За вывад бізнесу з Беларусі могуць узяць да 100 % маёмасці. Кныровіч пра новую пастанову


Савет Міністраў прыняў пастанову, якая мяняе парадак дазволу на продаж маёмасці ў Беларусі грамадзянамі «несяброўскіх» краінаў. Лягчэй не стала: рашэнне ў кожным выпадку будуць прымаць на ўзроўні Савету Міністраў, сума «адкупных» можа быць любая. Што гэта значыць, «Белсату» тлумачыць Аляксандр Кныровіч.

Архіўнае фота. «МакДоналдс» на Кастрычніцкай плошчы. 11 лістапада 2022 года ў афіцыйных акаўнтах беларускага «МакДоналдс» зʼявілася паведамленне, што замест яго ў Беларусі адкрыюць рэстаран «Вкусно – и точка». Менск, Беларусь. 12 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Раней – з лета 2022 года – Савет Міністраў складаў спіс кампаніяў з інвестарамі з «несяброўскіх» краінаў, якім забараняў прадаваць долі ў беларускіх прадпрыемствах без дазволу Міністэрства фінансаў. Складаць спіс такіх «несяброўскіх» краінаў Саўміну даручыў у сакавіку 2022 года Аляксандр Лукашэнка (у адпаведным указе было яшчэ шмат засакрэчаных даручэнняў). У спіс «несяброўскіх» уключаныя дзяржавы Еўразвязу, Аб’яднанае Каралеўства, Злучаныя Штаты, Швейцарыя і яшчэ дзевяць заходніх краінаў.

Згодна з новай пастановай, ужо ўсім замежнікам з «несяброўскіх» краінаў трэба атрымліваць дазвол на продаж маёмасці, акцыяў і доляў у статутных фондах. Дазвол трэба прасіць у аблвыканкаме або Менскім гарвыканкаме. Адпаведны выканкам разам з Дзяржаўным камітэтам маёмасці вызначаюць, які патрабаваць унёсак за права прадаць актывы (памер унёску ніяк не акрэслены ў гэтай пастанове), рашэнне зацвярджае Савет Міністраў. На падрыхтоўку прапановаў для Саўміну адводзяць 30 дзён з падачы неабходных дакументаў у выканкам, але Саўмін не абавязвае сябе разглядаць гэтыя прапановы ў нейкі вызначаны тэрмін.

Hавiны
Улады Беларусі прысабечылі былы «McDonald’s». Уласнікі спадзяюцца на Вярхоўны суд
2024.01.09 20:41

Бізнесовец, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч тлумачыць: указ Лукашэнкі 2022 года пераводзіў на «ручное кіраванне» пытанне вывядзення бізнесу з Беларусі. Ды той указ быў «немагчымы да выканання», бо для выканання трэба яшчэ было напісаць шмат падзаконных актаў, каб вызначыць, як жа метадалагічна развязваць гэтыя пытанні.

За амаль два гады дзеяння ўказу, як згадвае Кныровіч, кампаніі, якія хацелі сысці з Беларусі і былі «больш-менш лаяльныя ўладам», проста выключалі са спісу тых, каму сыходзіць было забаронена. Маглі быць выключаныя і кампаніі з насамрэч «сяброўскіх» Лукашэнку краінаў, якія проста выпадкова трапілі ў спіс «несяброўскіх».

Цяпер прынялі больш канкрэтны парадак: калі хочаш пазбавіцца маёмасці ў Беларусі, трэба правесці яе ацэнку, а дзяржава вызначыць суму «адкупных». Сума, пацвярджае Кныровіч, ніяк не рэгламентаваная, акрамя як указам Лукашэнкі ад 19 кастрычніка 2023 года, дзе напісана, што тая сума павінна быць «не менш за 25 % ад рынкавага кошту» адпаведных доляў, акцыяў ці нерухомасці.

Выглядае, гэта працяг «ручнога кіравання працэсам», толькі з больш падрабязна распісаным парадкам, рэзюмуе Кныровіч.

«Гэта не паляпшае і не пагаршае сітуацыю, – кажа ён. – Гэта прапісванне парадку, які мусіў быць прапісаны яшчэ два гады таму».

Пры тым новую пастанову маглі пісаць спехам, бо ёсць некарэктныя фармулёўкі, заўважае Кныровіч. Некаторыя фармулёўкі дазваляюць распаўсюдзіць нормы на ўсе кампаніі, нават з «сяброўскіх» краінаў кшталту Расеі, на маёмасць фізічных асобаў кшталту кватэраў. На думку Кныровіча, гэта проста тэкставыя памылкі, а аўтары пастановы не мелі такога на ўвазе, бо пастанова прынятая на падставе пункту ўказу Лукашэнкі, дзе гаворка ішла толькі пра юрыдычныя асобы і «несяброўскія» краіны.

Ды найважней – тое, што пастанова не вызначае суму «адкупных». Гэта, кажа Кныровіч, робіць Беларусь неканкурэнтаздольнай. Калі нейкаму інвестару загадзя расказаць, што «калі ты захочаш інвеставаць у Беларусь і потым выйсці з прыбыткам з праекту, то краіна выставіць табе патрабаванне сплаціць нейкі нявызначаны ўнёсак», дык мала хто на такое пагодзіцца. Кныровіч смяецца: «Тады не будзе ў нас ніякіх замежных інвестараў – як іх, уласна, і няма».

«Гэта азначае проста бандыцкі бізнес, – лічыць Кныровіч. – Калі вы маеце справу з бандытамі, дык так, спыненне супольнай крымінальнай дзейнасці накладае на вас некаторыя абавязкі, якія вызначае сам бандыт».

Такая нявызначанасць – рэдкая з’ява ў беларускіх законах. Кныровіч не можа згадаць, у якіх яшчэ выпадках можа быць ніяк не абмежаваны ўнёсак. Звычайна ўнёскі абмежаваныя нечым, як то адсоткам ад прыбытку ці даходу за нейкі перыяд або колькасцю базавых велічыняў. Нешта падобнае можа сустракацца, напрыклад, у Крымінальным кодэксе, але і там вызначаныя верхнія межы, як то «ад 5 да 15 гадоў».

Каментар
«Няправільным» беларусам забароняць прадаваць маёмасць? Чытачы «Белсату» паведамляюць пра чорныя спісы кватэр 
2023.05.26 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў