Замежнікі з «несяброўскіх» краінаў змогуць прадаваць маёмасць у Беларусі, але з умовамі


Савет Міністраў зацвердзіў пастанову, якая вызначае, на якіх умовах улады будуць даваць дазвол на продаж грамадзянамі з «несяброўскіх» краінаў маёмасці ў Беларусі. Раней выхад з бізнесаў у Беларусі быў забаронены больш як для 1,8 тысячы кампаніяў з замежнымі акцыянерамі. Цяпер спісы адмененыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Каб пазбавіцца ад маёмасці ў Беларусі, замежнікам з «краінаў, якія здзяйсняюць несяброўскія дзеянні», трэба будзе атрымаць дазвол у аблвыканкаме або Менскім гарвыканкаме (у залежнасці ад месца рэгістрацыі юрыдычнай асобы). Яшчэ прыйдзецца заплаціць. Памер сумы будзе пазначаны ў адказе чыноўнікаў, калі, вядома, ён будзе станоўчы.

У пастанове Савету Міністраў гаворыцца пра парадак і ўмовы выдачы дазволаў на:

  • адчужэнне ўдзельнікамі, якія ёсць асобамі з замежных дзяржаваў, доляй у статутных фондах (акцыяў);
  • адчужэнне ўласнікамі маёмасці, якія ёсць асобамі з замежных дзяржаваў, нерухомай маёмасці;
  • адчужэнне юрыдычнымі асобамі, у статутных фондах якіх доля ўласнасці асобаў з замежных дзяржаў складае 25 і больш адсоткаў, нерухомай маёмасці;
  • рэарганізацыю юрыдычных асобаў, а таксама выхад з юрыдычных асобаў удзельніка, які ёсць асобаю з замежнай дзяржавы.

Таксама пастанова адмяняе шэраг іншых пастановаў, у якіх былі прапісаныя спісы кампаніяў з замежным капіталам, якія не могуць выйсці з бізнесу ў Беларусі. Сярод іх пастанова Саўміну за 1 ліпеня 2022 года № 436. Тады такая забарона зʼявілася для 190 кампаніяў. І страціла моц пастанова за 23 студзеня 2023 года № 54 аб змяненні пастаноў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, што пашырыла забарону на 1849 кампаніяў. У спісе былі, напрыклад, «Лідскае піва», «Мілавіца», «Беліта» ды іншыя.

Hавiны
Больш чым 2,5 тысячам юрыдычных і фізічных асобаў забаранілі прадаваць уласнасць у амаль 2 тысячах кампаніяў
2023.01.28 13:56

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў