Святлана Ціханоўская атрымае прэмію Парламенцкай асамблеі NATO «Жанчыны за мір і бяспеку»


Адмысловая камісія Парламенцкай асамблеі Паўночнаатлантычнага альянсу прагаласавала за ўганараванне прэміяй «Жанчыны за мір і бяспеку» абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская. Скрыншот: Светлана Тихановская / Telegram

Гісторыя Святланы Ціханоўскай сведчыць аб трансфармацыйнай сіле жаночага лідарства ў прасоўванні міру і бяспекі, растлумачыла прэзідэнтка Асамблеі Жаэль Гар’ё-Малям.

«Насуперак велізарным нягодам яна самаахвярна і адважна ўзначаліла апазіцыю супраць аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Ейная адвага ёсць крыніцай натхнення для жанчын і мужчынаў у Беларусі і за яе межамі, якія імкнуцца кінуць выклік рэпрэсіўным рэжымам і выступаць за дэмакратыю», – сказала Гар’ё-Малям.

Барацьба Ціханоўскай, дадала яна, нагадвае, што «дэмакратыя ніколі не павінна ўспрымацца як належнае і што ўсе нашыя краіны нясуць адказнасць за абарону дэмакратыі і супрацьдзеянне росту аўтарытарызму».

Гэтую прэмію даюць толькі трэці раз, у мінулыя гады ёю ўганаравалі тагачасную спікерку Палаты прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Нэнсі Пэлоўсі і віцэ-прэм’ерку Украіны Вольгу Стэфанішыну. Калі і дзе адбудзецца ўручэнне прэміі Ціханоўскай, пакуль не анансавалі.

Ціханоўская ж працягвае выступаць за дэмакратыю. 15 верасня, у Міжнародны дзень дэмакратыі, яна звярнулася да беларусаў з заклікам яднацца, дапамагаць адно аднаму і змагацца за свабоду. Яна пабачыла «парасткі дэмакратыі» ў кожным, хто слухае Лявона Вольскага ці «Океан Ельзи», вучыць беларускую мову або ставіць VPN, каб чытаць «Нашу ніву» і глядзець «Белсат».

Hавiны
Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце: Еўрапейскі Звяз – нашая галоўная мэта
2023.09.13 17:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў