Менчуку далі 12 содняў за сцяг у вакне, якога ён не вывешваў


20-гадоваму Пятру Пажытных, чыю кватэру ва Уруччы 13 красавіка штурмавалі сілавікі без апазнавальных знакаў, прысудзілі 12 содняў за парушэнне парадку арганізацыі ды правядзення масавых мерапрыемстваў (ч. 1 арт. 24.23 КаАП, былы арт. 23.34). Нібыта маладзён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг у вакне, хаця і ён, і ягоная жонка сцвярджаюць адваротнае.

Пётр Пажытных. Фота з сямейнага архіву

Рашэнне прысудзіць Пятру Пажатных 12 содняў вынесла 15 красавіка суддзя Першамайскага раёну Настасся Кулік. Менчука на паседжанне не прывезлі, хлопца далучылі праз «Skype».

Паводле братавай Дар’і, якая прысутнічала ў судовай зале, Пётр выглядаў стомленым, быццам не спаў з моманту затрымання. Міліцыянты ў пратаколе напісалі, што сцяг вісеў на гаўбцы, але на фота, далучаным да справы, ён быў у вакне без гаўбца. Справу адправілі на дапрацоўванне, выправілі месца знаходжання штандара.

Пётр і Маргарыта Пажытных. Фота з сямейнага архіву

Супраць Пятра сведчылі невядомыя сілавікі ў масках. Маргарыта, жонка Пятра, якую таксама выклікалі ў якасці сведкі, кажа, што ніколі не бачыла і не вывешвала нацыянальнай атрыбутыкі ў кватэры:

«Сведкі міліцыянты блыталіся ў паказаннях. У той дзень, калі ГУБАЗіК дзверы ламаў, сцяг ніхто не вывешваў, ніякай атрыбутыкі ў вокнах не было. Паводле фатаграфіяў, прыкладзеных да справы, іх зрабілі ў дзень, калі да нас уварваліся. Бо адным з пакояў мы не карыстаемся, я ведаю, як і што там ляжыць. І на фота ўсё гэтак сама. Мяне тады закрылі ў гасцёўні, Пеця ляжаў тварам у падлогу ў спальні. Можна было пакласці і сфатаграфаваць усё што заўгодна.

Нашага сабаку чуў увесь раён: ён гучна брэша, але не кідаецца на людзей. Яны наказалі мне зачыніць яго на гаўбцы, папярэдзілі, што калі на іх кінецца, то застрэляць. Да таго ж курылі ў нашай спальні».

Ператрус у кватэры Пятра і Маргарыты Пажытных 13 красавіка. Фота ад сваякоў Пятра Пажытных

Таксама Маргарыта адзначае, што Пётр чамусьці сябе агаварыў:

«На судзе ён сказаў, што цяпер нічога не вывешваў. Нібыта вывешваў увосень сцяг, калі мяне не было, а калі я вярталася, то яго здымаў. Я не ведаю, чаму і навошта ён так сказаў. Можа, яму загадалі так сказаць».

Hавiны
«Будзеш маўчаць – папярэджанне, а мужу 20 содняў»: як ва Уруччы бралі штурмам 20-гадовых маладзёнаў
2021.04.13 15:10

Сілавікі без апазнавальных знакаў раніцай 13 красавіка прыйшлі з ператрусам да маладой сям’і – Пятра і Маргарыты Пажытных. Каб трапіць у кватэру, яны выбілі шкло на балконе і ўзламалі дзверы. Пазней у тэлеграм-канале «Жёлтые сливы» з’явіўся допіс з відэа, на якім Пётр распавядае, што быў затрыманы за тое, што ў чаце «Уручча – грамадзянская супольнасць», які ён адміністраваў, «з’яўляліся заклікі да перакрыцця дарог і радыкалізму».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў