Еўрапарламент заклікаў пакараць Віктара Орбана за нанясенне шкоды дэмакратыі ўнутры краіны


Еўрапарламент ухваліў адпаведную рэзалюцыю, у якой утрымліваецца заклік пакараць прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана за нанясенне шкоды дэмакратыі ўнутры краіны. Тым самым еўрадэпутаты зрабілі яшчэ адзін крок у напрамку да таго, каб прыпыніць права голасу Вугоршчыны ўнутры Еўразвязу.

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан.
Фота: miniszterelnok.hu

За прыняцце рэзалюцыі, у якой асуджаюцца «наўмысныя, пастаянныя і сістэматычныя намаганні вугорскага ўраду падарваць асноватворныя каштоўнасці ЕЗ», прагаласавала 345 дэпутатаў, 104 выказаліся супраць.

У тэксце рэзалюцыі выказваецца крытыка ў дачыненні да вугорскага прэм’ер-міністра за тое, што ў снежні 2023-га ён наклаў вета на вылучэнне Еўразвязам дадатковай фінансавай дапамогі Украіне.

У рэзалюцыі агучваецца заклік зрабіць яшчэ адзін крок у рамках працэдуры забеспячэння законнасці і правапарадку, што ў выніку можа прывесці да прыпынення права голасу Вугоршчыны ў Еўразвязе.

У той жа час шанцы на тое, што будзе прымененае такое пакаранне, зусім невялікія, бо прывядзенне ў дзеянне адпаведнага механізму, прапісанага ў артыкуле 7 агульных палажэнняў Дамовы аб Еўразвязе, можа быць працяглым і складаным.

Акрамя таго, прынятая рэзалюцыя не з’яўляецца юрыдычна абавязваючай, але ў той жа час яна з’яўляецца сродкам узмацнення ціску на Віктара Орбана перад самітам лідараў Еўразвязу, на якім, як мяркуецца, адбудзецца спроба зноў узгадніць дапамогу Украіне.

Нагадаем, што Вугоршчына ўсё больш скандальнымі метадамі падрывае адзінства Еўразвязу. Віктар Орбан на нядаўнім саміце пайшоў на адкрыты шантаж Брусэлю сваім накладаннем вета на вылучэнне фінансавай дапамогі Украіне.

Еўрапарламент лічыць Вугоршчыну электаральнай аўтакратыяй. Вугоршчына за часам кіравання Орбана часта канфліктуе з Еўразвязам (напрыклад, блакуе транш дапамогі Украіне памерам паўмільярда еўраў з прычыны трапляння вугорскага банку «OTP» у спіс тых, што вядзе бізнес з Расеяй). Орбан падпадае пад крытыку ў Еўразвязе за сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, а Злучаныя Штаты выказвалі занепакоенасць сустрэчаю з «чалавекам, адказным за ваенныя злачынствы ва Украіне» (улады Вугоршчыны не лічаць Пуціна злачынцам, пра тое ж кажа і Орбан).

Таксама Вугоршчына трымае сувязі з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі: сёлета прымала з візітам міністра замежных справаў.

Hавiны
Узначаліць Еўрапейскую раду можа прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан
2024.01.07 14:56

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў