У Светлагорску прайшлі масавыя затрыманні


У Светлагорску адбыліся масавыя затрыманні. Вядома як мінімум пра 7 чалавек. Аб гэтым паведамляе «Гомельская Вясна».

Светлагорск. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: «Планета Беларусь» / planetabelarus.by

15 лютага праваабаронцам стала вядома пра масавыя затрыманні ў горадзе Светлагорску Гомельскай вобласці. Паведамляецца, што сілавікі схапілі як мінімум 7 чалавек (4 мужчынаў 3 жанчын). Усіх змясцілі ў мясцовае «Акрэсціна» – ізалятар часовага ўтрымання Светлагорскага РАУСу. Вядома, што затрыманнем і ператрусамі займаліся не мясцовыя, а прыезджыя сілавікі – з гомельскіх абласных структураў міліцыі.

Анатоль Змітровіч.
Фота: «Гомельская вясна» / gomelspring.org

Сярод затрыманых – актыўны ўдзельнік прадпрымальніцкага руху Анатоль Змітровіч, вядомы таксама як экалагічны актывіст, які пратэставаў супраць выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу падчас будаўніцтва і запуску Светлагорскага заводу беленай цэлюлозы.

Затрымалі і Таццяну Жураўскуюя, якая займаецца праблемамі людзей з ВІЧ, узначальвае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Людзі плюс».

Астатнія затрыманыя маюць месцам працы розныя прадпрыемствы гораду. Чакаецца, што 15 лютага ў Светлагорскім раённым судзе будуць разгледжаны адміністратыўныя справы ў дачыненні затрыманых.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў