Каталіцкі фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» 20 красавіка прадставіў справаздачу пра парушэнні свабоды веравызнання ў свеце.
Дакумент, падрыхтаваны ўжо 15-ы раз, ахоплівае перыяд з 2018 да 2020 года. Паводле яго, 67 % насельніцтва зямлі (каля 5,2 млрд) жывуць у 62 краінах, дзе адзначаюцца парушэнні рэлігійнай свабоды. Найбольш ад пераследу ў свеце цярпяць хрысціяне.
У лік гэтых краінаў трапіла і Беларусь. Арганізацыя з Ватыкану прыйшла да высновы, што ад дзеянняў улады ў Беларусі цярпяць амаль усе канфесіі – шматлікія факты абмежавання рэлігійных свабодаў датычылі ўсіх хрысціянскіх канфесіяў і юдэяў.
У справаздачы гаворыцца, што некалькі месяцаў у Беларусі «адбываліся палітычныя ўзрушэнні і публічныя дэманстрацыі, пад пагрозаю аказалася большасць правоў чалавека, у тым ліку і рэлігійная свабода».
«Тэндэнцыя да ўзмацнення аўтарытарнага кантролю цягне сур’ёзныя наступствы для рэлігійных арганізацый краінаў. Прынцып вяршэнства закону ў дачыненні свабоды веравызнання ўжываецца адвольна, па-ранейшаму залежыць ад капрызу ўладаў, што часта прыводзіць да хаатычных і самавольных дзеянняў супраць розных рэлігійных суполак, у тым ліку праваслаўных», – адзначаюць аўтары дакументу.
У Беларусі за акрэслены перыяд заклапочанасць выклікалі «крыжалом» у Курапатах, забарона вяртання на радзіму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, высылкі замежных святароў, абмежаванні ў будаўніцтве рэлігійных навучальных установаў і рэгістрацыі новых супольнасцяў.
Са снежня 2011 года фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» мае статус папскага дабрачыннага фонду. Афіцыйны цэнтр арганізацыі размяшчаецца ў Ватыкане, штаб-кватэра – у Нямеччыне.
МГ belsat.eu