Зноў тэхнічны дэфолт? Ці праўда ён адбыўся і чым гэта пагражае Беларусі


Невыкананне фінансавых абавязкаў – гэта кепска, нават калі з табой і так не сябруе палова свету. Праўда, грошы ў беларускіх уладаў ёсць – іх проста не могуць перадаць тым, каму вінныя. Разбіраемся з эканамісткай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Савет Міністраў Беларусі і Нацыянальны банк 28 чэрвеня прынялі папраўку ў ранейшую пастанову аб выплатах дзяржаўнай запазычанасці. Паводле папраўкі, плаціць па еўрааблігацыях і вонкавых дзяржаўных пазыках хочуць у беларускіх рублях.

Што, зноў? Ужо ж нядаўна быў!

Такое ўжо было ў красавіку: тады вырашылі, што можна плаціць у беларускіх рублях за крэдыты Міжнароднага і Еўрапейскага банкаў рэканструкцыі і развіцця, а таксама Паўночнага інвестыцыйнага банку. Рэзідэнтам краінаў, якія ажыццяўляюць «недружалюбныя дзеянні», чыноўнікі ўвогуле пастанавілі не вяртаць пазыкаў.

Як развівалася далей сітуацыя з разлікамі па даўгах, незразумела: гучных скандалаў не было. Ці плаціла Беларусь у ЕБРР і МБРР, таксама невядома: апошняя дэталізаваная статыстыка аб вонкавым доўгу датуецца лістападам 2021 года, апошнія звесткі пра суму плацяжоў ёсць за студзень – сакавік 2022 года. Пры гэтым ўлады Беларусі заспакойвалі, што «той, хто не хацеў з намі працаваць, адмовіўся гэта рабіць і без абвяшчэння дэфолту».

Настасся Лузгіна, старэйшая навуковая супрацоўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC.
Фота: beroc.org

Старэйшая навуковая супрацоўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна тлумачыць «Белсату»: тады аплата ў беларускіх рублях была адным з варыянтаў, аплата ў доларах не выключалася. Але сапраўды не было інфармацыі, як урэшце плацілі.

Як збіраюцца плаціць па еўрабондах

Калі адбываецца аплата не ў той валюце, якая запісаная ў кантракце, то гэта парушэнне кантракту, яго невыкананне. Як і ў выпадку з Расеяй, якая пастанавіла плаціць па еўрабондах у расейскіх рублях, гэта тэхнічны дэфолт, кажа Лузгіна.

Аналітыка
Дэфолт Расеі. Чаму ў ім больш піяру і як ён дапаможа Лукашэнку пакінуць РФ без грошай
2022.06.28 13:40

Але беларускі бок (як і расейскі) не зусім адмаўляецца плаціць, а прапаноўвае або беларускія рублі ўжо зараз, або ў перспектыве – дзяржаўныя каштоўныя паперы на ўнутраным рынку, датэрміновы выкуп аблігацыяў і іншыя шляхі. Беларускія рублі можна атрымаць на адмысловы рахунак у «Беларусбанку», парадак дзеянняў для астатніх варыянтаў яшчэ мусяць удакладніць урад і Нацбанк.

Лузгіна называе такое рашэнне няпоўным або нават недальнабачным: знойдуцца інвестары, якія не пагодзяцца на беларускія рублі і будуць патрабаваць, каб Беларусь шукала шляхі зрабіць разлікі ў валюце, на якую дамаўляліся. Да таго ж, «Беларусбанк» – пад заходнімі санкцыямі: з беларускага рахунку ў беларускіх рублях можа быць цяжка вывесці грошы ў доларах ці еўрах.

Такая схема, кажа эканамістка, можа выглядаць для інвестара як невыкананне кантракту. Маўляў, хочаце, прымайце гэтыя плацяжы, хочаце, не прымайце, гэта вашая праблема. Хтосьці можа і пагадзіцца, «зразумець становішча». Але камусьці беларускія рублі зусім не патрэбныя.

Як улады гэта тлумачаць

Прыблізна так: «Гэта не ў нас дэфолт, а ў заходняй інфраструктуры дэфолт». Гэтак ахарактарызаваў сітуацыю міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў. Беларусь, кажа ён, у канцы лютага перавяла грошы ў доларах ЗША ў амерыканскі «Citibank», той мусіў перадаць іх у міжнародныя клірынгавыя сістэмы, тыя – далей па ланцужку. Але «ў Мінфін пачалі паступаць шматлікія звароты ўладальнікаў каштоўных папераў аб неатрыманні або атрыманні ў няпоўным аб’ёме належных выплатаў».

Міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў.
Фота: Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь

Дакладнага спісу тых, хто не атрымаў грошы, не раскрывалі, але Настасся Лузгіна мяркуе: «Citibank» праводзіць аперацыі так, як мусіць праводзіць. Тое, што плацяжы не даходзяць да інвестара, гэта ўжо не праблема «Citibank’у»:

«Як вынікае з сённяшніх тлумачэнняў Міністэрства фінансаў, у асноўным такія скаргі паступалі ад пэўнага кола інвестараў з Беларусі і Расеі, якія могуць у той ці іншай ступені быць пад санкцыямі».

На падставе гэтага вырашаць, што ўсім інвестарам будуць плаціць у беларускіх рублях, эканамістка называе «дзіўным». На ейны погляд, трэба было працаваць з той інфраструктурай, якая праводзіць плацяжы, і «глядзець, чаму і куды не праходзяць плацяжы, а не проста браць і змяняць валюту плацяжу». Некаторыя краіны, дадае яна, праходзілі праз дэфолт і шукалі рашэнні, якія ўсіх задаволілі б: нейкія шляхі для выплатаў, дадатковыя пагадненні ці адтэрмінаванне. У беларускім выпадку дыялогу не адбылося: рашэнне прынялі ў аднабаковым парадку.

Акрамя праблемаў з правядзеннем плацяжоў, важнай прычынай прыняцця рашэння аб разліках у нацыянальнай валюце можа быць абмежаванасць золатавалютных рэзерваў краіны і пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, дадае Лузгіна.

Што за гэта будзе

Дэфолт можа даць розныя вынікі. Звычайна ён азначае, што краіне будуць значна менш ахвотна даваць крэдыты, значна менш інвеставаць у яе, пагоршацца рэйтынгі. Можа даходзіць і да канфіскацыі замежнай маёмасці Беларусі праз суд (напрыклад, беларускіх санаторыяў у Балтыі, адзін з якіх ужо збіраюцца сканфіскаваць без прывязкі да еўрабондаў).

Але ж Беларусь і так пад заходнімі санкцыямі, крэдыты даюць неахвотна і інвестуюць значна менш, так? Эканамістка ўдакладняе: гэта інвестыцыі з Захаду спыніліся ці істотна зменшыліся, але яны ішлі не толькі з Захаду.

«Дэфолт мае найбольшы эфект на патэнцыйную супрацу, – тлумачыць Лузгіна. – Гэта знак не толькі для заходніх інвестараў, а для ўсяго свету, у тым ліку для больш прыязных да Беларусі краінаў.

Бізнес з Усходу, з Азіі ўсё роўна глядзіць, як краіна выконвае свае абавязкі. Калі такая сітуацыя ўзнікла і была развязаная такім чынам, інвестары могуць вырашыць, што і адносна іхнага бізнесу абавязкі могуць быць не выкананыя. Гэта ў любым выпадку дадатковы ўдар па іміджы, па супрацы з патэнцыйнымі ці цяперашнімі інвестарамі, нават з тымі краінамі, якія на гэты момант прыязныя да Беларусі».

У выніку, кажа Лузгіна, інвестары, якія засталіся, закладуць гэтыя рызыкі ў кошт канчатковых рэсурсаў, якія прыйдуць у Беларусь. Гэта, у сваю чаргу, адаб’ецца і на беларусах, але ўскосна і не адразу.

Эканоміка з Чалым
Чалы: У Беларусі – рэкордны прырост інвестыцыяў?
2022.05.19 20:20

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў