Чаму Расея хоча выйсці з дамовы аб ядравых выпрабаваннях і прычым тут «Буравеснік»?


Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея можа адклікаць ратыфікацыю Дамовы аб усёабдымнай забароне ядравых выпрабаванняў і распавёў пра «апошняе паспяховае выпрабаванне» міжкантынентальнай крылатай ракеты з ядравай энергетычнай устаноўкай «Буравеснік». Распавядаем, што гэта значыць і якія наступствы будзе мець.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін на XX штогадовым пасяджэнні Міжнароднага дыскусійнага клуба «Валдай». Сочы, Расея. 5 кастрычніка 2023 года.
Фота: kremlin.ru

5 кастрычніка падчас паседжання клубу «Валдай» Уладзімір Пуцін заявіў, што «тэарэтычна» Расея можа адклікаць ратыфікацыю Дамовы аб усёабдымнай забароне ядравых выпрабаванняў. На наступны дзень спікер Дзярждумы Уладзімір Валодзін распавёў, што пытанне аб скасаванні ратыфікацыі будзе разгледжана на наступным паседжанні.

«Сітуацыя ў свеце змянілася. Вашынгтон і Брусель развязалі супраць нашай краіны вайну. Сённяшнія выклікі патрабуюць новых рашэнняў», – заявіў ён.

Што гэта за дамова

Дамова аб усёабдымнай забароне ядравых выпрабаванняў (ДУЗЯВ) была прынятая 50-й сесіяй Генеральнай асамблеі ААН у верасні 1996 года. Гэты дакумент абавязвае краіны-ўдзельніцы не праводзіць ніякіх выпрабавальных выбухаў ядравай зброі і не заахвочваць такія выпрабаванні іншымі дзяржавамі. Дамову падпісалі 183 краіны (уключаючы Беларусь), ратыфікавалі – 178.

Дэ-юрэ дамова так і не набыла моц. Для гэтага трэба, каб дакумент падпісалі і ратыфікавалі 44 дзяржавы, якія па стане на 1996 год валодалі ядравай зброяй або мелі патэнцыял для яе стварэння. Аднак восем краінаў – ЗША, Кітай, КНДР, Егіпет, Індыя, Іран, Ізраіль і Пакістан – не ратыфікавалі дамову.

Разам з тым, з’яўленне ДУЗЯВ стала адлюстраваннем міжнароднага кансэнсусу наконт адмовы ад стварэнне новых тыпаў ядравай зброі і нераспаўсюду зброі масавага знішчэння ў неядравых краінах. Найбуйнейшыя дзяржавы свету дэ-факта ўвялі мараторый на любыя ядравыя выпрабаванні. СССР (Расея) правяла апошняе выпрабаванне ў 1990 годзе, Вялікая Брытанія – у 1991-м, ЗША – у 1992-м, Францыя і Кітай – у 1996-м.

Пасля з’яўлення Дамовы аб усёабдымнай абароне ядравыя выпрабаванні праводзілі толькі «маладыя» ядравыя краіны: Індыя і Пакістан у 1998-м (пасля гэтага абедзве краіны абвесцілі пра аднабаковы мараторый), а таксама КНДР – у 2006, 2009, 2013, 2016 і 2017 гг (за што трапіла пад міжнародныя санкцыі).

То бок з 90-х увесь свет за выключэннем КНДР афіцыйна прытрымліваецца мараторыя на ядравыя выпрабаванні.

Маніпуляцыя Крамля

Масква апраўдвае свой намер выйсці з Дамовы аб усёабдымнай забароне спасылкай на тое, што гэты дакумент не ратыфікавалі Злучаныя Штаты. Аднак выглядае гэта як тыповая маніпуляцыя.

ЗША не праводзяць ядравыя выпрабаванні і пастаянна падкрэсліваюць, што маюць намер прытрымлівацца ўведзенага мараторыя. Больш за тое, Вашынгтон прапаноўвае Расеі і Кітаю павысіць празрыстасць у гэтай сферы. Паводле агенцтва Bloomberg, Міністэрства энергетыкі ЗША нядаўна выступіла з ініцыятывай запрасіць назіральнікаў з Расеі і Кітая на свае палігоны, каб праверыць выкананне мараторыя. Адказу амерыканскі бок дасюль не атрымаў. Масква ўвогуле не прызнае, што ім нешта прапаноўвалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бамбардзіроўшчыкі ваенна-паветраных сіл ЗША (у цэнтры), ляцяць у страі са знішчальнікі F-35A ВПС Паўднёвай Карэі і F-16 ВПС ЗША над Паўднёвакарэйскім паўвостравам падчас сумесных вучэнняў у Паўднёвай Карэі. 19 сакавіка 2023 года.
Фота: South Korea Defense Ministry / Zuma Press / Forum

А вось да Расеі ў плане выкання міжнародных абавязкаў сапраўды ёсць шмат пытанняў. Яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны Злучаныя Штаты некалькі разоў абвінавачвалі Крэмль у парушэнні мараторыя і правядзенні выпрабаванні малой магутнасці.

Пасля ўварвання ва Украіну Расея загаварылі пра магчымасць скасавання мараторыя ўжо адкрыта. Спачатку гэта падавалася выключна ў кантэксце адказу на аналагічныя дзеянні ЗША. У лютым 2023 года Пуцін заявіў, што Расея павінна быць гатовая да правядзення ядравых выпрабаванняў на выпадак, калі іх вырашаць правесці ЗША. Паводле ягоных слоў, Маскве нібыта «дакладна вядома», што ў Вашынгтоне аб гэтым «задумваюцца».

Аднак апошнім часам у расейскай публічнай прасторы гэтыя прапановы сталі гучаць ужо без увязкі з пагрозай выпрабаванняў у ЗША.

Ядравы шантаж 2.0

У канцы верасня набліжаны да Пуціна кіраўнік Курчатаўскага інстытуту Міхаіл Кавальчук (брат мільярдэра Юрыя Кавальчука) заклікаў правесці маштабнае выпрабаванне ядравай зброі, якое нібыта прымусіць ЗША дамаўляцца з Расеяй. У прыклад ён прывёў выпрабаванне тэрмаядравай «Цар-бомбы» 1961 годзе. «Вось цяпер дакладна такая ж сітуацыя. Дастаткова правесці выпрабаванні на Новай Зямлі… Адзін разок хаця б. І ўсё ўстане на свае месцы», – заявіў ён.

Галоўная рэдактарка RT, расейская прапагандыстка Маргарыта Сімоньян увогуле заклікала ўчыніць тэрмаядравы выбух «дзе-небудзь над Сібіру», каб вывесці са строю ўсю электроніку. Паводле Сіманьян, такі выбух стане «ядравым ультыматумам», які дапаможа ў барацьбе з Захадам і Украінай. Пры тым, што ядравыя выпрабаванні ў паветры, пра якія кажа прапагандыстка, забаронены яшчэ дамовай 1963 году.

З практычнага пункту гледжання заявы Кавальчук і Сіманьян выглядаюць проста недарэчна. Ядравы выбух над Сібіру ў першую чаргу будзе мець сумныя экалагічныя і тэхнічныя наступствы для самой Расеі. А выбух «Цар-бомбы» у 1961 годзе насамрэч зусім не прымусіў ЗША да саступак – наадварот праз год адбыўся Карыбскі крызіс, які паставіў свет перад пагрозай ядравай вайны.

Аднак падобна на тое, што ўсе гэтыя заявы з’яўляюцца часткай новай кампаніі ядравага шантажу, якую ладзіць Пуцін. Як гэта звычайна і бывае, да кампаніі адразу далучыўся Аляксандр Лукашэнка, які 6 кастрычніка заявіў, што ЗША штурхаюць Расею да крайніх мераў. «Нагнятанне, эскалацыя прывядуць да таго, што яны дастануць чырвоную кнопку і пакладуць на стол», – адзначыў ён.

«Буравеснік» як «лятаючы Чарнобыль»

Размовы пра ядравыя выпрабаванні ідуць паралельна з нагнятаннем атмасферы вакол міжкантынентальнай ракеты «Буравеснік» з ядравай сілавой устаноўкай (па сутнасці, малым ядравым рэактарам). Пуцін упершыню пахваліўся адпаведнымі распрацоўкамі яшчэ ў 2018 годзе: нібыта «Буравеснік» мае неабмежаваную далёкасць дзеяння, непрадказальную траекторыю і з’яўляецца «непаражальнай для ўсіх існых і перспектыўных сістэм як СПА». Расейскія медыі называлі гэтую ракету «зброяй адплаты» і падкрэслівалі, што яна можа несці зарад у сотні кілатонаў. Цяпер, на паседжанні «Валдая» 5 кастрычніка 2023 года, Пуцін заявіў, што Расея правяла апошняе паспяховае выпрабаванне «Буравесніка».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запуск расейскай міжкантынентальнай крылатай ракеты з ядзерным рухавіком, якую прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін назваў новай. 1 сакавіка 2018 года.
Фота: RU-RTR Russian Television / AP / East News

Выключаць, што новыя выпрабаванні сапраўды адбыліся нельга. Раней журналісты The New York Times, прааналізаваўшы спадарожнікавыя здымкі, прыйшлі да высновы. Расея рыхтуецца або ўжо правялі выпрабаванні «Буравесніка» ў раёне палігона Панькава на архіпелагу Новая Зямля. Аднак ці былі выпрабаванні паспяховымі? Крэмль вельмі любіць спекуляваць на сваіх вайсковых распрацоўках, часта выдаючы жаданае за сапраўднае.

Амерыканскі аналітычны цэнтр Nuclear Threat Initiative са спасылкай на дадзеныя амерыканскай разведкі пісаў, што з 2017 па 2019 гады Расея правяла не менш за 13 выпрабаванняў «Буравесніка», але толькі два з іх аказаліся «часткова паспяховымі». Імаверна, выпрабаванні гэтай ракеты на палігоне Нянокса пад Северадзвінскам у Архангельскай вобласці ў жніўні 2019 года прывяло да выбуху: загінулі сем супрацоўнікаў «Расатама» і Мінабароны, а ў раёне здарэння быў зафіксаваны радыеактыўны выкід. Тады радыяцыйны фон у Северадзвінску кароткачасова вырас у 16 разоў.

На Захадзе «Буравеснік» празвалі «лятаючым Чарнобылем», бо такія ракеты павінны забруджваць тэрыторыі, з якіх запускаюцца. Дырэктар па стратэгіі, тэхналогіях і кантролі за ўзбраеннямі Міжнароднага інстытуту стратэгічных даследаванняў Уільям Альберк назваў ракету «Буравеснік» «неверагодна дурной сістэмай узбраення», якая немэтазгодна ў вайсковым плане.

Чаго чакаць далей

Фактычна цяпер Крэмль спрабуе рэанімаваць свае старыя ядравыя пагрозы, якія з-за пастаяннага паўтарэння ўжо ў значнай ступені перасталі ўспрымацца на Захадзе ўсур’ёз.

Хутчэй за ўсё, Расея сапраўды скасуе ратыфікацыю Дамовы аб усёабдымнай забароне ядравых выпрабаванняў. Аднак не факт, што пасля гэтага адбудуцца маштабныя ядравыя выпрабаванні. Дэманстратыўная адмова ад мараторыя будзе рэзка негатыўна ўспрынятая міжнароднай супольнасцю, у тым ліку, імаверна, краінамі, якія Расея афіцыйна лічыць «сяброўскімі».

Пры гэтым незразумела, якую палітычную выгаду Крэмль для сябе атрымае. Цяжка ўявіць, што ядравыя выпрабаванні сапраўды напалохаюць Захад настолькі, што прымусяць да саступак. Хутчэй выклікае ў сусветных дзяржаваў спакусу адказаць на гэта ўласнымі ядравымі выпрабаваннямі. Агульная эскалацыя напружання, узрастанне ўзаемнага недаверу ў ядравай сферы і гонка ўзбраення – гэта, імаверна, максімум чаго можа дасягнуць Пуцін у дадзеным выпадку.

Разбор
Ядравы ўдар па Беларусі не выключаны? Ці праўда ўсё так сур’ёзна і як з гэтым жыць
2022.09.29 07:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў