Дзень «хапуна» ў ГУБАЗіК і папаўненне «экстрэмісцкіх» спісаў


«Белсат» працягвае сачыць за рэпрэсіямі, якія не сціхаюць у Беларусі. Прыводзім хроніку за 19 лютага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

19 лютага сілавікі з ГУБАЗіКу затрымалі некалькі чалавек. Берасцеец Андрэй Салапура на пакаяльным відэа кажа, што ягонае затрыманне звязанае з удзелам у «несанкцыянаваных мітынгах». За гэта ж ГУБАЗіКаўцы затрымалі менскага лекара Уладзіслава Абушэнку.

Сярод затрыманых ГУБАЗіКаўцамі сёння і супрацоўнікі прапагандысцкага «Альфа Радыё» Наталля Жукоўская і Дзмітрый Кулікоўскі. Жанчына кажа, што ў яе знайшлі відэа з пратэстаў і што падчас выбараў яна галасавала за Святлану Ціханоўскую, а свой бюлетэнь адсылала ў чат-бот «Голасу». Кулікоўскі «сазнаваўся» ў падпісках на «дэструктыўныя» каналы.

13 лютага беларускі КДБ папоўніў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», унёсшы ў яго тэлеграм-каналы і чаты з назвай «Юго-Запад г. Минска».

Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніўся тэлеграм-каналамі і чатамі «Брест для жизни», «Сюжетотерапия», старонкай у «Аднакласніках» «Грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь», сайтамі luninies.bу, baranovichy.bу, stolin.bу, а таксама TikTok-старонкамі «Владимир Соболь570», «Алексей Дышлёнок», «Вектор: Беларусь – Украина», «Беларусь якая ёсць», «Виталик Матусевич».

Суд Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласці 30 лістапада 2023 года асудзіў жыхара пасёлка Новы Свержань Дзяніса Носава паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзідэнта). Мужчыну прызначылі два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»).

27 снежня суд Савецкага раёну Менску вынес прысуды Раману Кур’яновічу і Максіму Бушчыку паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у пратэстах 2020 года. Паводле матэрыялаў абвінавачання, мужчыны выкрыквалі лозунгі, заміналі мінакам і выходзілі на праезную частку вуліц, чым «нанеслі ўрон працы грамадскага транспарту». Кур’яновічу прызначылі тры гады «хіміі», Бушчыку – два з паловай.

19 лютага праваабаронцы прызналі музыкаў «Nizkiz» Дзмітрыя Халяўкіна, Сяргея Кульшу і Аляксандра Ільіна палітвязнямі. Акрамя іх, палітычнымі зняволенымі прызнаныя яшчэ тры чалавекі: Ульяна Яковіч, Аксана Ючкавіч і Арцём Закржэўскі.

Праваабаронцы нагадваюць, што ад палітвязня Андрэя Чапюка з сярэдзіны снежня да сваякоў не даходзяць лісты. У верасні 2022 года палітзняволенага валанцёра «Вясны» асудзілі на 6 гадоў калоніі, абвінаваціўшы яго паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»), ч. 2 арт. 285 («Удзел у злачыннай арганізацыі»), ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), арт. 341 («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» – за графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе) Крымінальнага кодэксу. Пазней Вярхоўны Суд скараціў яму тэрмін на тры месяцы — да 5 гадоў і 9 месяцаў зняволення. У мінулым сакавіку Андрэя этапавалі ў івацэвіцкую калонію.

14 лютага суд Маскоўскага раёна Берасця асудзіў палітвязня Канстанціна Саламіюка на два гады калоніі за каментары пра Лукашэнку. Суд праходзіў у будынку берасцейскага СІЗА. Канстанцін апошнім часам жыў у Польшчы і быў затрыманы пасля прыезду ў Беларусь, яго асудзілі за некалькі негатыўных інтэрнэт-каментароў на адрас Лукашэнкі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў