Чыноўнікі Чашніцкага раёну паскардзіліся на пропаведзь пастара. Яго пакаралі соднямі


Другі раз запар пакараны 15 соднямі арышту пастар евангельскай царквы з Новалукомля Аляксандр Зарэцкі. У сваіх пропаведзях ён заклікаў маліцца за Украіну.

Пастар евангельскай царквы Новалукомля Аляксандр Зарэцкі.
Фота: Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ! / Telegram

Пастара Аляксандра Зарэцкага арыштавалі ў канцы лютага за тое, што ён маліўся за сканчэнне вайны ва Украіне, паведамляла «Хрысціянская візія».

«Раней мясцовыя ідэолагі не раз выказвалі прэтэнзіі пастару з гэтай нагоды і пагражалі пераследам. Незадаволенасць уладаў выклікала і тое, што пастар таксама адмаўляўся ўдзельнічаць у палітычных мерапрыемствах, якія яны праводзяць», – піша «Хрысціянская візія».

У 2021 годзе ў святара быў ператрус, а ўвесну 2023 года яго затрымлівалі нібыта за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У Банку судовых рашэнняў з’явіліся падрабязнасці адміністратыўнай справы, якую завялі ў лютым 2024 года супраць Зарэцкага, заўважыла радыё «Свабода».

Суд Чашніцкага раёну другі раз запар пакараў яго 15 соднямі арышту 5 сакавіка. У пастанове адзначаецца, што пастар, які быў на службе ў царкве, «у прысутнасці грамадзянаў, з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў зрабіў выказванні». Далей прыводзяцца цытаты Зарэцкага:

«”Памолімся за тых, хто ў турмах са сфальсіфікаваных прычынаў”, “паглядзіце, як вышэйшыя чыноўнікі гавораць адно, а на вуліцах людзі бачаць іншае”, “нам загадваюць гаварыць, што ўсё добра, усё падабаецца, і часам прасцей пагадзіцца”, “людзі ва У. – здраднікі, калі прыйшлі расейцы, яны ўпалі ім у ногі”, “давайце маліцца за У., прыходзьце на малітвы за У.”».

Суддзя палічыў, што такія словы – гэта незаконнае пікетаванне. Зарэцкі віны не прызнаў. Але міліцыя знайшла трох чалавек, якія чулі пропаведзь. На пастара паскардзіліся мясцовыя чыноўнікі і напісалі «інфармацыйнае паданне» ў міліцыю.

Hавiны
«Распрацаваныя планы негалоснага наведвання богаслужэнняў». Як у Беларусі сочаць за вернікамі
2024.03.01 16:08

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў