўкаранення засмучэння), гэта не прынясе ім спакою. Нават калі ў затэрарызаваным грамадстве не будзе магутных пратэстаў, нават калі сілавікі затрымаюць усіх, што нясуць кветкі да помнікаў ахвярам рэпрэсій, нават калі Пуціну ў сакавіку прыпішуць 90% галасоў.

Смерць Навальнага напярэдадні прэзідэнцкіх бязвыбараў, пасля велізарных чэргаў на подпіс за антываеннага кандыдата і спешнай зачысткі бюлетэня, чарговы раз даводзіць слабасць рэжыму і страхі Крамля. Усе ведаюць, хто вінаваты – як і ў забойстве Нямцова. І гэта не зробіць Пуціна пераможцам, што б там ні казалі лізаблюды.

Калі ж раптам выявіцца, што Аляксей Навальны жывы, ягоная неўміручасць стане магутнай зброяй супраць рэжыму. Тым больш цяпер, калі ўвесь свет прызнаў Навальнага галоўным ворагам Пуціна і ацаніў ягоны ўнёсак у барацьбу з тыраніяй.

belsat.eu / ЮК

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў