Два гады за два каментары, 47 дзён галадоўкі, тысяча тэрарыстаў. Рэпрэсіі 15 лютага


У Беларусі больш як два з паловай гады трываюць масавыя палітычныя рэпрэсіі: штодня затрыманні і суды. «Белсат» расказвае, пра што стала вядома за адзін толькі дзень 15 лютага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паседжанне калегіі ГУУС Менгарвыканкаму. Менск, Беларусь. 19 кастрычніка 2022 года.
Фота: mvd.gov.by

Берасцейскага нарколага-псіхіятра Максіма Зайцава 14 лютага асудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 3700 рублёў за два каментары, расказаў праваабарончы цэнтр «Вясна». на думку праваабаронцаў, у першым мужчына назваў Аляксандра Лукашэнку «жывёлай, загнанай у кут», у другім назваў старшыню Берасцейскага аблвыканкаму «аслом». Каментары палічылі «Абразай Лукашэнкі» і «Абразай прадстаўніка ўлады». Крымінальную справу разглядалі з 3 лютага, да суду мужчына быў пад вартай два з паловай месяцы. Вырак вынес суддзя Сяргей Макарчук. На волі мужчыну чакае трохгадовае дзіцё.

Былому крымінальнаму інспектару з Горадні Андрэю Шкляру выставілі абвінавачванні ў «Здрадзе дзяржавы» і «Разгалошванні звестак папярэдняга следства», даведалася супольнасць «DissidentBy». Паводле супольнасці, мужчына перад арыштам, што быў каля года і трох месяцаў таму, падаў рапарт на звальненне праз нязгоду з працай сістэмы. Падрабязнасці справы невядомыя.

Каментар
«Дабівае тых, хто застаўся». Жалезная заслона на мяжы і спрэчкі беларусаў у сацсетках
2023.02.15 19:15

Палітвязень і фігурант справы «Рабочага руху» Аляксандр Капшуль 47 дзён трымае галадоўку, звяртае ўвагу «Вясна». Ён абвясціў галадаванне 31 снежня з прычыны парушэнняў заканадаўства падчас утрымання ў гомельскім следчым ізалятары. З 10 лютага ён знаходзіцца ў карцары. Капшуля затрымалі 25 верасня 2021 года на тэрыторыі Расеі, перадалі ў Беларусь, пасля затрымання ў яго была зламаная нага і пашкоджаная рука.

Прысуд у справе «Рабочага руху» маюць абвясціць 17 лютага. У справе фігуруюць дзесяць палітвязняў, якім пагражае да 15 гадоў зняволення. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, але прысуд абяцаюць зрабіць адкрытым.

Пачаўся суд над экс-супрацоўнікам банку «БелВЭБ» Васілём Ермаковым, паведамляе «Вясна». Мужчыну вінавацяць у «зліванні» асабовых звестак сілавікоў, настаўнікаў і лекараў у бот «Чорнай кнігі Беларусі».

Hавiны
Пратасевіча пачнуць судзіць 16 лютага. З ім завочна – рэдактараў «Nexta»
2023.02.15 15:50

15 лютага праваабаронцам стала вядома пра масавыя затрыманні ў горадзе Светлагорску Гомельскай вобласці. Паведамляецца, што сілавікі схапілі як мінімум 7 чалавек (4 мужчынаў 3 жанчын). Усіх змясцілі ў мясцовае «Акрэсціна» – ізалятар часовага ўтрымання Светлагорскага РАУСу. Вядома, што затрыманнем і ператрусамі займаліся не мясцовыя, а прыезджыя сілавікі – з гомельскіх абласных структураў міліцыі. Сярод затрыманых – актыўны ўдзельнік прадпрымальніцкага руху Анатоль Змітровіч, вядомы таксама як экалагічны актывіст. Затрымалі і Таццяну Жураўскую, якая займаецца праблемамі людзей з ВІЧ.

Таксама 15 лютага стала вядома, што яшчэ на мінулым тыдні сілавікі затрымалі беларускамоўнага пластычнага хірурга Аляксея Дужага. Затрыманне адбылося проста ў паліклініцы, на працоўным месцы. Вядома, што Дужага трымаюць на Акрэсціна, адвакатаў да яго не дапускаюць. Яго ўжо затрымлівалі ў 2020 годзе. Паводле супольнасці «Белыя халаты», Дужага асудзілі на 15 дзён арышту.

У Віцебску месяц таму знік Андрэй Шмай – мужчына родам з Чарнігава, які працаваў у аблвыканкаме. Як расказвае «Флагшток», маці мужчыны мяркуе, што таго затрымалі «за тое, што проста ўкраінец». Сілавікі пра такое затрыманне не паведамлялі, а Міністэрства замежных справаў не адказала на запыт маці.

Паведамляюць таксама пра затрыманне генеральнага дырэктара дзяржаўнай будаўнічай кампаніі МАПІД Мікалая Мілашэўскага. Але, паводле папярэдніх звестак, справа звязаная не з палітыкай, а з карупцыяй, ды й Мілашэўскі, як сцвярджаецца, сам звольніў паўсотні чалавек з палітычных прычынаў.

Hавiны
Палітвязню Дзмітрыю Кубараву ў калоніі адмаўляюць ў медычнай дапамозе
2023.02.15 13:52

У выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» у Баранавічах 15 лютага прыйшлі сілавікі і канфіскавалі тэхніку. Пры тым сайт выдання «Intex-press» разблакавалі толькі 9 лютага – сілавікі не мелі прэтэнзіяў да выдання. А выданне «Маланка Медыя» ў гэты дзень залічылі ў «экстрэмісты».

Праваабаронцам берасцейскай «Вясны» стала вядома, што 31 студзеня следчыя «зладзілі набег» на каледж у Белаазёрску: забралі з заняткаў пяць непаўнагадовых вучняў, правяралі іхныя тэлефоны на «экстрэмісцкія» каментары і лайкі. Паводле адной з версіяў, шукалі, хто спаліў чырвона-зялёныя сцягі ў Бярозе.

Але ёсць і ўмоўна добрыя навіны. На волю выйшлі палітвязні, якія адбылі пакаранне: Ганна Баран, якая была ў няволі з 13 кастрычніка 2021 года ў межах «карагоднай справы»; Анатоль Хіневіч, якога затрымалі 20 верасня 2020 года за нібыта біццё байцоў АМАПу; былы міліцыянт Дзмітрый Кулакоўскі, якога схапілі 4 снежня 2020 шгода і асудзілі за «Абразу прадстаўніка ўлады». А Сенат Чэхіі прызнаў беларускія ГУБАЗіК і КДБ арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.

Па стане на 15 лютага 1433 чалавекі прызнаныя ў Беларусі палітычнымі зняволенымі. Фактычна палітвязняў значна больш: праваабарончая супольнасць аналізуе кожную справу на адпаведнасць паняццю «палітвязень» і не паспявае за рэпрэсіўным апаратам, а сваякі зняволеных нярэдка баяцца паведамляць пра пераслед іхных блізкіх. У «тэрарыстычным спісе» Камітэту дзяржаўнай бяспекі тым часам ужо 1014 чалавек, з якіх 267 – беларусы.

Hавiны
Яшчэ адзін беларус трапіў у палон ва Украіне – ваяваў на баку баевікоў групы Вагнэра
2023.02.15 17:12

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў