У Беларусі пачалі спецыяльнае вядзенне супраць удзельнікаў канфлікту каля амбасады ў Лондане


Следчы камітэт Беларусі распачаў працэс спецыяльнага вядзення ў дачыненні чатырох чалавек, якіх вінавацяць у нападзе на дыпламатаў каля будынку беларускай амбасады ў Лондане ў снежні 2021 года.

Спецвядзенне распачалі супраць Вадзіма Багакова, Максіма Зуева, Сяргея Рабушкі, Аляксандра Напрэенкі. Усім чатыром выставілі абвінавачанне паводле ч 3. арт. 130 («Распальванне варожасці») і ч. 3 арт. 218 («Наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці»). Акрамя таго, Зуева і Багакова вінавацяць паводле ч. 1 арт. 366 («Гвалт і пагроза гвалту ў дачыненні службовай асобы»).

Адпаведнае рашэнне ўзгодненае з генеральным пракурорам.

Нагадаем: інцыдэнт каля амбасады Беларусі ў Лондане адбыўся 19 снежня 2021 года. Паводле афіцыйнай версіі ўладаў Беларусі, некалькі чалавек закідалі фасад будынку амбасады яйкамі, а затым напалі на дыпламатаў, якія прыбылі на месца.

У МЗС Беларусі сцвярджалі, што аднаму дыпламату нібыта зламалі нос, паламалі зуб і збілі да страсенню мазгоў лёгкай ступені. У ведамстве тады таксама заявілі, не спасылаючыся на крыніцу інфармацыі, што нападнікамі былі сябры арганізацыі «Надзея». Прадстаўнікі «Надзеі», у сваю чаргу, адмаўлялі якое-кольвек дачыненне да «агіднага здарэння».

Неўзабаве пасля здарэння адзін з удзельнікаў канфлікту ля амбасады распавёў «Белсату» іншую версію падзеяў. Паводле яго, канфлікт наўмысна справакавалі самі дыпламаты, а заява пра сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні была хлуснёй – усё абмежавалася лёгкім плескачом.

Артыкулы
Лідар беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі: Дыяспара не мае дачынення да збіцця консула
2021.12.21 21:29

У заяве СК не ўдакладняецца, ці звяртаўся беларускі бок да праваахоўных органаў Вялікай Брытаніі з патрабаваннем выдаць Багакава, Зуева, Рабушку і Напрэенку. Вядома, што аднаго з удзельнікаў канфлікту затрымлівала брытанская паліцыя.

Спецыяльнае вядзенне дазваляе ўладам судзіць людзей па-за Беларуссю, то бок завочна.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў