Намеснік начальніка факультэту Генштабу: Беларусь здольная мабілізаваць 2 мільёны чалавек


Намеснік начальніка факультэту Генеральнага штабу Узброеных сілаў Вайсковай акадэміі палкоўнік Андрэй Багадзель у інтэрв’ю СТВ распавёў, што Беларусь мае вялізарны мабілізацыйны патэнцыял.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі 16 лютага паведаміў, што колькасць беларускай арміі на сёння складае 75 тысячаў чалавек, але пры неабходнасці ва ўмовах вайны можа дасягнуць паўмільёна. Раней міністр абароны Віктар Хрэнін тлумачыў, што 500 тысячаў – мабілізацыйны рэсурс ягонага ведамства.

Але палкоўнік Багадзель заявіў СТВ, што паўмільёна – гэта толькі Узброеныя сілы, а агулам «пад ружжо» можна паставіць у 3–4 разы больш:

«Насамрэч вайсковыя арганізацыі дзяржавы не абмяжоўваюцца толькі Узброенымі сіламі. Органы памежнай службы, унутраныя войскі, Следчы камітэт, органы дзяржаўнай бяспекі. Калі мы гаворым пра гэта, то 1,5–2 мільёны – гэта рэальныя магчымасці».

Адкуль палкоўнік Багадзель узяў такія шалёныя лічбы, не ясна. Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі ў 2022 годзе жылі 9,225 мільёна чалавек.

Акрамя таго, Багадзель паведаміў, што батальённа-тактычныя групы беларускай арміі ўжо перакінутыя да дзяржаўнай мяжы: «Нашая мяжа закрытая на асноўных такіх пагрозлівых напрамках».

Паводле палкоўніка, беларускае войска гатовае адбіваць удары праціўніка і валодае высокім баявым духам. У якасці доказу Багадзель спаслаўся на ўдзел беларускіх вайскоўцаў у здушэнні мірных пратэстаў 2020 года:

«Які маральны дух, напрыклад, быў у нашых салдатаў, сяржантаў, афіцэраў, якія дзеялі ў 2020 годзе, якія разумелі, што вялізная частка тых людзей, якія выходзілі на гэтыя пратэсты, – гэта былі аблудныя авечкі. Што, па вялікім рахунку, яны жылі не сваймі мазгамі, а жылі Telegram-каналамі. І мы практычна правялі гэта ўсё бяскроўна. Разумееце? І кожны разумеў, кожны, паверце, салдат і курсант, што на ягоных плячах стаіць краіна».

Аналітыка
Ці ўступіць Беларусь у вайну? Пяць аргументаў на карысць і супраць найгоршага сцэнара
2023.01.06 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў