Чаму ў Беларусі прызналі масавую эміграцыю – хвалююцца за дэмаграфію? Тлумачыць Карбалевіч


За 2021–2022 гады пакінулі тэрыторыю Беларусі больш за 200 тысяч грамадзянаў, прызнаў прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Аляксей Бягун. «Белсат» спытаў палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча, чаму ўлады адкрыта назвалі непрывабную лічбу.

Памежная паласа
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Памежная паласа ў Гомельскай вобласці.
Фота: Gpk.gov.by

Колькі дакладна чалавек з’ехала з Беларусі, напрыклад, пасля выбараў-2020 або пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, невядома. Тым больш невядома, колькі з іх палітычныя эмігранты, а колькі – эканамічныя. Сілавікі называюць розныя лічбы: так, па словах намесніка міністра ўнутраных справаў, былога кіраўніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова (сказаных на непублічнай сустрэчы з байцамі і «ўцеклых» у медыі), праз пагрозу палітычнага пераследу краіну пакінулі 350 тысяч чалавек станам на кастрычнік-2023. А тыя 200 тысяч, пра якія казаў Аляксей Бягун, тычацца 2021–22 гадоў (без уліку 2020 і 2023), ды ўлічваюць усіх, не толькі палітычных эмігрантаў.

Незалежныя ацэнкі – толькі прыблізныя. Як тлумачыў сацыёлаг Генадзь Коршунаў, дакладныя лічбы назваць складана, бо колькасць выдадзеных візаў не роўная колькасці тых, хто эміграваў; бо эмігруюць і ў краіны, куды не трэба віза; бо эміграваць могуць праз адну краіну ў іншую… Дакладна можна сказаць, што Беларусь губляе працоўныя рукі, у асноўным – высокакваліфікаваных спецыялістаў.

З чаго б такое прызнаваць уладам? Ці не задумалі нешта, каб «аптымізаваць міграцыйныя працэсы», як кажа праект Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця?

Журналіст і палітолаг Валеры Карбалевіч.
Фота: liberalclubbelarus / Facebook

Палітычны аглядальнік радыё «Свобада» Валер Карбалевіч заўважае ў каментары «Белсату»: нельга казаць, што раней улады зусім не прызнавалі вялікую плынь эміграцыі з тэрыторыі Беларусі, бо Аляксандр Лукашэнка ўвесь час кажа пра «беглых», на якую тэму б не гаварыў. Іншая справа – што дасюль гэта не вельмі хвалявала Лукашэнку:

«Лукашэнка разумеў, што ўсёй той колькасці людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, а гэта дзесьці паўмільёна ў самы пік, усіх у турму не перасадзіш, – лічыць Карбалевіч. – І таму ўлады нават не моцна перашкаджалі палітычнай эміграцыі. Тое, што гэта б’е па эканоміцы, па сацыяльнай сферы, улады не моцна хвалявала і тады, не моцна хвалюе і цяпер.

Галоўнае – гэта палітычная праблема. Галоўнае, што тыя людзі, якія не любяць Лукашэнку, з’язджаюць з краіны. І для Лукашэнкі гэта лепш, бо праціўнікаў у краіне застаецца менш».

Карбалевіч сумняецца, што сітуацыя цяпер істотна змянілася. Хоць улады рэагуюць на страты ад эміграцыі насельніцтва, робяць гэта звыклымі чыста адміністратыўнымі метадамі: напрыклад, не хапае працаўнікоўпавялічым размеркаванне выпускнікоў. Новае – тое, што пачалі казаць канкрэтныя лічбы (і лічбы Карпянкова больш падобныя да праўды, бо ахопліваюць увесь перыяд з выбараў-2020).

Агляд
Крызіс і стагнацыя: эксперты распавялі, як змянілася Беларусь за 2023 год
2024.01.11 15:20

Што хочуць змяніць у міграцыйнай палітыцы, Карбалевіч з дакументаў не разумее: ці то хочуць заахвоціць кагосьці прыехаць у Беларусь з іншых краінаў, каб замяніць тых, хто з’ехаў (што будзе няпроста: імігруюць у Беларусь пераважна нізкакваліфікаваныя, эмігруюць высокакваліфікаваныя), ці то хочуць неяк павялічыць нараджальнасць… Адны ведамствы нібы выступаюць за тое, каб «усіх вярнуць назад», а ў выніку ствараюць «камісію па вяртанні» з зусім адыёзнымі людзьмі і садзяць за краты тых, хто ўсё ж вярнуўся.

А можа, хочуць проста «закруціць гайкі» ў праве выезду з Беларусі, раз ужо называюць карту паляка «пагрозаю нацыянальнай бяспецы» і патрабуюць паведамляць пра замежныя віды на жыхарства?

Карбалевіч бачыць іншую логіку гэтых дзеянняў: хто мае карту паляка ці ВНЖ іншай краіны – гэта ж «палітычна нелаяльныя». Яны ж відавочна не вельмі добра ставяцца да існага рэжыму, раз ім за мяжой, у «варожых краінах» больш утульна! А да нелаяльных трэба ставіцца падазрона, як да патэнцыйных шпіёнаў, не пускаць іх у бюджэтныя ўстановы і гэтак далей.

Інфаграфіка
Куды можна паехаць без візы з беларускім пашпартам? Мапа
2024.01.18 11:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў