Як падтрымліваюць нараджальнасць грашыма ў Беларусі, Польшчы, Літве, Расеі, Грузіі, Казахстане


Аляксандр Лукашэнка даўно марыць, каб насельніцтва Беларусі вырасла ў разы, але ад ягоных дзеянняў насельніцтва толькі памяншаецца праз зніжэнне нараджальнасці і эміграцыю. Ды справа не толькі ў Лукашэнку: амаль ва ўсім свеце спадае нараджальнасць – нават у краінах, якія прапануюць шчодрыя выплаты за дзяцей. «Белсат» працягвае разбор у трох частках, першая была тут.

Манета з выявай блізнятаў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Манета з выяваю блізнятаў.
Фота: Pxhere.com

Нараджальнасць падае сумарна ў свеце і амаль у кожнай асобна ўзятай краіне. На тое ёсць аб’ектыўныя прычыны: людзі ўжо не так хутка паміраюць, як сотню-другую гадоў таму, а цяпер яшчэ і пачынаюць планаваць сем’і і інакш ацэньваць традыцыйныя каштоўнасці. Ды калі не нараджаць дастаткова дзяцей, не будзе каму плаціць падаткі і ўнёскі ў пенсійныя фонды, а цэлыя нацыі папросту знікнуць. Гэта не падабаецца кіраўнікам дзяржаваў, таму з нізкаю нараджальнасцю змагаюцца рознымі сродкамі, ад прапаганды да пабудовы інфраструктуры і грашовых выплатаў.

Разбор
З нараджальнасцю бяда не толькі ў Беларусі. Чаму чалавецтва расхацела размнажацца?
2024.02.22 14:23

Якасць паслугаў для жанчын у «дэкрэце» і для сем’яў з малымі дзецьмі цяжка параўнаць аб’ектыўна. Але ёсць лічбавыя паказнікі, якія параўнаць проста: працягласць адпачынкаў для догляду дзяцей (якія, паводле савецкай завядзёнкі, называюць «дэкрэтнымі») і грашовыя выплаты на дзяцей. Паглядзім, што з лічбамі ў Беларусі і краінах, куды найчасцей эмігруюць беларусы.

Беларусь. Стандартны адпачынак у сувязі з цяжарнасцю і родамі – 70 дзён да родаў і 56 дзён пасля родаў (разам 18 тыдняў) з захаваннем 100 % заробку. Аднаразовая выплата за нараджэнне дзіцяці – 10 бюджэтаў пражыткавага мінімуму за першае дзіця, 14 – за другое і наступных. На момант публікацыі гэта складае 4067,40 і 5694,36 рубля адпаведна (каля € 1170 і € 1640). Даюць таксама невялікую выплату па цяжарнасці – 1 бюджэт пражыткавага мінімуму, які цяпер складае 406,74 рубля (менш за € 120).

Адпачынак для догляду дзіцяці – да дасягнення дзіцём узросту 3 гадоў са штомесячнымі выплатамі ў памеры 35 % сярэдняга заробку ў краіне, або 40 %, калі ў сям’і двое і больш дзяцей. На момант публікацыі гэта складае 724,85 або 828,40 рубля (каля € 210 і € 240). Пры пэўных умовах даюць і іншыя выплаты.

Пры нараджэнні трэцяга дзіцяці даюць «сямейны капітал», які можна выкарыстаць толькі на пэўныя мэты або пакінуць для дзіцяці, якое зможа карыстацца грашыма пасля 18 гадоў. Памер «сямейнага капіталу» ў 2024 годзе складае 31 480 рублёў (крыху больш за € 9000).

Разбор
Ад міжнароднай абароны да пашпарта пасля нараджэння: як беларусам легалізаваць дзіця ў розных краінах?
2024.02.07 07:18

Польшча. Ёсць розныя віды адпачынкаў у сувязі са з’яўленнем дзяцей. Адпачынак у сувязі з цяжарнасцю і родамі – 20 тыдняў для маці і да 2 тыдняў для бацькі з захаваннем 100 % заробку, а таксама 32 тыдні (і дадатковыя 9 тыдняў для другога з бацькоў) з захаваннем 70 % заробку, разам –  52 тыдні (амаль поўны год) з 81,5 % заробку.

Яшчэ на тры гады – права на неаплатны адпачынак (пры пэўных умовах даюць дадатковую грашовую дапамогу). Выплаты станам на 2024 год – 800 злотых (каля € 185) на месяц на дзіця ўзростам да 18 гадоў паводле праграмы «Rodzina 800+» (а гэта будзе амаль € 40 тыс. сумарна за ўсе першыя 18 гадоў жыцця, калі выплаты не будуць падвышаць).

Ёсць і іншыя выплаты і льготы, у тым ліку асобныя ад «800+» рэгулярныя выплаты за другое дзіця (або наступных), якія сумарна складаюць да 12 тыс. злотых (каля € 2760) за ўвесь час.

Літва. Стандартны адпачынак у сувязі з цяжарнасцю і родамі – 126 дзён (18 тыдняў) для маці і 30 дзён для бацькі. Кампенсуюць разавай выплатай 77,58 % заробку за час, адпаведны гэтаму адпачынку. Аднаразовая выплата пры нараджэнні дзіцяці складае ў 2024 годзе € 605, да дасягнення дзіцём 18-гадовага ўзросту штомесяц плацяць «дзіцячыя грошы», у 2024 годзе гэта ў звычайным выпадку € 96 (калі выплаты не будуць падвышаць, за 18 гадоў набярэцца € 20,7 тыс.), шматдзетным сем’ям плацяць € 152,9.

Да дасягнення дзіцём 3-гадовага ўзросту для аднаго з бацькоў або для бабулі ці дзядулі прапануюць адпачынак для догляду дзіцяці са складанаю схемаю выплатаў (калькулятар тут). Калі сцісла, прапануюць адпачынак з захаваннем або 60 % заробку да дасягнення дзіцём узросту 18 месяцаў, або 45 % да 12 месяцаў плюс 30 % з 12 да 24 месяцаў (трэці год – адпачынак без захавання заробку).

Для шматдзетных сем’яў «дзіцячыя грошы» вышэйшыя, ім таксама прапануюць льготы і зніжкі. У 2025 годзе ў Літве плануюць пачаць выплачваць кампенсацыі за паслугі нянькі.

Расея. Адпачынак у сувязі з цяжарнасцю і родамі – звычайна 140 дзён (20 тыдняў) з захаваннем 100 % заробку. Аднаразовая выплата па нараджэнні ў 2024 годзе звычайна складае 24,6 тыс. расейскіх рублёў (каля € 250), таксама ёсць невялікая выплата за пастаноўку на ўлік па цяжарнасці (50–100 % пражыткавага мінімуму), рэгіянальныя дадаткі і выплаты найбяднейшым.

Адпачынак для догляду дзіцяці даюць максімум да дасягнення дзіцём узросту 3 гадоў, але плацяць толькі ў першыя паўтара года жыцця дзіцяці і толькі 40 % заробку таго з бацькоў, хто ідзе ў адпачынак.

Ужо чатыры гады «мацярынскі капітал» налічваюць не толькі за другое, але і за першае дзіця. На 2024 год стандартная сума складае 630 тыс. расейскіх рублёў (каля € 6420) за першае дзіця і 203 тыс. (каля € 2060) за другое.

Грузія. Аплачвальны адпачынак у сувязі з цяжарнасцю і родамі складае звычайна 126 дзён (18 тыдняў). Адпачынак для догляду дзіцяці – 604 дні (больш за паўтара года), з якіх аплачваюць толькі 57 дзён, максімальная аплата складае ўсяго 2000 лары (каля € 635).

Спецыяльных выплат за цяжарнасць ці нараджэнне першых двух дзяцей няма, за трэцяга і наступных робяць аднаразовую выплату ў 1000 лары (каля € 318). Больш за траціну дзяцей атрымліваюць невялікія сацыяльныя выплаты для бедных сем’яў – 200 лары (€ 63,5) на месяц.

А Казахстан, у якім нараджальнасць даволі высокая, амаль нічога не плаціць: дае толькі 126 дзён аплачвальнага адпачынку на цяжарнасць і роды і зусім невялічкія іншыя выплаты (за першых трох дзяцей выплата пры нараджэнні), а адпачынак для догляду дзіцяці (да 3 гадоў) там не аплачваюць, хіба могуць даць штомесячную выплату ў € 44–68 на дзіця ў залежнасці ад таго, колькі ў жанчыны дзяцей.

У наступнай частцы «Белсат» спытае экспертку, што варта рабіць Беларусі і як зразумець, што спрацуе.

Агляд
Як правільна падвышаць нараджальнасць у Беларусі і ці працуюць польскія выплаты «800+»?
2024.03.04 07:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў