Ці дапаможа затрыманне Надзеі Астапчук міністру Кавальчуку?


Як гэта падобна да Лукашэнкі! Сумяшчаць «бацькоўскі клопат» і рэпрэсіі. Каб сканцэнтраваць увагу на сабе, на ўласнай бязмежнай уладзе. Каб ведалі, што ён не сквапны на пернікі, але ж і пуга заўсёды побач. На ўсялякі выпадак. Каб іншым не захацелася быць такімі ж моцнымі і незалежнымі, як Надзея Астапчук.

У адзін дзень публічна разглядаюцца пытанні развіцця спорту ў краіне і выкрадаецца знаная ўва ўсім свеце штурхальніца ядра Надзея Астапчук, поспехамі якой, вядома, цешыў сваё самалюбства і Лукашэнка. Так, заслужаная, так, тытулаваная, але ж яна супраць прэзідэнта, як казаў калісьці правадыр пра Васіля Быкава.

Сяргей Кавальчук. Крыніца: Зеркало

Ці не на такое настаўляў Лукашэнка па-за камерамі таго яшчэ шэрага карніка, міністра спорту Кавальчука, пасля паседжання 15 снежня, анансаваўшы на студзень чарговае «ператрахванне кадраў», у тым ліку ў Міністэрстве спорту? Прынамсі, дзе, калі, якім чынам, у якой форме і – галоўнае – за што (!) схапілі Надзею Астапчук, у шырокай інфармацыйнай прасторы не агучваюць. А пайшлі трэція содні пасля затрымання. Над гэтым «за што» цяпер думае, напэўна, і Кавальчук. Дарэчы, чарговае, усё больш рэдкае згадванне Лукашэнкам тэмы спорту афіцыйна падвялі пад завуаляванае вызначэнне – даклад «Аб асобных пытаннях развіцця спорту». Пішуць, што гэты даклад, ды яшчэ ў некалькіх частках, кіраўнік краіны адслухаў. Але тое, што магчыма было пачытаць і паглядзець, хутчэй можна назваць адчытваннем міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука. Астатнія ўдзельнікі – для масоўкі. Свайго сына Віктара, непрызнанага кіраўніка Нацыянальнага алімпійскага камітэту, Лукашэнка-бацька ніколі публічна не крытыкаваў. Бо можна з поспехам адыграцца на міністры спорту.

Прысутнічалі на нарадзе таксама былы міністр інфармацыі, а цяпер намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Луцкі, які ўвогуле ніякім бокам да спорту не мае дачынення. І намеснік старшыні ўраду Ігар Петрышэнка, якому фармальна нададзены абавязак курыраваць спорт. У гэты дзень Ігара Петрышэнку, відаць, увогуле прызначылі «дзяжурным па краіне». 15 снежня ён таксама адкрыў акцыю «Нашыя дзеці» і наведаў кінастудыю «Беларусьфільм», дзе нязменна дэклараваў клопат дзяржавы і пра дзяцей, і пра кіно. На сустрэчы ў пытаннях спартовай галіны ён збольшага маўчаў. Сам Лукашэнка да тэмы відавочна не рыхтаваўся. А нашто? Існуе традыцыйны набор сентэнцыяў: у нас створаныя ўсе ўмовы, а вынікаў няма. Я вам даў грошы, а вы ходзіце пешшу. І што калі да яго не было ні пляцовак, ні стадыёнаў, неяк заваёўвалі 20–30 медалёў на Алімпіядах. Сяргей Кавальчук прамаўчаў. Хаця нават такі міністр спорту павінен ведаць, што гэткай колькасці медалёў у Беларусі на Гульнях не было ніколі. Але трэба было з усім пагаджацца, ратаваць пасаду, якую ён атрымаў за тое, што, паводле Лукашэнкі, «чалавек вайсковы і любіць спорт».

Лукашэнка даўно не даследуе спартовай тэмы. Ці заваёўваюцца медалі, ці не – гэта на ягоную бяспеку не ўплывае. Вось нядаўняя размова ў значна больш шырокім коле пра перспектывы Усебеларускага народнага сходу – гэта іншае. Бо там у кіраўніка асаблівы інтарэс, які наўпрост закранае ягоную будучыню. Але ці была хоць якая падстава абмяркоўваць пытанні развіцця спорту ў краіне акурат цяпер? Абсалютна ніякай. Беларусы ў рэзанансавых спаборніцтвах не ўдзельнічаюць і ці будуць выступаць найбліжэйшымі гадамі – вялізнае пытанне. Хто канкрэтна рабіў даклад «Аб асобных пытаннях развіцця спорту» і як гэта выглядала – прэс-служба замоўчвае. Усё ўвогуле выглядала, як публічная порка міністра спорту. Выбачайце, але ў мяне не ўкладаецца ў галаве: чаму міністр спорту павінен несці персанальную адказнасць за футбол? Больш за тое, канкрэтна за вынікі менскага «Дынама»? Сяргея Кавальчука Лукашэнка дапытваў, як хлопчыка, і той з усім пагаджаўся. Хаця сапраўдны кіраўнік профільнага ведамства як адмысловец і мужчына павінен быў зазначыць, як гэта зрабіў падчас селектарнай нарады ў 2004 годзе старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч: «Я тут не вінаваты і чужую віну браць на сябе не буду. Я сумленны чалавек. І няма чаго мяне на ўсю краіну паласкаць». Але Кавальчуку цяпер не да ўпартасці. Ён гатовы на сябе браць усё, толькі б застацца пры пасадзе. Але ці здолее ён у сакавіку 2023-га адзначыць пяцігоддзе як міністр спорту – вялізнае пытанне.

Хаця мой калега з by.tribuna.com Алег Гаруновіч мяркуе, што Кавальчук мае шанец чарговы раз выплыць. Маўляў, у прынцыпе, на сённяшні момант, ён выглядае ідэальным міністрам. «У яго ёсць вусы, – іранічна заўважае журналіст, – ён добра трасе галавою падчас размоваў, бязлітасна рэпрэсуе «няправільных» атлетаў і трэнераў, а таксама годна прыдумляе рознага роду ідэалагічныя забаўкі. Такія, як правяранне на веданне гімну і гэтак далей. Адшукаць такога разнапланавага крэатыўніка ў цяперашні час няпроста. Тым больш, калі няўдачы ў спорце можна спісваць на падкопы варожага Захаду».

Надзея Астапчук у цэнтры.
Фота:: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Кавальчук гатовы выконваць усё, што яму загадалі. Нават больш. Напрыклад, ініцыяваць затрыманне Аляксандра Івуліна або Надзеі Астапчук. Надзея прызнавалася, што не падтрымлівае Лукашэнкі з 2004 года. «Калі ён зрабіў сабе «безліміт» (у верасні 2004-га Лукашэнка праз тэлевізійны зварот ініцыяваў рэферэндум аб адмене прапісанага ў Канстытуцыі абмежавання на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека. – Заўв. belsat.eu), стала зусім сумна», – зазначала Надзея. Сёння прыйшла ейная чарга адказваць за свае выказванні. Чарга той, якая сярод іншых суайчыннікаў упарта не хацела з’язджаць, хаця яшчэ больш за 10 гадоў таму заяўляла, што «калі прыцісне – змяню грамадзянства». Цяпер Надзея Астапчук на Акрэсціна. Як паведамляе тэлеграм-канал «Списки задержанных», суд паводле адміністратыўнага артыкулу праходзіць цягам 72 гадзінаў пасля затрымання, а справы звычайна разглядаюць а 9-й раніцы. Сёння гэтага не адбылося, і, магчыма, у чым звінавацяць Надзею Астапчук, мы даведаемся толькі заўтра або ўвогуле ў панядзелак. А пакуль міністру дадзенае ўказанне працаваць над праектам указу «Аб кроках для стымулявання дасягнення высокіх спартовых вынікаў». Ці будзе ў ім штосьці рэвалюцыйнае? Калега Гаруновіч мяркуе, што наўрад: «Як заўжды, прапішуць узнагароджанне за розныя турніры, але лічбы стануць яшчэ больш сціплымі». Топ-атлеты не з’яўляюцца на загад, тым больш у эканамічна слабой краіне.

Разбор
Вырашальныя бітвы чэмпіянату свету па футболе ў Катары. А суддзі хто?
2022.12.17 17:04

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў