Папаўненне спісу палітычных зняволеных і «хапун» на «Нафтане»


«Белсат» працягвае апісваць выпадкі палітычнага ўціску на беларусаў з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.  

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

16 кастрычніка ў Лепелі адбыўся разгляд справы Іллі Шэндалесава, якога судзілі паводле ч. 2  артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). У 2018 годзе Шэндалесаў атрымаў званне «Чалавек года Віцебшчыны», калі быў галоўным доктарам Лепельскай ЦРБ. Вынік судовага працэсу невядомы.

У Нароўлі была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні жыхаркі Гомеля М. за тое, што ў красавіку 2022 года яна падпісалася на адзін з экстрэмісцкіх акаўнтаў у «Instagram» і пакінула каментар пад адным з пастоў «з мэтай распальвання сацыяльнай варожасці або варажнечы ў дачыненні да расейскіх вайскоўцаў». Жанчыну абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці паводле ч. 1 арт. 130 КК. Неўзабаве мае адбыцца суд.

Паводле інфармацыі @naftanFREE, на тэрыторыі ААТ «Нафтан» адбываецца «хапун»: працоўных затрымліваюць прама на прахадной прадпрыемства.

17 кастрычніка Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзеў апеляцыйныя скаргі журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч. Судовая калегія пакінула прысуд у сіле, а скаргі — без задавальнення, піша @nebovkletku. Палітвязняў хутка перавядуць у калоніі. Іх абвінавацілі па ч. 2 арт. 361-4 КК за «іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове» і асудзілі да 6 гадоў калоніі.

У Пінску за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы затрымалі маладога чалавека, які хацеў уладкавацца ў вайсковую частку 1235 (Пінскі памежны атрад). Праверку маладзён не прайшоў, як сцвярджаюць сілавікі, ён нібыта дасылаў інфармацыю гэтым каналам. Хлопцу пагражаюць адказнасцю па арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

У Брэсцкім абласным судзе ідзе працэс над Леанідам Райчонкам паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса («Вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка альбо выкарыстанне грамадзян Рэспублікі Беларусь для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці»). Мужчыну пагражае ад 5 да 10 гадоў за датычнасць да «ваенных дзеянняў у іншай дзяржаве».

17 кастрычніка Менскі гарадскі суд вынес рашэнне аб ліквідацыі царквы «Новае жыццё». На гэтым улады нібыта паставілі кропку ў шматгадовым змаганні вернікаў з уладамі.

29 верасня палітзняволеную Дар’ю Тарасевіч асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» па сямі эпізодах «народнага» артыкула (ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса. Яе абвінавачваюць у тым, што яна брала ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года ў Менску. Жанчыну апазналі па фотаздымках у «Instagram».

У Беларусі стала на 14 палітвязняў больш. У спіс трапілі Яўген Гормаш, Наталля Малец, Дзмітрый Сельвеструк, Дзмітрый Свічкароў, Сяргей Мазоль, Алеся Лянцэвіч, Аляксандр Коваль, Кацярына Бруханава, Наталля Шараметава, Ігар Цяпцееў, Віктар Грынько, Юрый Несцярэнка, Уладзімір Савельеў, Ігар Цікач. Такім чынам, станам на 17 кастрычніка ў Беларусі налічваецца 1487 палітзняволеных.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў