У цяжкім стане або нават памёр? Што вядома пра здароўе «султана Чачэніі» Кадырава


Апошнія дні ў медыях з новай моцай распаўсюджваюцца чуткі пра праблемы са здароўем і нават смерць кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава, чый рэжым у рэгіёне атрымаў назву «султанату». «Белсат» сабраў, што вядома на гэты конт.

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў.
Фота: Kadyrov_95 / Telegram

15 верасня шэраг чачэнскіх каналаў і актывістаў сталі распаўсюджваць інфармацыю, што Рамзан Кадыраў знаходзіцца ў коме. У Галоўным упраўленні разведкі Мінабароны Украіны таксама пацвердзілі інфармацыю пра крытычны стан кіраўніка Чачэніі. Прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў паведаміў OBOZREVATEL, што ў Кадырава абвастрыліся хваробы, якія прывялі да цяжкага стану.

«Так, сапраўды, ёсць інфармацыя, што ваенны злачынец Кадыраў знаходзіцца ў цяжкім стане – хваробы, якія былі, абвастрыліся і прывялі да такога цяжкага стану», – сказаў ён.

Паводле Юсава, звесткі пра крытычны стан кіраўніка Чачэніі пацвярджаюцца з розных крыніц, прычым прычынай хваробы не з’яўляецца раненне.

А крыніцы OBOZREVATEL у чачэнскай дыяспары паведамілі, што на самалёце Кадырава, які ўжо некалькі дзён быў у коме, нібы дастаўлялі ў Маскву, але там яму нічым не змаглі дапамагчы, таму вярнулі назад у Чачэнію. Пасля яго планавалі перавесці на лячэнне за мяжу, верагодна, у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Пазней з’яўлялася інфармацыя, што Кадыраў ляжыць у коме ў Цэнтральнай клінічнай больніцы Упраўлення справамі прэзідэнта РФ.

Расейскі апазіцыянер, экс-дэпутат Дзярждумы Генадзь Гудкоў, спасылаючыся на высокапастаўленыя крыніцы ў Чачэніі, заявіў 14 верасня, што Кадыраву рабілі аперацыю на нырках, якая прайшла няўдала.

«Была аперацыя, трансплантацыя, яна прайшла не зусім удала, нібыта там не ўсё прыжылося, пачаліся нейкія абсцэсы… У яго са здароўем сапраўды ўсё дрэнна», – распавёў Гудкоў.

У афіцыйным тэлеграм-канале Кадырава былі апублікаваныя некалькі відэа з Кадырава.  Але нішто не паказвала на тое, што яны знятыя ў актуальны час. Больш за тое, у відэа кіраўнік Чачэніі ніяк не згадвае чуткі пра сваю хваробу. Расейскія каналы палічылі гэтыя відэа доказам таго, што з Кадыравым усё дрэнна. У іншым выпадку, ён бы запісаў відэазварот, што робіць рэгулярна, і зняпраўдзіў чуткі.

17 верасня ўкраінскае выданне online.ua нават паведаміла, што 16 верасня а 22:00 паводле маскоўскага часу Кадыраў памёр.  Але ніякіх афіцыйных каментароў адносна хваробы, а тым больш смерці кіраўніка Чачэніі не было.

Меркаванні
Лукашэнка памёр. Амаль
2023.05.19 13:47

«У буйных расейскіх тэлеграм-каналах узмацняюцца чуткі аб тым, што Кадыраў памёр у маскоўскай бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць пасля комы, – паведаміла выданне Visegrád 24 у сваім X-акаўнце. – Калі гэта праўда, то Чачэнія можа хутка пагрузіцца ў хаос, што створыць магчымасць для трэцяй чачэнскай вайны супраць Расеі».

«Кадыраў так і не зняпраўдзіў чуткі пра свой цяжкі стан. Цяпер ён не зняпраўджвае і чуткі пра сваю смерць», – адзначыў беларускі гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Тым часам у канале Кадырава 17 верасня паявілася паведамленне з відэа палітыка, на якім ён ідзе па вуліцы.

«Вельмі раю ўсім, хто ў інтэрнэце не можа адрозніць праўду ад хлусні, прагуляцца на свежым паветры, прывесці думкі ў парадак. Дождж выдатна бадзёрыць», – гаворыцца ў тэкставым апісанні, але сам Кадыраў на відэа нічога на гэты конт не кажа. Прынамсі па-расейску ён проста раіць займацца спортам.

Не пацвярджае крытычны стан кіраўніка Чачэніі і чачэнскі апазіцыйны канал «1ADAT», які 15 верасня апублікаваў адмысловае паведамленне на гэты конт. На думку яго аўтараў, сваім відэа Кадыраў пацвердзіў, што чуткі пра ягоную смерць перабольшаныя. Тым не менш, пасля чачэнскі юрыст Абубакар Янгулбаеў паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што Кадыраў усё ж памёр.

Каментар
«Вупыру пастаянна патрэбная кроў». Як жыве пад кадыраўцамі і рыхтуецца да свабоды Чачэнія
2023.07.20 08:20

Раней адзін з прадстаўнікоў руху «АДАТ» Байсангур Янгулбаеў заяўляў, што нават у выпадку смерці Кадырава суразмоўца няма прычын для змены сітуацыі. На яго думку, можа паўтарыцца сітуацыя 2004 года, калі пасля смерці бацькі сённяшняга кіраўніка рэспублікі спачатку на пераходны перыяд могуць «паставіць рускага кагосьці, а потым – кагосьці з Чачэніі».

Радыкальных пратэстаў ён не чакае, бо «чачэнцы выдатна разумеюць, што ім ваяваць трэба не проста з Кадыравым альбо з ягоным пераемнікам, а з Расеяй».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў