Удзельнік канфлікту ля амбасады ў Лондане распавёў «Белсату» сваю версію падзеяў


Беларускі эмігрант Арцём (імя змененае на просьбу героя) лічыць здарэнне ля амбасады Беларусі ў Лондане правакацыяй і сцвярджае, што нікога не збіваў, а толькі даў аднаму працаўніку амбасады аплявуху.

У той дзень, 19 снежня, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі праводзілі мірную акцыю ля будынку амбасады Беларусі ў Лондане. Як распавёў «Белсату» беларускі эмігрант Арцём, ён прынёс на акцыю туалетны ёршык і бутэльку «Domestos», на якіх было напісана па-англійску «зубная шчотка» і «зубная паста» адпаведна. Бутэльку і ёршык ён пакінуў перад дзвярыма амбасады.

«Пасля таго як пратэст скончыўся, мы сышлі ад амбасады. Прыкладна ў 19:40-19:45 я пайшоў праверыць, ці засталіся «зубная паста» і «зубная шчотка» каля дзвярэй. Іх там не аказалася. У той момант, калі мы падышлі да амбасады, там ужо стаялі чатыры чалавекі. Калі я ўбачыў, што нічога гэтага няма, я іх спытаў, ці пачысцілі яны ўжо зубы? Пасля чаго ў дачыненні мяне пачаліся агрэсіўныя паводзіны з боку работнікаў амбасады.

Пачалі абражаць нецэнзурнай лексікай маіх бацькоў, маю сям’ю ў цэлым, мяне… У рэшце рэшт, я проста не ўтрымаўся (гэта была мая памылка) і даў аднаму з іх аплявуху», – кажа суразмоўца «Белсату».

Працаўнік амбасады, якому Арцём даў аплявуху (імя гэтага чалавека ён не ведае), разгарнуўся і ўцёк унутр будынку. Літаральна праз некалькі хвілінаў прыехала паліцыя. Арцём сцвярджае, што ў гэты момант выйшаў іншы чалавек і ў яго ўжо быў скрываўлены нос.

«Ён выйшаў з амбасады, у яго пад носам ужо была кроў, яна была ўжо засохлая. Да таго я з гэтым чалавекам не сутыкаўся і ні ў якія сваркі з ім не ўступаў. Я ўпершыню яго ўбачыў, калі ўжо быў арыштаваны паліцыяй», – кажа ён. Акрамя крыві пад носам ніякіх вонкавых пашкоджанняў больш бачна не было. Арцём дадае, што ад аплявухі кроў у прынцыпе не можа пайсці.

Падчас допыту ў паліцыі Арцёму сказалі, што працаўнікі амбасады вінавацілі яго ў тым, што ён даў аплявуху аднаму чалавеку і кінуў пакет з яйкамі ў другога. Арцём прызнаўся, што сапраўды даў аплявуху, але кіданне пакету з яйкамі адмаўляе.

«У маім разуменні гэта была запланаваная правакацыя з боку прадстаўнікоў амбасады. Мае паводзіны ў дадзенай сітуацыі было цалкам адэкватным, бо абражалі маю сям’ю і мяне асабіста…Адзінае, што я зрабіў, – уступіў у перапалку з адным з працаўнікоў і даў яму аплявуху. Нікога я не біў, нікому не выбіваў зубы», – сцвярджае ён.

Арцём верыць, што брытанская паліцыя ва ўсім разбярэцца. «Як мне патлумачыў адвакат, мне пагражае ад папярэджання да штрафу. Калі б усё было так, як заявіў амбасадар у прэсе, то мяне б арыштавалі зусім па іншай прычыне і я б дагэтуль знаходзіўся пад арыштам. Бо па брытанскіх законах гэта б ужо пагражала крымінальным тэрмінам», – дадаў ён.

Арцём падкрэслівае, што ён сам вырашыў вярнуцца да амбасады ўвечары. Мужчына прызнаецца, што перад тым ён выпіў віскі. Але сцвярджае, што не злоўжываў алкаголем і не быў пʼяным.

Артыкулы
Лідар беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі: Дыяспара не мае дачынення да збіцця консула
2021.12.21 21:29

Нагадаем, 20 снежня ў МЗС Беларусі заявілі, што на беларускага консула ў Лондане напалі: зламалі яму нос, паламалі зуб і збілі да страсення мазгоў лёгкай ступені. У міністэрстве таксама заявілі, не спасылаючыся на крыніцу інфармацыі, што нападнікамі былі сябры арганізацыі «Надзея». Прадстаўнікі «Надзеі», у сваю чаргу, адмаўляюць якое-небудзь дачыненне да «агіднага здарэння».

РР belsat.eu

Стужка навінаў