Лукашэнка памёр. Амаль

На мінулым тыдні смерць Аляксандра Лукашэнкі раптам стала амаль рэальнасцю. Крыху не хапіла. І пачалося.

Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Афіцыйныя дзяржаўныя крыніцы не выдавалі ў эфір нічога, іх не хапала нават на ельцынскае «працуе з дакументамі» ды «поціск рукі моцны».

Гэта, вядома, прыкмета праблемаў іх унутранай культуры. Ёсць адчуванне, што «нашыя» прадстаўнікі інфармацыйнай абслугі, у адрозненне ад расейскай (канца 1990-х гадоў), жывуць у логіцы нейкага проста сталінскага атачэння, у логіцы несмяротнага кіраўніка, які проста не можа вось так захварэць ды памерці.

То бок сама думка пра тое, што кіраўнік можа памерці, уводзіць іх у ступар, прыводзіць да немагчымасці рабіць якія-небудзь самастойныя дзеянні. А ўжо ўяўленне пра тое, што ён можа захварэць ды сканаць вось так, цалкам будзённа, наогул выходзіць за межы фантазіі.

Не, вядома, «Желтые сливы» спрабавалі нешта з сябе выціснуць, маўляў, «ён яшчэ вас усіх перажыве!» – але без фота, фактаў і дакументаў выглядала гэта вельмі па-дзіцячы, непераканаўча.

Прадстаўнікі ж дэмакратычнай супольнасці, якія з’ехалі (часова), рэагавалі таксама не вельмі сістэмна. Святлана Ціханоўская нагадала пра тое, што гатовая ўзяць на сябе адказнасць за новыя выбары, Валерый Цапкала паабяцаў мільёны на вуліцах Менску, больш агрэсіўная частка намякала на магчымасць вайсковага рашэння прагназавана складанай сітуацыі.

Адзінства не было.

Але наступіў аўторак, 15 траўня, і нам прадэманстравалі вертыкальнага Лукашэнку. Відовішча было тое яшчэ, «забористое».

Хвароба аказалася праўдай. Нават спакойная прамова давалася з прыкметным намаганнем, а ўжо пра ранейшую экспрэсію не было і гаворкі. І з’яўленне моцна адрэтушаванага здымку (вялікае прывітанне мадам Цюсо!), а потым яго ж, дзіўнага здымку, знікненне, толькі падліло алею ў агонь, спарадзіла бясконцую колькасць мэмаў. Стала толькі горш.

Лукашэнка паступова прыйдзе ў форму. У межах узроставай нормы і набору яго асабістых, спецыфічных хранічных захворванняў. А іх шмат. Ды і дзе вы бачылі беларускага мужыка, 70-гадовага (амаль) пенсіянера – і без хваробаў?

Але гісторыя яго часовага знікнення запусціла зваротны адлік. Ён памрэ. Праз месяц? Праз год? Або праз пяць гадоў? Для гісторыі ўсё роўна.

Цяпер ён «кульгавы… лебедзь» у самым прамым сэнсе слова. Яго фінал на гарызонце, і да гэтага трэба быць падрыхтаваным. Яшчэ тыдзень таму ён быў вялікім і жахлівым, а сёння – стары з наборам хваробаў. Так руйнуецца міф, так выглядае дэсакралізацыя.

Але што будзе пасля?

Сёння ніякіх пазітыўных прагнозаў у мяне няма. Цалкам відавочна, што сілавая частка рэжыму пад (магчыма) правадырствам Віктара Лукашэнкі паспрабавала б не даць уладзе ўпасці. І на гэта ім цалкам хапіла б моцы.

Далей было б складаней. Няма там людзей з такім жывёльным запалам да асабістай улады, а заканчэнне падтрымання з боку Крамля маячыць дзесьці на гарызонце разам з прывідам украінскага контрнаступлення і вызвалення часова акупаваных тэрыторыяў. І пытанняў у гэтым сцэнары больш, чым адказаў.

Але гэта было б далей. Аднак не здарылася. Пакуль. Цяпер жа ёсць час на «перадсезоннае» рыхтаванне для абодвух бакоў.

P. S. Сумна, шчыра кажучы. Некалькі мільёнаў чалавек, цэлая краіна, сочаць за здароўем аднаго адзінага грамадзяніна. Так не павінна быць. У развітай дзяржаве са стабільнымі інстытутамі смерць любога чыноўніка высокага рангу, вядома, трагедыя, але – чалавечая, асобасная, такая, якая не вызначае курсу развіцця цэлай краіны. Паводле гэтай прыкметы і можна вызначыць моцную дзяржаву.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў