«Шмат асобаў проста перасталі хадзіць у царкву». Місіянер Яроцкі – аб праваслаўі падчас палітычнага крызісу


Дапамога прытулкам у Афрыцы. Фота з асабістага архіву Руслана Яроцкага

Праваслаўнага місіянера з Горадні Руслана Яроцкага найбольш ведаюць дзякуючы гуманітарнай дапамозе дзецям у краінах Усходняй Афрыкі. Але падчас палітычнага крызісу ў Беларусі ён стаў вядомы яшчэ і крытыкаю маўчання кіраўніцтва Беларускага экзархату, гэтак жа, як і рэпрэсіяў супраць вальнадумнага духавенства.

Карэспандэнты belsat.eu паразмаўлялі з місіянерам пра тую ролю, якую адыгрывае БПЦ у апошніх падзеях і якую яно мусіла б адыграць.

«Адчуў сябе ў Афрыцы ў большай бяспецы, чым на Радзіме»

Руслан Яроцкі скончыў Менскую духоўную семінарыю, шмат гадоў працаваў у структурах Гарадзенскай праваслаўнай епархіі. Затым узначаліў пры Лаўрышаўскім манастыры валанцёрскі рух «Дзеці Афрыкі», які дапамагае прытулкам у Кеніі, Танзаніі ды Угандзе, «дзе галеча настолькі абуральная і непрыхаваная, дзе ежа – гэта вельмі часта пытанне жыцця і смерці».

Hавiны
Ад Нёмна да Кеніі. Праваслаўны місіянер з Горадні
2020.03.18 11:50

У часе самых жнівеньскіх падзеяў місіянер чарговы раз з’ехаў у Афрыку, але «кожны дзень гартаў навіны, чытаў, што адбываецца ў нас у краіне, пра гэтыя брутальныя затрыманні».

«І ў нейкі момант я адчуў сябе ў Афрыцы ў большай бяспецы, чым на Радзіме», – паведаміў ён.

Руслан Яроцкі быў апалітычным чалавекам, але, пабачыўшы гвалт у Беларусі, не змог маўчаць і стаў шмат выказвацца пра сітуацыю ў краіне, у тым ліку з крытыкаю – часам даволі рэзкаю – царкоўнага кіраўніцтва. Аднак, настойвае місіянер, гэта пытанне не палітыкі, а маральнасці, бо «біць людзей – гэта кепска».

Царква не можа маўчаць

Суразмоўца ўпэўнены, што царква не можа маўчаць у такой сітуацыі і павінна выступаць у ролі міратворца:

«Асноўная ідэя хрысціянства – гэта прымірэнне чалавека з Богам. А калі ў грамадстве і ў царкоўнай супольнасці адбываецца такі глабальны раскол, вестка царквы павінна быць такою самаю – прымірэнне. Бо іншага шляху няма. Без даравання, без таго, каб выслухаць адно аднаго, не можа быць дыялогу, не можа быць будучыні».

Дапамога прытулкам у Афрыцы. Фота з асабістага архіву Руслана Яроцкага

На погляд місіянера, голас царквы мусіў быць звернуты да ўсіх бакоў супрацьстаяння з заклікам да міру, дыялогу і малітвы. Але цяпер, лічыць ён, царква шчыльна супрацоўнічае з дзяржавай, а ў гісторыі «гэта часта вельмі сумна канчалася».

Паводле яго, БПЦ мусіла б больш актыўна ўключыцца ў працэс прымірэння грамадства, заклікаць людзей сесці размаўляць адно з адным, не біць адно аднаго. Але царква прамаўчала.

«Ніхто ж не чакаў, што выйдзе мітрапаліт Веньямін і скажа, маўляў, давайце ўсе будзем галасаваць за Аляксандра Лукашэнку ці за Святлану Ціханоўскую. Ад яго проста чакалі нейтралітэту і закліку да міру. Замест гэтага былі прызначаныя вінаватыя», – адзначыў Руслан Яроцкі.

«Аказаўся не да кампаніі са сваёй пазіцыяй»

Адным з такіх «вінаватых» стаўся архіепіскап Гарадзенскі Арцемій, «чалавек вельмі блізкі і цёплы», адстаўку якога зацвердзілі на мінулым тыдні. Паводле суразмоўцы, уладыка ўвасабляў сабою «прыгожае інтэлектуальнае праваслаўе». 16 жніўня 2020 года ён падчас пропаведзі ў кафедральным саборы Горадні рэзка асудзіў гвалт уладаў у Беларусі. Запіс шырока разнёсся па абшарах інтэрнэту.

«Мне падаецца, тая пропаведзь была спантаннаю. Рэакцыяй на тое, што мы ўсе ўбачылі. Ён натуральным чынам адрэагаваў, як мусіў адрэагаваць любы святар, хрысціянін. Што нельга, каб людзі пакутавалі ад беззаконня. І на яго спусцілі ўсіх сабакаў, маўляў, ён за палітыку. Але калі сапраўды паслухаць ягоны выступ, то ён быў проста супраць зла», – падкрэсліў Руслан Яроцкі.

Паводле яго, Арцемій, хоць выказваўся нячаста і дастаткова карэктна, не ўпісваўся ў тую сімфонію, якую стварыў мітрапаліт Веньямін, і ў выніку «аказаўся не да кампаніі са сваёй пазіцыяй». На думку місіянера, гарадзенскі архіепіскап перашкаджаў карцінцы, што царква падтрымлівае дзейныя ўлады.

Hавiны
«Сумленне Беларускай царквы прыбралі». Кураеў, Васілевіч ды іншыя пра адстаўку архіепіскапа Арцемія
2021.06.09 18:10

«Ёсць людзі, якіх вельмі цяжка замяніць. Уладыка Арцемій – гэта пастыр, любімы шмат кім. І калі Сінод БПЦ прыняў сваё рашэнне, усе мы спадзяваліся, што на Сінодзе Расейскай царквы яно не будзе прынятае. Што патрыярх Кірыл не павядзецца на гэта: улада сказала прыбраць – чалавека прыбралі. Хацелася верыць, што ў нас трошкі больш самастойнасці. А калі так усё хутка адбылося, гэта засмуціла аграмадную колькасць людзей. Мне пісалі некаторыя святары, якія проста задаваліся пытаннем, заставацца ў святарстве ці сыходзіць, бо шмат для каго браць удзел у тэатры абсурду стала пытаннем сумлення. Мне падаецца, што гэта вялікая памылка, бо яна агаліла тое, наколькі царква кіраваная дзяржаваю. Гэта сумны дзень», – мяркуе суразмоўца.

Разам з тым, паводле яго, уладыка Арцемій як чалавек з чыстым сумленнем можа спакойна пайсці на спачынак.

«А вось з якім сумленнем будуць сыходзіць на спачынак людзі, якія прымалі такое рашэнне, – гэта пытанне», – адзначыў місіянер.

Дапамога прытулкам у Афрыцы. Фота з асабістага архіву Руслана Яроцкага

«Уладыку Арцемія вінавацілі ўвесь час, што ён уцягнуты ў палітыку. А мне падаецца, што ён пацярпеў за тое, што застаўся ці не адзіным епіскапам, не ўцягнутым у актыўнае палітычнае змаганне. Ён адзіны епіскап, якога я ведаю, які адкрыта казаў важныя грамадству рэчы. За гэта ён пацярпеў. На фоне ўсіх, хто ківаў на ўсялякіх нарадах, ён аказаўся не да кампаніі. Ён пацярпеў як хрысціянін за сваю вернасць праўдзе і прынцыпам», – падкрэсліў ён.

Hавiны
«Гэта адбылося па ўказцы дзяржавы». Былы архіепіскап Арцемій пракаментаваў сваю адстаўку
2021.06.13 21:31

«Я не ведаю, у якім перакладзе чытае Евангелле ўладыка Веньямін»

Адным з абвінавачанняў на адрас архіепіскапа Арцемія было тое, што гарадзенскія святары наведвалі ў турмах палітычных вязняў.

«Любы чалавек, які чытае Евангелле, ведае пра «ў цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне». Нічога нехрысціянскага святары не рабілі. Я не ведаю, у якім перакладзе чытае Евангелле ўладыка Веньямін, але што нехрысціянскага ў тым, каб наведаць чалавека ў турме? Людзей шмат у турме, яны патрабуюць апекі. Шмат з іх шчырых вернікаў, і яны маюць права на пастырскую дапамогу», – адзначыў Руслан Яроцкі.

Hавiны
Расеец, чалавек года Меншчыны, забараняў святарам удзельнічаць у мітынгах. Што вядома пра новага епіскапа Гарадзенскага?
2021.06.09 19:33

Ён падкрэсліў, што святары наведваюць нават людзей з пажыццёвымі тэрмінамі, таму «выстаўляць гэта ў якасці прэтэнзіі – гэта настолькі па-антыевангельску, настолькі абсурдна».

«Любы чалавек, які проста адкрые нагорную пропаведзь, прачытае Евангелле, разумее, што гэта словы Хрыста. Дык крыўдуйце на Хрыста», – заявіў місіянер.

Дапамога прытулкам у Афрыцы. Фота з асабістага архіву Руслана Яроцкага

Вернікі вельмі незадаволеныя

Руслан Яроцкі адзначае, што пазіцыяй кіраўніцтва БПЦ падчас беларускага палітычнага крызісу незадаволеная «аграмадная колькасць вернікаў». А адстаўка архіепіскапа Арцемія стварыла дадатковы вялікі ўсплёск эмоцыяў на адрас РПЦ і БПЦ.

«У царкве, як і ў грамадстве, спрабуюць стварыць уражанне, што ёсць нейкая большасць, адзіная ў сваім прыняцці стабільнасці і супраць БЧБ. Але гэта няпраўда. Мне падаецца, наадварот: уся рухомая яе частка (моладзь, інтэлігенцыя, проста людзі, якія думаюць) цудоўна ўсё разумее. Яны супраць гвалту, супраць брутальных рэчаў», – заявіў суразмоўца.

Інтэрв’ю
«Царква павінна паказаць, што белае, а што чорнае». Вялікае інтэрв’ю з пастарам царквы «Новае жыццё», у якой забралі будынак
2021.04.04 17:07

Але, паводле Руслана Яроцкага, у такіх вернікаў няма адчування, што яны ёсць часткаю царквы, што іх нехта абароніць. У выніку ў людзей небеспадстаўна складваецца адчуванне, што кіраўніцтва царквы паводзіць сябе так, нібы Бога няма:

«Боль аграмаднай колькасці людзей ігнаруецца. Калі ў чалавека духовыя хваляванні, ён спрабуе звярнуцца да таго, хто можа даць суцяшэнне, надзею. А атрымалася так, што людзям няма куды пайсці».

«Абыходзіць царкву за кіламетр»

На думку місіянера, сваймі дзеяннямі кіраўніцтва БПЦ нанесла вельмі моцны ўдар па царкве. Праз апошнія падзеі шмат асобаў проста перасталі хадзіць у царкву, перайшлі ў іншыя супольнасці, цэрквы, дэнамінацыі:

«Па царкве нанесены каласальны ўдар, які аграмадную колькасць людзей змусіць абыходзіць яе за кіламетр. Паглядзіце на нашыя святыні – яны ж паўпустыя. Шмат якія людзі перасталі хадзіць у святыні, яны нічога не хочуць мець агульнага ні з Богам, ні з праваслаўем. Я ведаю праваслаўных вернікаў, якія не хочуць, каб іхныя дзеці прыйшлі ў праваслаўную святыню. Гэта вельмі сур’ёзная праблема, якую трэба будзе развязваць новаму пакаленню святароў, катэхізатараў».

Аналітыка
«Каму раней з праваслаўных было цікава, што там кажа Кандрусевіч?» Як пратэсты мяняюць вернікаў
2021.02.25 11:22

У якасці ратавальнага шляху для БПЦ ён прапанаваў пачаць жыць самастойна ад дзяржавы, як каталікі і пратэстанты.

«Быць інстытутам, абсалютна аддзеленым у фінансах і ўсім іншым. Будучыня будзе, калі мы будзем жыць з Хрыстом, слухаць Хрыста, а не ўлады», – мяркуе місіянер.

А сучаснае кіраўніцтва БПЦ, на думку Руслана Яроцкага, чакае тая ж гісторыя, што і шмат каго з тых, хто супрацоўнічаў з савецкай уладай: «забыццё, ганьбаванне». Павінны прыйсці новыя людзі, бо на гэтым падмурку нічога пабудаваць нельга.

Дапамога прытулкам у Афрыцы. Фота з асабістага архіву Руслана Яроцкага

Тым не менш сам місіянер працягвае цёпла ставіцца да царквы ды разумных і інтэлігентных людзей у ёй, якія раней не былі на паверхні і якіх пазнаў апошнім часам:

«Я аптыміст. Я веру, што Бог ёсць, што ўсё можа змяніцца».

З улікам жа таго, што ягоная дзейнасць у прыходах Беларусі цяпер немагчымая, Руслан Яроцкі з’ехаў у іншую краіну. Там ён плануе «займацца тым, чым і займаўся – гуманітарнаю місіяй: карміць і дапамагаць дзеям у Афрыцы, нягледзячы на іхныя перакананні».

Hавiны
Свабода рэлігіі ў Беларусі пад пагрозаю. Каталіцкі фонд з Ватыкану выпусціў справаздачу пра пераслед вернікаў
2021.04.21 15:47

МГ belsat.eu

Стужка навінаў