Інфляцыя, дэвальвацыя, дэфіцыт. Эканамістка назвала рызыкі росту гатоўкі на руках у беларусаў


Нацбанк паведаміў, што, паводле звестак на 1 чэрвеня, на руках у беларусаў цяпер 8,193 млрд рублёў. За месяц гатоўкі ў абарачэнні паболела на 3,5 %, а ад пачатку года – на 19 %. «Белсат» спытаў у эканамісткі Настассі Лузгіной, у чым небяспека грошай пад падушкаю.

Беларусбанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Жанчына здымае наяўныя грошы ў банкамаце. Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: «Белсат»

За месяц гатоўкі ў абарачэнні паболела на 275 млн рублёў, або на 3,5 %. Цяпер на руках у беларусаў 8,193 млрд рублёў. Сёлетні рост – 19 %. У параўнанні з пачаткам 2022 года, калі пачалося сталае павелічэнне гатоўкі, гэты паказнік вырас амаль удвая.

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў размове з «Белсатам» адзначыла: такое назапашванне гатоўкі адгукнецца падчас якога-кольвек крызісу, калі ўсе з якой-небудзь прычыны пабягуць па долары або па тэлевізары з лядоўнямі.

«Гатоўка – найбольш ліквідныя грошы: з імі можна ў любы момант пайсці ў краму ці абменнік і купіць там, адпаведна, тавараў ды валюты. Гэта ўзмацняе рызыкі. Калі нейкія ваганні на валютным рынку альбо проста ў эканоміцы нешта адбываецца, то гэтыя грошы могуць быць лёгка выдаткаваныя, што, вядома, павялічвае рызыку інфляцыі, дэвальвацыі і дэфіцыту», – папярэдзіла экспертка.

Гатоўкі большае на руках з розных прычынаў: хтосьці не давярае банкам, кагосьці не задавальняе прыбытковасць дэпазітаў.

«Ва ўмовах, калі эканоміка ў нявызначанасці, людзі хочуць нейкую частку сваіх ашчаджэнняў трымаць у наяўнай форме. Таксама могуць уплываць перабоі ў безнаяўных плацяжах: гатоўка не падвядзе, а картка – можа», – кажа Лузгіна.

Паводле Нацбанку, шырокая грашовая маса за травень вырасла на 2 % да 64,013 млрд рублёў. Павелічэнне ад пачатку года – 4,5 %. Гэтыя лічбы не сведчаць, што рэгулятар пачаў друкаваць грошы, заявіла суразмоўца «Белсату».

«Гэта не такі буйны рост. Эмісія грошай можа адбывацца, нічога жудаснага ў ёй няма, калі яна дыктуецца ростам ВУП: у нас павялічваецца таваразварот, і нам трэба яго абслугоўваць. Грашовая маса мусіць расці, каб абслужыць гэты тавар», – растлумачыла Настасся Лузгіна.

Яна падсумавала, што калі шырокая грашовая маса будзе актыўна павялічвацца з месяца ў месяц, тады Нацбанк можна будзе западозрыць у запуску друкарскага станка.

Разбор
Дзеля спажывання і нерухомасці. Беларусы чатыры месяцы запар здаюць валюты болей, чымся купляюць
2023.06.09 07:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў