Вонкавы доўг Беларусі зменшыўся да $ 36,8 млрд. Гэта 49 % ВУП краіны


Нацбанк паведаміў, што сёлета вонкавы доўг Беларусі зменшыўся на 7,4 % і цяпер складае $ 36 млрд 844 млн. Гэта 49 % валавога ўнутранага прадукту краіны.

За два гады самая буйная сума запазычанасці была зафіксаваная ў леташнім ліпені – $ 44 млрд 126 млн, або 62,1 % ВУП. Тады на кожнага беларуса прыпадала $ 4768 вонкавага доўгу краіны.

З таго часу запазычанасць скарачаецца. Цяпер Беларусь мусіць вярнуць $ 36 млрд 844 млн. Атрымліваецца, што кожны беларус, нават немаўля, вінен крэдыторам краіны $ 4005.

Амаль увесь доўг – у замежнай валюце (на $ 35 млрд 860 млн), астатняе — у беларускіх рублях (на $ 984 млн).

З агульнай сумы вонкавы доўг органаў дзяржаўнага кіравання цяпер – $ 17 млрд 210 млн, сёлета ён зменшыўся на 7 %.

Цяперашні доўг складае 48,9 % валавога ўнутранага прадукту – усіх вырабленых у краіне тавараў і нададзеных паслугаў.

Сёлета вонкавы доўг Беларусі зменшыўся на $ 2 млрд 951 млн, або на 17,4 %.

У леташнім чэрвені ўрад разам з Нацбанкам пастанавіў разлічвацца з міжнароднымі крэдыторамі (найперш заходнімі) беларускімі рублямі. Іх пераводзяць на адмысловыя рахункі ў «Беларусбанку». Улады тлумачылі пастанову тым, што праз санкцыі грошы не даходзяць да трымальнікаў каштоўных папераў. Пры гэтым, як раней казалі ў Мінфіне, сёлета Беларусь разлічваецца пераважна «валютамі сяброўскіх дзяржаваў, да якіх сёння ёсць  доступ», гэта расейскія рублі і кітайскія юані.

Hавiны
Зноў тэхнічны дэфолт? Ці праўда ён адбыўся і чым гэта пагражае Беларусі
2022.06.30 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў