«Пагроза ценявой эканомікі». Ад пачатку года гатоўкі ў Беларусі паболела на 28 %


Нацбанк падлічыў, што беларусы цяпер трымаюць на руках 8 млрд 826 млн рублёў. Са студзеня, калі было 6 млрд 894 млн, аб’ём гатоўкі павялічыўся на 28 %. Гэты паказнік расце ўжо 18 месяцаў запар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Рост гатоўкі пагражае росквітам ценявой эканомікі, адзначыў у размове з «Белсатам» эканаміст Аляксей Харкевіч.

«Гэтыя грошы ўсё роўна будуць неяк працаваць. Людзі будуць імі разлічвацца, і таксама міма касы, а гэта недабор падаткаў. З гэтым у перспектыве будуць змагацца», – кажа адмысловец.

Як мяркуе суразмоўца «Белсату», гатоўкі более ў асноўным за кошт продажу валюты грамадзянамі. Долары і еўры здаюць з розных прычынаў, у тым ліку дзеля падтрымання пабежнага спажывання.

«Стала складаней выжываць. Нехта палічыў больш выгадным зрабіць дарагія пакупкі, чымся трымаць наяўную валюту ўдома. Акрамя таго, закрываецца мяжа, больш складана стала выехаць на адпачынак, то бок валюту цяпер няма куды выдаткоўваць, на яе не такі попыт, што быў раней», – кажа Харкевіч.

Статыстыка Нацыянальнага банку з 1 жніўня таксама зафіксавала сталую тэндэнцыю скарачэння валютных дэпазітаў і павелічэння рублёвых. Як раней тлумачыла «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна, цяперашнія стаўкі з улікам інфляцыі ў ЗША і еўразоне не дазваляюць атрымаць прыбытак у доларах і еўрах. Затое на рублёвых дэпазітах сапраўды можна прымножыць ашчаджэнні. Прынамсі, пакуль што.

Зрэшты, калі пералічыць валютныя ўклады паводле актуальнага курсу, то атрымліваецца, што ў замежных грошах беларусы ўсё роўна трымаюць болей, чымся ў рублях: валютных дэпазітаў цяпер на 9 млрд 731 млн рублёў, а рублёвых – на 7 млрд 209 млн.

Пры гэтым, як сведчаць звесткі Нацбанку, лік укладчыкаў зніжаецца ўжо год. Калі 1 жніўня летась іх было 1 млн 114 тысячаў, то 1 жніўня сёлета – 1 млн 57 тысячаў. На гэтым паказніку адбіваецца скарачэнне колькасці тых, хто трымае на дэпазітах валюту, і павольны рост рублёвых укладчыкаў за гэтым падзеннем не паспявае.

Што датычыць шырокай грашовай масы, то за ліпень яна скарацілася амаль на 2 % і цяпер складае 65 млрд 867 млн рублёў. Дынаміка менавіта гэтага паказніка дазваляе зразумець, ці пачалося друкаванне грошай. Эканамісты кажуць, што калі шырокая грашовая маса (тут улічваецца і гатоўка ў абарачэнні, і грошы грамадзянаў ды прадпрыемстваў на рахунках, і валютныя каштоўныя паперы) будзе заўважна расці з месяца ў месяц, тады Нацбанк можна будзе западозрыць у запуску друкарскага станка.

Разбор
Інфляцыя, дэвальвацыя, дэфіцыт. Эканамістка назвала рызыкі росту гатоўкі на руках у беларусаў
2023.06.21 10:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў