Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце: Еўрапейскі Звяз – нашая галоўная мэта


Сёння, 13 верасня, Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай перад дэпутатамі Еўрапарламенту, падчас якой пацвердзіла, што галоўная стратэгічная мэта дэмакратычных сілаў – гэта Еўразвяз. Што яшчэ казала беларуская дэмакратычная лідарка?

Святлана Ціханоўская рэпрэзентуе пашпарт новай Беларусі ў Еўрапарламенце. 13 верасня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Ціхая вайна і ціхія героі

У пачатку сваёй прамовы беларуская лідарка адзначыла, што на адрозненне ад вайны ва Украіне, у Беларусі ідзе «ціхая вайна». Мэта Крамля ў гэтай вайне тая ж, што і ва Украіне: ператварыць суверэнную Беларусь у чарговую рабскую расейскую калонію.

І здзейсніць гэтую задуму Пуціну актыўна дапамагае Лукашэнка, які «кавалачкамі прадае нашую незалежнасць».

«Ціха і без шуму яны робяць больш жорсткім кантроль над нашай эканомікай, нашай арміяй, нашымі інстытутамі. Ціха і без шуму знішчаюць нашую грамадзянскую супольнасць, палітычныя партыі, СМІ. Іхная канчатковая мэта – не даць Беларусі стаць сапраўды еўрапейскай дэмакратычнай краінай», – сказала Святлана Ціханоўская.

Але, падкрэсліла дэмакратычная лідарка, «яны прайграюць, іх чакае правал». Бо тэрор, развязаны Пуціным і Лукашэнкам, зрабіў беларусаў яшчэ больш рашучымі.

І ў гэтай ціхай вайне, зазначыла Святлана Ціханоўская, шмат ціхіх герояў, такіх як Дзмітрый Клімаў, які знішчаў чыгуначнае абсталяванне, каб спыніць цягнікі з расейскімі танкамі, як валанцёрка «Вясны» Марфа Рабкова, як настаўнікі, якія адмаўляюцца вучыць дзяцей дзяржаўнай ідэалогіі, або бізнесмены, якія таемна падтрымліваюць рэпрэсаваных.

Беларусы хочуць вярнуцца дадому: у Еўропу

«Мы хочам вярнуцца дадому. Вярнуцца ў Еўропу. Еўропа – у нашай ДНК. Мы абралі Еўропу шмат вякоў таму. І мы пацвердзілі гэты выбар у 2020 годзе», – сказала Святлана Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што месяц таму беларускія дэмакратычныя сілы прынялі супольную дэкларацыю, у якой была вызначаная стратэгічная мэта – сяброўства Беларусі ў Еўразвязе.

«Я ведаю, што гэта зойме час. Я ведаю, што гэта будзе нялёгка. Але для нас няма шляху назад! Еўрапейскі Звяз – нашая галоўная мэта. Кропка», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка Беларусі.

Ціханоўская адзначыла, што хацела б, каб сярод прыгожых сцягоў у зале Еўрапарламенту калісьці можна было б пабачыць і беларускі бел-чырвона-белы сцяг. Пры гэтым спадарыня Святлана з гонарам разгарнула палатно нацыянальнага сцяга перад еўрадэпутатамі.

Святлана Ціханоўская падчас выступу ў Еўрапейскім парламенце. 13 верасня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Я хацела б бачыць у гэтай зале дэмакратычна абраных прадстаўнікоў Беларусі. І я хачу, каб беларуская мова, якая так моцна пацярпела за стагоддзі расейскага дамінавання, стала адной з афіцыйных моваў ЕЗ», – падкрэсліла дэмакратычная лідарка.

Падтрыманне еўрапейскай перспектывы і прызнанне пашпарта новай Беларусі

Святлана Ціханоўская сказала, што прыйшла ў залу Еўрапарламенту, каб папрасіць дэпутатаў падтрымаць еўрапейскую перспектыву Беларусі. Бо беларусы хочуць пачуць, што іхную краіну не аддадуць у якасці суцяшальнага прызу Пуціну.

Спадарыня Святлана заклікала еўрадэпутатаў падтрымаць рэзалюцыю, агучаную Пятрасам Аўштравічусам, у якой падкрэсліваюцца еўрапейскія памкненні беларусаў.

«Прапаную вывесці адносіны дэмакратычнай Беларусі і Еўрапарламенту на новы ўзровень і інстытуцыялізаваць нашую супрацу. Я ўпэўненая, што мы зможам зрабіць гэта да блізкіх выбараў у Еўрапарламент», – заклікала абраная прэзідэнтка Беларусі.

Еўрадэпутаты сустракаюць воплескамі выступленне Святланы Ціханоўскай у Еўрапейскім парламенце.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У святле ўказу, прынятага Лукашэнкам, аб пазбаўленні беларусаў за мяжой пашпартоў і правоў на ўласнасць, Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што беларускія дэмакратычныя сілы працуюць над тым, каб пачаць выдачу нацыянальных беларускіх пашпартоў.

«Гэты дакумент пацвердзіць беларускае грамадзянства і будзе служыць праезным дакументам для выгнаных беларусаў. Вельмі хутка мы прыйдзем да вашых урадаў з просьбай прызнаць нашыя новыя пашпарты», – сказала Ціханоўская.

І напрыканцы прамовы беларуская дэмакратычная лідарка заклікала еўрадэпутатаў дапамагчы прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці. «За забойствы апанентаў «эскадронамі смерці». За катаванні мірных пратэстоўцаў. За выкраданне ўкраінскіх дзяцей. За вядзенне вайны супраць беларусаў і хаўрусніцтва ў вайне супраць Украіны», – адзначыла беларуская дэмакратычная лідарка.

Некалькі разоў падчас выступлення дэпутаты Еўрапарламенту пляскалі Святлане Ціханоўскай, а па заканчэнні прамовы віталі яе апладысментамі стоячы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў