Рамзан Кадыраў знаходзіцца ў Грозным


Апошняе відэа, якое Рамзан Кадыраў выклаў у Сеціва на фоне чутак пра свой цяжкі стан, было запісана ў Грозным. Да такой высновы прыйшлі журналісты выдання «Sky News».

Рамзан Кадыраў. 
Фота: radiokp.ru

17 верасня Рамзан Кадыраў паспрабаваў зняпраўдзіць чуткі пра тое, што знаходзіцца ў цяжкім стане або нават пры смерці, выклаўшы відэа са сваім удзелам у Сеціва. На ім ён шпацыруе пад дажджом.

Выданню «Sky News» удалося па высокіх дрэвах, пешаходных дарожках, раздзеленых травой, і будынку, які з’яўляецца на заднім плане, вызначыць месцазнаходжанне кіраўніка Чачэніі. Яны сцвярджаюць, што Кадыраў знаходзіцца ў Грозным.

Журналісты таксама супаставілі відэазапіс са зводкамі пра надвор’е ў Грозным: так, згодна з сайтам Timeanddate, у нядзелю ў горадзе прайшлі залевы, а ў іншыя дні мінулага тыдня ў Грозным не было дажджоў.

Нагадаем, што 15 верасня шэраг чачэнскіх каналаў і актывістаў сталі распаўсюджваць інфармацыю, што Рамзан Кадыраў знаходзіцца ў коме. У Галоўным упраўленні разведкі Мінабароны Украіны таксама пацвердзілі інфармацыю пра крытычны стан кіраўніка Чачэніі.

З’яўлялася інфармацыя пра тое, што Кадырава дастаўлялі на лячэнне ў Маскву, але там не змаглі даць рады і адправілі яго назад.

У той жа час лідар чачэнскага апазіцыйнага руху «Адат» Ібрагім Янгулбаеў заявіў, што чуткі пра смерць Рамзана Кадырава не маюць пад сабой падставаў і робяцца самімі кадыраўцамі.

17 верасня ў канале кадырава з’явілася паведамленне: «Стан у мяне не такі добры, я лячуся і хутка папраўлюся».

Агляд
У цяжкім стане або нават памёр? Што вядома пра здароўе «султана Чачэніі» Кадырава
2023.09.17 14:12

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў