У футбольным Наваполацку – перабудова


Памянялі ўласніка клубу і большую палову гульцоў, з эмблемы прыбралі крамольны жоўты колер і паклікалі праваслаўнага святара. Даведаліся, як жыве наваполацкі «Нафтан».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. ФК «Нафтан».
Фота: fcnaftan / Instagram

У Наваполацку футбалістаў будуць стрымліваць ад граху

Адным з першых крокаў новага кіраўніцтва «Нафтану» сталася замена эмблемы: з яе прыбралі жоўты колер, пакінулі толькі сіні. Раней колеры клубу былі чорна-жоўтыя. Можна меркаваць, што цяпер з жоўта-сіняга жоўты прыбралі, каб не было ніякай сувязі са сцягам Украіны. Але ад колераў сцяга Украіны цалкам пазбавіцца не ўдалося: клуб падпісаў кантракт з украінцам Раманам Папарыгам, ён прыехаў у Беларусь у 2021 годзе і пасля пачатку вайны, у адрозненне ад бальшыні ўкраінцаў, працягнуў тут выступаць.

У адзін з таварыскіх матчаў супраць магілёўскага «Дняпра» наваполацкі «Нафтан» цалкам засакрэціў свой склад. Крыніца: ФК «Нафтан»

«Нафтан» рыхтаваўся да сезону ў родным горадзе і ў Віцебску, але з’ездзіў на турнір у Берасце, дзе прагуляў усе тры матчы з агульным лікам 1:14, а мясцоваму «Дынама» саступіў і зусім з ганебным лікам 0:8.

Ратаванне ў Наваполацку шукаюць у іншым, шчыра спадзеючыся на дапамогу Праваслаўнай царквы. Асвяціў футбольную базу «Нафтану» ў Міжрэччы іерэй Георгій: інтэрнат футбалістаў, спартовыя залы, адміністрацыйную частку будынку, аўтобусы. Перад трэнаваннем айцец Георгій падтрымаў каманду: «Цяпер у вас пасяліўся анёл-ахоўнік, які будзе стрымліваць вас ад граху».

Былому кіраўніку клубу забаранілі выводзіць «Нафтан» у найвышэйшую лігу

У мінулым сезоне клуб з Наваполацку выйшаў у найвышэйшую лігу і цудам захаваў у ёй месца, два заключныя матчы сезону «Нафтан» прагуляў з агульным лікам 1:13 і ў выніку заняў 12-е месца. У 2024 годзе ў Наваполацку пастанавілі змяніць сітуацыю. У выніку ў горадзе стварылі фактычна два клубы – ФК «Нафтан» і дзяржаўную спартовую ўстанову ФК «Нафтан» (Наваполацк). Пад ціскам уладаў у канцы 2023-га ўсе правы ранейшага клубу перайшлі новаму гаспадару. Паводле нашых суразмоўцаў, пасля трапляння заводу «Нафтан» пад санкцыі ў яго знікла і без таго невялікае жаданне фінансаваць футбольны клуб. І тады было пастаноўлена перадаць яго ў падпарадкаванне Наваполацку. Нашыя крыніцы сцвярджаюць, што такі стан рэчаў не нясе нічога добрага.

«У Наваполацку 70 % усіх рэсурсаў звязаныя з заводам і структурамі «Нафтану», іншых буйных патэнцыйных інвестараў для футбольнага клубу ў горадзе няма. Магчыма, яны плануюць выкарыстоўваць на патрэбы клубу грошы гарадскога бюджэту, але ў любым выпадку ФК «Нафтану» будзе няпроста, і я не здзіўлюся, калі ў сярэдзіне сезону ў клубу ўзнікнуць фінансавыя праблемы», – зазначае ў размове з «Белсатам» адзін з футбольных функцыянераў.

Крыніца: ФК «Нафтан»

Планавалася, што кіраваць новым клубам будзе экс-сілавік, але нечакана старшынём ФК «Нафтан» (Наваполацк) стаўся Аляксей Ванько, былы кіраўнік фізкультурна-аздараўленчага клубу «Прыдзвінне».

Вось як сітуацыю каментуе былы кіраўнік клубу Дзмітрый Бандарчук у інтэрвʼю football.by: «Выканкам доўга шукаў кіраўніка новага клубу. Пошукі звычайна ідуць сярод працаўнікоў МНС і міліцыі ў адстаўцы. Большасць адмовілася. Знайшлі 35-гадовага хлопца ў суседнім Полацку. Аляксей Ванько быў у горадзе дырэктарам фізкультурна-спартовага комплексу. Чалавек, які абсалютна не мае дачынення да футболу. Не ведаю, ці глядзеў яго хаця б у тэлевізары.

Гэта своеасаблівы захоп. Рэарганізацыя, пра якую вы кажаце, – гэта калі клуб прыходзіць да разумення сітуацыі і робіць гэта пад уплывам і пры наяўнасці станоўчых абставінаў, прычым па ўласнай ініцыятыве. Напрыклад, як гэта адбылося некалькі гадоў таму ў Берасці. Клуб быў грамадскім абʼяднаннем. А з прыходам Аляксандра Зайцава заснаваў супольна з ягонаю «Сохрай» і Берасцейскім аблвыканкамам новую юрыдычную асобу. І стаў ТАА – таварыствам з абмежаванай адказнасцю. Гэта значыць, з усіх бакоў было разуменне, што гэта прывядзе да паляпшэння сітуацыі – фінансавай, спартовай і гэтак далей. Таму ў Берасці і змянілі арганізацыйна-прававую форму ўласнасці клубу. У нас жа здарылася зусім іншае. Улетку 2022-га, калі мы гулялі яшчэ ў першай лізе, генеральны дырэктар заводу «Нафтан» – а ім тады быў Андрэй Сойка – спытаў, як справы. Каманда ішла ў групе лідараў і змагалася за вяртанне ў найвышэйшую лігу. Я і адказаў: «Змагаемся, працуем». На што пачуў: «А навошта вы дужаецеся? Не трэба нікуды выходзіць». Здзівіўся: «У сэнсе?» А мне: «У прамым. Выхад у найвышэйшую лігу пацягне павелічэнне бюджэту. Таму не трэба. Я вам забараняю».

Бандарчук не выканаў указання Сойкі, які ў выніку пайшоў на павышэнне, і вывеў клуб у найвышэйшую лігу. Але чарговы сезон «Нафтан» пачынае ў найвышэйшай лізе, з новым кіраўніцтвам і высокаю перспектываю вярнуцца ў першую лігу. На сёння клуб – адзін з галоўных кандыдатаў на вылет.

Клуб у Наваполацку ўжо быў на мяжы знікнення, але яго ўратавала Качанава

У пачатку 2010 гадоў у Наваполацку былі мядовыя гады, клуб сабраў топавых, як на беларускія меркі, гульцоў і двойчы выгуляў Кубак Беларусі, гуляў у еўракубках, але крыху не разлічыў фінансавых магчымасцяў, у выніку былыя гульцы падалі на клуб у суд і выйгралі справу. Даўгі давялося вяртаць некалькі гадоў, а ў 2017-м на клубе адбілася прыпыненне пастаўкі на «Нафтан» нафты. Клуб аказаўся на мяжы знікнення, але яго на просьбу футбольнай грамадскасці ўратавала нарадзінка Полацку Наталля Качанава: яна пастанавіла захаваць у Наваполацку футбольны клуб. Заданне было выкананае. Праўда, клуб перабіваўся з хлеба на квас і выступаў у першай лізе, куды можа вярнуцца ў хуткай будучыні. 

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў