Беларусь вымірае, і вельмі хутка. Што (не) паказалі звесткі Белстату


Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў звесткі пра колькасць насельніцтва краіны на пачатак 2023 года, якія засведчылі працяг істотнага змяншэння гэтага паказніку. Але, як кажа эканамістка Настасся Лузгіна, у рэальнасці сітуацыя яшчэ горшая.

Насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2023 года склала 9 200 617 чалавек. За год паменшылася на 54 907 чалавек. У 2021-м змяншэнне склала 94,1 тыс. асобаў, а ў 2020-м – 60,6 тыс. чалавек.

Гарадское насельніцтва на 1 студзеня склала 7,212 млн чалавек і зменшылася за год на 19,69 тыс., а сельскае скарацілася на 35,2 тыс., да 1,988 млн чалавек.

Адразу ў дзвюх вобласцях – Гарадзенскай і Магілёўскай – колькасць насельніцтва ўпершыню стала меншаю за 1 млн чалавек. Таксама другі год запар зніжаецца насельніцтва ў сталіцы, дзе ўсе мінулыя гады назіраўся няспынны рост. Апошнія два гады Менск больш не лічыцца двухмільённікам.

Знізілася ў 2022 годзе колькасць жыхароў і ў Менскай вобласці, якая заставалася адзіным рэгіёнам Беларусі, дзе з 2014 года насельніцтва расло.

Колькасць насельніцтва ў рэгіёнах на пачатак года:

  • у Менску – 1 995 471 чалавек;
  • у Менскай вобласці – 1 462 021 чалавек;
  • у Гомельскай вобласці – 1 347 469 чалавек;
  • у Берасцейскай вобласці – 1 315 405 чалавек;
  • у Віцебскай вобласці – 1 091 948 чалавек;
  • у Гарадзенскай вобласці – 998 600 чалавек;
  • у Магілёўскай вобласці – 989 702 чалавекі.

Каго не палічылі

Пры гэтым звесткі Белстату не ўлічваюць дакладнай колькасці асобаў, якія стала жывуць у Беларусі. Статыстыка міграцыі ўлічвае зусім невялікія групы эмігрантаў – у асноўным толькі тых, хто афіцыйна заявіў дзяржаўным органам, што з’язджае з краіны паводле кантрактаў, падкрэсліла ў каментары «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

«А тых, хто проста зʼехаў, ніхто не палічыць. Яны быццам бы прысутнічаюць у краіне, хоць гэта не так. У той жа час статыстыка краінаў Еўразвязу паказвае, што эміграцыйныя працэсы ў Беларусі ўзмацніліся. Гэта значыць, людзі выязджаюць з краіны», – адзначыла экспертка.

Адпаведна, адносна лічбы Белстату пра колькасць насельніцтва краіны варта рабіць папраўку на тое, што не ўлічваецца большасць людзей, якія ўжо зʼехалі ў Польшчу, Літву ды іншыя краіны. І калі б Белстат паўнавартасна ўлічваў эміграцыю, то «карцінка была б яшчэ больш гнятлівая».

Людзі чакаюць

Агулам жа з 2018 да 2023 года насельніцтва Беларусі скарацілася амаль на чвэрць мільёна чалавек.

«Беларусь вымірае, прытым досыць хутка», – заявіла Настасся Лузгіна.

Пры гэтым экспертка адзначыла, што за апошнія некалькі гадоў гэты негатыўны трэнд паскорыўся. Людзі ва ўмовах нявызначанасці, палітычных і эканамічных выклікаў не імкнуцца нараджаць большую колькасць дзяцей.

«Шмат хто выбірае пазіцыю чакання. Думаюць, як пракарміць тых, хто ёсць, а не заводзіць яшчэ дзяцей», – распавяла эканамістка.

І паколькі бум нараджальнасці ўжо мінуў, то расце натуральнае змяншэнне насельніцтва. На гэта ўсё ў 2020 годзе наклалася эпідэмія каронавіруса, пасля пачатку якой Белстат нават перастаў публікаваць звесткі пра колькасць памерлых. А затым і істотна вырасла эміграцыя з краіны.

І што з таго?

Настасся Лузгіна адзначыла, што міграцыя ідзе пераважна за кошт маладзёнаў і людзей працаздольнага веку. Таксама пэўную частку працаздольнага насельніцтва мог забраць ковід. Усё гэта ў выніку адбіваецца перадусім на рынку працы, які і так сціскаецца, і прыводзіць да таго, што менш людзей і менш спецыялістаў застаецца цяпер на рынку, памяншаецца занятасць.

Гэта ў сваю чаргу прыводзіць да таго, што скарачаюцца адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, якія ідуць беспасярэдне на выплаты пенсіяў цяперашнім пенсіянерам, падкрэсліла эканамістка.

Той жа факт, што за мяжу часта зʼязджаюць людзі з высокаю кваліфікацыяй, запавольвае развіццё краіны і прыводзіць да страчаных эканамічных магчымасцяў.

«Калі б людзі не зʼехалі або ва ўмовах каронавіруса былі ўведзеныя больш жорсткія абмежаванні, то сёння рынак працы быў бы больш актыўным, гэта давала б стымул для эканамічнага развіцця», – мяркуе Настасся Лузгіна.

Скарачэнне колькасці людзей негатыўна ўплывае і на развіццё інфраструктуры, у тым ліку ў рэгіёнах, падкрэсліла эканамістка. Сярод іншага, скарачаецца або не развіваецца сфера абслугоўвання (колькасць кавярняў, рэстаранаў ды іншага), што ў сваю чаргу адбіваецца на ўзроўні падатковых паступленняў.

Але ці зменяцца найбліжэйшым часам у Беларусі ўмовы, якія б спрыялі таму, што жыхары краіны хацелі б заставацца ў ёй і такім чынам развіваць яе, – пытанне рытарычнае і, пэўна, не эканамічнае.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў