«Мы не немцы, мы не памром». Як выжываюць дальнабойнікі ў шматкіламетровай чарзе да мяжы з Беларуссю


Журналісты «Белсату» прайшлі ў мінулы панядзелак 12 кіламетраў уздоўж чаргі цяжкавікоў, якая марудна пасоўвалася ў кірунку Беларусі – да памежнага пераходу Баброўнікі. Даведаліся шмат чаго з сакрэтнага жыцця дальнабойнікаў, прасякліся іхным трываннем і надыхаліся водарам падляскага лесу (пахне Беларуссю!). Але спачатку – у самым хвасце калоны – атрымалі гарачы зарад энергіі ад кіроўцы-беларуса, які ведаў універсальны адказ на пытанне, хто вінаваты.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Ува ўсім вінаваты «Белсат»

Прыкладна так і гучала: ува ўсім вінаваты «Белсат». «А хто яшчэ? Усё праз вас, якія ўцяклі за мяжу і адтуль патрабуюць санкцыяў для радзімы!» – нервова выгаворвае кіроўца, спыніўшы свой цяжкавік у хвасце чаргі. Мужчына выскоквае з кабіны, робіць колькі крокаў туды-сюды і ў адказ на нашае маўчанне лупіць сабе кулаком у грудзі: «Так, я – ябацька!..» Для пэўнасці паўтарае фразу тры разы і з трэскам зачыняе дзверцы кабіны.

Ад павароту на Страшава да павароту на Нарэйкі мы ні разу больш не пачулі такіх песень і такога трэску. Астатнія дальнабойнікі былі ўдзячнымі і зычлівымі суразмоўцамі.

У выходныя сягала 25 кіламетраў

«Учора чарга да 25 кіламетраў была. Чаму сёння меншая? Ну, Нямеччына ж у выходныя грузаў не адпраўляе, таму ў панядзелак меншая. Але да канца тыдня будзе зноў тое самае. Але і цяпер, думаю, двое содняў прастаю як піць даць», – дзеліцца з намі беларускі кіроўца.

Репортаж с польско-белорусской границы, интервью, журналисты Белсата, пограничный контроль, водитель грузового автомобиля, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики
Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Распавядае, што раней ездзіў праз пераход Кузніца – Брузгі, але цяпер яго зачынілі. На пытанне, як гэтую сітуацыю ацэньваюць ягоныя калегі, усміхаецца:

«Калі шчыра, большасць вінаваціць Лукашэнку. Маўляў, назапрашаў гасцей, дык і зачыніліся. Я не ведаю, наколькі ўсё праўда. Але, натуральна, усе незадаволеныя, бо такія прастоі нікому не выгадныя. І на заробку адаб’ецца, бо я ад кола працую: колькі накатаў – столькі атрымаў».

«Дык а мы тут пры чым?»

Большасць фураў у чарзе – з беларускімі нумарамі. Але ёсць з расейскімі і польскімі. Пабачылі нават з украінскімі. Уздоўж чаргі перыядычна праязджаюць вайсковыя машыны.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

«Штотыдзень усё горш і горш робіцца. Як кажуць, усё для кіроўцаў! Абʼязджаць праз Казловічы? Дык там цяпер, расказваюць, 30 кіламетраў чарга. Праз Латвію яшчэ горш. Кузніца была адкрытая – было весялей. І тое, што там здарылася… Дык а мы тут пры чым? Трэба было іншы варыянт шукаць з уцекачамі гэтымі», – выказвае меркаванне наш чарговы суразмоўца.

Тлумачыць, што раней праходзіў мяжу за адну змену (15 гадзінаў). Цяпер – за дзве-тры. Удакладняе: пасля працоўнай змены кожны кіроўца павінен мець як мінімум 9 гадзінаў адпачынку.

Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Каб паказаць, што «фура спіць», кіроўцы чапляюць на хвост прычэпа камізэльку. Гэта значыць, што яна часова па-за рухам і яе можна абʼязджаць. Але бывае, што засынаюць у чарзе і не паводле рэгламенту.

«Наш брат – цяжкавік»

«Ну, як чалавек хоча спаць, то хай спіць! Першы раз пабудзім, а на другі – абʼедзем», – смяецца кіроўца, які працуе на расейскую кампанію грузаперавозак. І запрашае нас пакаштаваць «дальнабойнай» кавы ў кабіне свайго цяжкавіка (з ветлівасці адмаўляемся). Паказвае спальныя месцы, лядоўню, дадатковую прыладу для ацяплення кабіны, іншыя выгоды.

Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

«Наш брат – цяжкавік, і мы два тыдні можам жыць камфортна без папаўнення ежы. Мы не немцы, мы не памром, не перажывайце!» – праменіцца аптымізмам кіроўца.

Але каб пытанні «не памерці» і «не праспаць» зусім не паўставалі перад кіроўцамі, раіць польскім памежнікам пабудаваць на гэтым пераходзе накапляльнік для фураў, як гэта зрабілі літоўцы і, дарэчы, беларусы (у Брузгах).

Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

«Хаця б на машынаў 200–300, хай нават платны будзе, каб мы спакойна маглі даязджаць да мяжы. Мы прыедзем туды, будзем круціць свае паўзы дзённыя, нікому не будзем перашкаджаць. І абочыны чыстыя будуць», – выказвае пажаданне кіроўца фуры.

Без сталовак і прыбіральняў

Наконт абочынаў мае рацыю. Яны, мякка кажучы, не ўсюды чыстыя. Смецце забіраюць, але нячаста. Ёсць праблема і з прыбіральнямі. Дакладней, з іх колькасцю. З харчаваннем – таксама цяжкасці.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

«Што, не бачыце? На кожным метры сталоўка стаіць: заходзь, замаўляй і еж», – жартуе яшчэ адзін дальнабойнік (частуем яго цыгарэтамі, бо скончыліся).

Натуральна, ніякіх сталовак тут днём з агнём не адшукаеш. Іншы кіроўца кажа, што замовіць ежу можна праз тэлефон. Аднак за цэлы дзень мы толькі раз пабачылі, як гэта працуе: падʼязджае легкавік з беларускімі нумарамі, з яго выскоквае маладзён і перадае дальнабойніку пакунак з харчамі. На жаль, размаўляць з намі не захацеў.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
На здымку – людзі, якія падвозяць да чаргі ежу і прадаюць кіроўцам. Размаўляць з журналістамі «Белсату» яны адмовіліся, аргументуючы «што ім яшчэ трэба працаваць». Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

«Толькі баблосы збіраюць ды чаргу тармозяць»

Бліжэй трохкіламетровай зоны, дзе пачынае дзеяць рэжым надзвычайнага становішча, уведзены польскімі ўладамі ў сувязі з міграцыйным крызісам, кіроўцы яшчэ больш змучаныя чаканнем. Адзін з іх расказвае, што за суботу – нядзелю праехаў у чарзе 20 кіламетраў, у панядзелак пайшлі ўжо трэція содні чакання.

Сцвярджае, што, калі ўсё было нармальна, менавіта тут, за 3 кіламетры да пераходу, і пачыналася чарга.

«Нашая праца невялікая: ехаць, рухацца. І звычайна за содні тут праходзілі. А цяпер трэція ўжо стаім. Чаму так? Ну, вядома, Кузніцу зачынілі. Але яшчэ гэтыя праблемы з электроннымі пломбамі…» – кажа дальнабойнік.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

«І пломбы ж гэтыя ніяк ні на што не ўплываюць, – падхоплівае ягоны калега. – Толькі баблосы збіраюць і чаргу тармозяць. Раней 50 еўраў каштавала гэтая пломба, цяпер – 100 еўраў. І вешаюць усім запар. Нават калі без прычэпу машына – на «галовы» вешаюць. Бывае, што па 6 гадзінаў у тэрмінале людзі чакаюць гэтыя пломбы».

Пандэмія не спыніла – і гэта не спыніць

Міграцыйны крызіс, памежны пераход у Кузніцы, зачынены палякамі, навігацыйныя пломбы, за якія даводзіцца плаціць, – усё гэта кіроўцы ў шматкіламетровай чарзе да мяжы ўспрымаюць з зайздросным трываннем. Маўляў, пандэмія нас не спыніла – і гэта не спыніць. Перачакаем.

«А што з таго, што будзем псіхаваць і злавацца? Нічога ж гэта не зменіць», – запэўнівае адзін з іх. Словы беларуса.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Падляскі лес абапал таксама пахне Беларуссю. «Не, грыбамі», – жартуе калега-журналістка (недалёка – вёсачка з назваю Грыбаўцы). Дарэчы, з надыходам цемры чарга цяжкавікоў ажывае, пачынае рухацца больш імкліва. Але адначасова прырастае новымі фурамі. І, як заўважыў адзін з дальнабойнікаў, толькі Богу вядома, калі ўсё гэта скончыцца. З Богам – зразумела. Але ж вінаваты ўва ўсім «Белсат»…

  • Паводле афіцыйных дадзеных, на момант публікацыі гэтага матэрыялу з беларускага боку ў чарзе да памежнага пераходу Бераставіца – Баброўнікі стаялі 690 фураў. На жаль, дазваніцца да прэсавага сакратара памежнага камітэту Беларусі, каб атрымаць афіцыйны каментар, нам не ўдалося. Са свайго боку, польская памежная служба інфармуе, што час чакання ў чарзе можа складаць для дальнабойнікаў прыблізна 30 гадзін.
Hавiны
У Беларусі абавязалі ставіць «жучкі» на фуры з Польшчы
2021.12.08 08:32

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў