6 гадоў за данаты і аблавы на цэнтры, дзе вучаць польскай мове. Рэпрэсіі 18 кастрычніка


Праграміста пасадзілі на 6 гадоў за $550 беларускім добраахвотнікам ва Украіне, а жыхару Рагачова далі штраф за срэбна-чырвоныя святлоадбівальнікі на ровары. Пра гэта – у чарговым аглядзе рэпрэсіяў у Беларусі.

Турма №4 у Магілёве, Беларусь.
Фота: Саша Мінько / mspring.media

Суддзя Берасцейскага абласнога суда Вера Філонік прызначыла 6 гадоў калоніі праграмісту Леаніду Райчонку. Яго прызналі вінаватым нібыта ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці. Паводле версіі следства, мужчына перавёў $550 беларускім добраахвотнікам, якія ваююць ва Украіне. 36-гадовага Райчонка затрымалі ўлетку на беларуска-польскай мяжы.

Кіроўцу з Кобрына Сяргею Шымко далі год калоніі за каментар пра Лукашэнку ў Telegram-чаце. Вырак агучыла суддзя раённага суда Таццяна Каберская. Мужчыну прызналі вінаватым у «абразе Лукашэнкі».

На Гомельшчыне нехта зняў з флагштока чырвона-зялёны сцяг і павесіў украінскі. Сілавікі сцвярджаюць, што знайшлі падазраванага – 41-гадовага мужчыну. Ён нібыта выкінуў чырвона-зялёны сцяг у смеццевы кантэйнер. Светлагорскія следчыя палічылі гэта «глумленнем з дзяржаўных сімвалаў» і завялі крымінальную справу.

Бацьку палітзняволенага хлопца Мікіты Залатарова арыштавалі пяты раз запар. Міхаіл Лапуноў за кратамі ўжо 71 дзень. Мужчына мусіў выйсці на волю 9 кастрычніка, але яго зноў асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Рашэнне агучыла суддзя Алеся Осіпава. Залатароў – адзін з самых маладых асобаў, каго схапілі пасля пратэстаў 2020 года. На момант затрымання яму было 16 гадоў.

Міхаіл Лапуноў. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

ГУБАЗіК затрымаў двух мужчын, якія нібыта раздавалі жанчынам кветкі на пратэстах у 2020 годзе. Супраць іх завялі крымінальныя справы, паводле якога артыкула, не ўдакладняецца.

З лепельскай дзіцяча-юнацкай спартовай школы «Волат» звольнілі сваякоў беларускага самбіста, чэмпіёна свету Сцяпана Папова. Нагодаю сталася тое, што яны 10 дзён не выходзілі на працу, калі сядзелі пад арыштам. Бацькоў і брата спартоўца пакаралі за падпіску ў Facebook на старонкі, прызнаныя «экстрэмісцкімі». Фармальна гэта палічылі «распаўсюдам экстрэмісцкай інфармацыі».

Самбіст Сцяпан Папоў.
Фота: Віталь Піваварчык / sb.by

26 кастрычніка ў Шклове пачнецца суд над палітвязнем Дзянісам Хахловым, якога затрымалі ў Расеі і экстрадавалі ў Беларусь. Мужчыну абвінавачваюць ва «удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Працэс будзе весці суддзя Аляксандр Тараканаў.

Жыхара Рагачова аштрафавалі на 555 рублёў за срэбна-чырвоныя святлоадбівальнікі на ровары. Пётр Русак павесіў іх яшчэ некалькі гадоў таму. Міліцыянты, а потым і суддзя Вольга Пакроўская пабачылі на святлоадбівальніках бел-чырвона-белае спалучэнне колераў і палічылі гэта несанкцыянаваным пікетаваннем.

Двух жыхароў Докшыцкага раёну арыштавалі за фота з бел-чырвона-белым сцягам у сацсетцы «Одноклассники». Дзмітрый Слаўк атрымаў 12 содняў, Міхаіл Надыкта – 14. Суддзя Вячаслаў Елісеенка палічыў, што фотаздымкі ў інтэрнэце былі пікетаваннем з мэтаю выказвання грамадска-палітычных інтарэсаў, праведзеным без дазволу райвыканкаму.

Такім жа пікетам суддзя ў Верхнядзвінску Таццяна Кукліна палічыла фота з Пагоняю у акаўнце мясцовага жыхара ў мабільнай праграме Tinder. Яна аштрафавала мужчыну на 3330 рублёў, а футболку з нацыянальнай выяваю пастанавіла знішчыць.

Удзельніца маршу на трэцюю гадавіну выбараў 2020-га
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У Менску чыноўнікі Мінадукацыі ўчынілі аблавы на цэнтры, дзе ладзяць курсы польскай мовы. «Еўрарадыё» паведамляе, што прэтэнзіі ўзніклі да тых, хто ў сваёй рэкламе абяцае дапамогу ў паступленні ў польскія ВНУ. Падставаю для правяранняў сталася тое, што, паводле закона, навучанне за мяжою можна рэкламаваць толькі пасля ўзгаднення з Мінадукацыі і МУС.

Міністэрства інфармацыі ў чарговы раз пашырыла «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» пасля шэрагу адпаведных судовых пастановаў. У пералік трапілі:

  • Youtube-каналы «БЕЛСАТ LIFE» і «Стоп таракан»;
  • інтэрнэт-старонка «Нашы грошы»;
  • Telegram-каналы «Hrodna.life», «Беларусы(скi) Нюрнберга», «Свае Людзi»;
  • Telegram-чат «Чат Бородача» і група ў Telegram «Чат 97% ДКЖ»;
  • TikTok-акаўнт «Вольга Беларусочка; love2020.20»;
  • група ў сацсетцы «ВКонтакте» «Беларусь черный список»;
  • акаўнт «stopluka» у Instagram.
Hавiны
Папаўненне спісу палітычных зняволеных і «хапун» на «Нафтане»
2023.10.18 00:09

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў