«Чарговае дно прапаганды». БТ абвінаваціла амбасаду Украіны ў Менску ў «вербаванні баевікоў»


На БТ паказалі сюжэт пра амбасады Украіны, якія ўва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, нібыта займаюцца «вербаваннем баевікоў для замежнага легіёну». У эфіры згадалі грамадзяніна Грузіі, які збіраўся ехаць на вайну супраць Расеі і быў затрыманы ў Менску. Амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім назваў сюжэт «чарговым дном беларускай прапаганды».

Затрыманы ў Менску грамадзянін Грузіі Гіёргі Зіракашвілі.
Фота: БТ / tvr.by

Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне паведаміла пра затрыманне ў Менску 36-гадовага грамадзяніна Грузіі Гіёргія Зіракашвілі, які нібыта збіраўся ехаць ва Украіну на вайну супраць Расеі. Мужчына нібыта звярнуўся ва ўкраінскую амбасаду ў Беларусі, і там яму быццам бы далі нейкія «інструкцыі для ўступлення ў шэрагі наймітаў».

Паводле БТ, Зіракашвілі жыў і працаваў у Польшчы, але «выехаў у Грузію, атрымаў дэпартацыю з ЕЗ за парушэнне правілаў побыту за пратэрмінаваныя дакументы». Неўзабаве мужчына надумаў далучыцца да грузінскага легіёну, дзе ўжо ваююць ягоныя сябры. Ва ўкраінскай амбасадзе ў Тбілісі яму паведамілі, што заехаць у краіну можна з Беларусі, Польшчы ці Малдовы. Так ён апынуўся ў Менску.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў гэты тэлесюжэт у сваім Facebook. Дыпламат назваў рэпартаж «чарговым дном беларускай прапаганды». Ён паведаміў, што амбасада адправіла ў Міністэрства замежных справаў Беларусі адпаведную ноту пратэсту.

«Словы грузіна аб ягоным жаданні ваяваць, мабыць, адзіная праўда ў гэтым сюжэце. Усё астатняе хлусня, маніпуляцыі і крывадушнасць. Выразна відаць чарговы ўсплёск антыўкраінскай істэрыі на вядучым дзяржканале беларускага тэлебачання і пошук гэтак званых кампраметавальных матэрыялаў для правакацыяў супраць амбасады і яе працаўнікоў», – напісаў Кізім.

Ён заклікаў дзяржаўныя беларускія медыі распавесці, напрыклад, пра «расейскіх навабранцаў-мобікаў, што рыхтуюцца на беларускіх палігонах і адпраўляюцца ваяваць на ўкраінскі Данбас ды іншыя ўкраінскія тэрыторыі забіваць украінцаў».

Hавiны
У МЗС Беларусі выклікалі ўкраінскага амбасадара
2022.12.29 18:38

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў