Пуцін рыхтуе вайну ў космасе? У ЗША заявілі пра «сур’ёзную пагрозу нацбяспецы»


Як паведамляюць амерыканскія медыі, спецслужбы атрымалі звесткі пра тое, што Расея можа размясціць у космасе ядравую зброю, каб пагражаць Злучаным Штатам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Старшыня Камітэту выведкі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу Майк Тэрнэр. Вашынгтон, ЗША. 14 снежня 2022 года.
Фота: Nathan Posner / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Загадкавая заява ў Кангрэсе

14 лютага старшыня Камітэту выведкі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, рэспубліканец Майк Тэрнэр заявіў, што камітэт атрымаў інфармацыю пра «сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы» ЗША.

«Я прашу прэзідэнта Байдэна рассакрэціць усю інфармацыю, якая тычыцца гэтай пагрозы, каб Кангрэс, адміністрацыя і нашыя саюзнікі маглі адкрыта абмеркаваць дзеянні, неабходныя для адказу на гэтую пагрозу», – сказаў Тэрнер.

Тэрнэр не патлумачыў сутнасці пагрозы і не назваў краіны, ад якой яна зыходзіць.

Не каментуюць сутнасць пагрозы і ў Белым доме. Дарадца прэзідэнта ЗША ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван пры гэтым выказаў здзіўленне, што Тэрнэр выступіў з такою заяваю публічна.

«Я крыху здзіўлены тым, што кангрэсмен Тэрнер зрабіў публічную заяву сёння, напярэдадні запланаванай сустрэчы, на якой мы павінны будзем усе разам сустрэцца з нашымі спецыялістамі ў галіне разведкі і абароны», – зазначыў дарадца прэзідэнта.

Космас як поле бітвы

Паводле амерыканскіх медыяў, загадкавая заява Тэрнэра звязаная з тым, што выведка ЗША атрымала «дастаткова сур’ёзную» інфармацыю пра тое, што Расея нібыта плануе размясціць у космасе ядравую зброю. «Reuters» сцвярджае, што адпаведная інфармацыя была перададзеная Кангрэсу і ключавым саюзнікам ЗША.

Крыніцы «The Washington Post» кажуць пра «новы патэнцыял расейскай касмічнай пагрозы», які можа мець «злавесныя наступствы». Адзін кангрэсмен зазначыў, што гэта можа стаць патэнцыйным «геастратэгічным пераломным момантам».

Пры гэтым крыніцы «ABC News» падкрэсліваюць, што гаворка ідзе не пра тое, што Расея хоча выкарыстаць ядравую зброю касмічнага базавання супраць наземных цэляў, а, хутчэй, пра магчымае знішчэнне амерыканскіх спадарожнікаў. Тым не менш, «гэта вельмі трывожна і вельмі адчувальна», зазначыў суразмоўца журналістаў. Касмічныя спадарожнікі ЗША маюць жыццёва важнае значэнне для сістэмы цывільнай сувязі і навігацыі, а таксама для сістэмы збору разведвальнай інфармацыі і кіравання ваеннымі аперацыямі.

Пры гэтым прырода новай касмічнай зброі застаецца не да канца зразумелай. «The Washington Post» са спасылкай на аднаго з амерыканскіх чыноўнікаў паведамляе, што Расея эксперыментавала з выкарыстаннем ядравых выбухаў або зброі накіраванай энергіі для вываду са строю спадарожнікаў. Акрамя таго, выданне нагадвае, што Расея раней праводзіла вучэнні з выкарыстаннем няядравай зброі супраць спадарожнікаў. Вядома, што ў 2021 годзе Расея ракетаю з Зямлі збіла на арбіце стары савецкі спадарожнік «Цаліна-Д», які ўжо даўно не выкарыстоўваўся. Злучаныя Штаты выказвалі занепакоенасць у сувязі з гэтым здарэннем, назваўшы дзеянні расейцаў «небяспечнымі і безадказнымі». Выданне «The Economist» мяркуе, што тая аперацыя ўвогуле магла быць папярэджаннем з боку Крамля, каб Злучаныя Штаты не ўмешваліся ў вайну з Украінаю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Bridgeman Images / East News

Крыніцы CNN кажуць, што нават няядравая арбітальная зброя можа ствараць значную пагрозу для ЗША. «Калі яна арбітальная, то гэта новы ўзровень пагрозы, незалежна ад таго, ядравая яна або не», – заявіў дырэктар праекту ядравай інфармацыі Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў Ганс Крыстэнсэн. Высокапастаўленыя афіцэры ЗША выказваюць заклапочанасць з нагоды пагрозы, якую ўяўляюць намаганні Расеі і Кітаю стварыць супрацьспадарожнікавую зброю, паведамляе NBC News.

Паводле крыніцаў CNN, знаёмых са звесткамі выведкі, касмічная ядравая сістэма РФ яшчэ не выведзеная на арбіту і знаходзіцца на стадыі распрацоўкі. Пакуль незразумела, наколькі сур’ёзна прасунуліся расейцы ў развіцці гэтай тэхналогіі.

Амерыканскія палітыкі запэўніваюць грамадства, што панікаваць не варта, бо прамой пагрозы пакуль няма – гаворка вядзецца пра сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву. «Няма неабходнасці скупляць золата», – заявіў сябра Палаты прадстаўнікоў Джым Гаймз. Разам з тым, кангрэсмены заклікаюць Белы дом прыняць меры ў адказ. «Мы збіраемся працаваць разам над развязаннем гэтага пытання, як мы займаемся ўсімі далікатнымі засакрэчанымі пытаннямі», – зазначыў спікер Палаты прадстаўнікоў Майкл Джонсан.

Рэальная пагроза ці спекуляцыя?

Паводле выдання «Politico», разведвальная інфармацыя наконт расейскіх касмічных распрацовак ужо больш за год турбуе Злучаныя Штаты. Пры гэтым некаторыя крыніцы «The New York Times» мяркуюць, што Тэрнэр, які выступае за падтрыманне Украіны, спецыяльна падняў шум менавіта цяпер, каб падштурхнуць кангрэсменаў да прыняцця закону аб фінансавай дапамозе саюзнікам Злучаных Штатаў. Праўда, не зусім зразумела, ці сапраўды гэтая інфармацыя можа неяк паўплываць на пастанову Кангрэсу.

Аналітыка
Чаму ЗША дасюль не ўхвалілі дапамогу Украіне? Тлумачым, што адбываецца
2024.02.05 19:45

Масква абвяргае звесткі амерыканскіх медыяў пра распрацоўку ядравай зброі касмічнага базавання.

«Відавочна, што Белы дом спрабуе праўдамі і няпраўдамі падштурхнуць Кангрэс да галасавання наконт законапраекту аб выдзяленні грошай, гэта відавочна. На якія хітрыкі будзе пускацца Белы дом – паглядзім», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

Размяшчэнне ядравай або іншых відаў зброі масавага знішчэння ў космасе забароненае дамовай 1967 года, якую падпісалі ЗША, Вялікая Брытанія і СССР. Дакумент таксама абмяжоўвае выкарыстанне Месяца і іншых нябесных целаў толькі мірнымі мэтамі, выключае стварэнне там вайсковых базаў і вайсковых збудаванняў. Таму размяшчэнне на арбіце ядравай зброі або іншых наступальных сістэмаў будзе адназначна з’яўляецца крокам да агульнай эскалацыі і непазбежна падштурхне свет да новай гонкі ўзбраенняў.

Ядравы шантаж ужо даўно зрабіўся адметнаю рысаю палітыкі Масквы. Хаця з-за пастаяннага паўтарэння шмат хто на Захадзе ўжо перастаў успрымаць такія пагрозы ўсур’ёз, Расея працягвае звяртацца да гэтай тэмы, каб пераканаць свет у сур’ёзнасці сваіх намераў і падтрымаць агульны градус напружання.

У лістападзе 2023 года Расея скасавала ратыфікацыю Дамовы аб поўнай забароне ядравых выпрабаванняў. Гэты дакумент, які быў ухвалены на Генеральнай асамблеі ААН у 1996 годзе, абавязваў краіны-ўдзельніцы не праводзіць ніякіх выпрабавальных выбухаў ядравай зброі і не заахвочваць такіх выпрабаванняў іншымі дзяржавамі. Пастанова адклікаць ратыфікацыю была прынятая на фоне скандальных заяваў набліжаных да Пуціна асобаў і прапагандыстаў з заклікам правесці маштабныя ядравыя выпрабаванні або проста ўчыніць тэрмаядравы выбух «дзе-небудзь над Сібірру», каб вывесці з ладу ўсю электроніку.

Аналітыка
Чаму Расея хоча выйсці з дамовы аб ядравых выпрабаваннях і прычым тут «Буравеснік»?
2023.10.07 08:21

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў