«Наша ніва»: Затрыманы гендырэктар МАПІД


Выданне «Наша ніва» са спасылкай на ўласныя крыніцы сцвярджае, што днямі быў затрыманы генеральны дырэктар найбуйнейшай дзяржаўнай будаўнічай кампаніі Беларусі МАПІД Мікалай Мілашэўскі. Затрыманне звязваюць са справай колішняга намесніка старшыні Менгарвыканкаму.

Генеральны дырэктар МАПІД Мікалай Мілашэўскі.
Фота: Mapid.by

Аб затрыманні да «Нашай нівы» пісаў чытач выдання «Хартыя-97», які назваўся былым супрацоўнікам МАПІД. Падрабязнасцяў затрымання няма. На сайце МАПІД-у Мікалай Мілашэўскі па-ранейшаму пазначаны дырэктарам, хоць, паводле чутак з «Хартыі», яго мусіць замяніць першы намеснік. «Хартыі» на прадпрыемстве сказалі, што «Мілашэўскі знаходзіцца на бальнічным, а прыём вядзе Астрэйка».

Раней пры затрыманні кіраўнікоў на прадпрыемствах неаднаразова казалі медыям, што затрыманы «на бальнічным», але не заўсёды такі адказ азначаў пазбаўленне волі.

Як сцвярджае «Наша ніва», затрыманне Мікалая Мілашэўскагаадбылося ў межах крымінальнай справы супраць былога намесніка кіраўніка Менску Дзмітрыя Мікулёнка, які быў куратарам сталічнага будаўніцтва. Мікулёнка, сцвярджала «Наша ніва», затрымалі ў першыя дні лістапада 2022 года, як мяркуецца, за хабар. Пра Мікулёнка з лістапада не чуваць, ён знік са спісу намеснікаў на сайце Менгарвыканкаму.

Малішэўскі кіраваў МАПІД-ам з 2016 года, да таго пяць гадоў узначальваў «Менскбуд». Таксама ён з’яўляецца намеснікам кіраўніка Саюзу будаўнікоў Беларусі, «Менчуком года-2010», быў адным з кіраўнікоў узвядзення Палаца незалежнасці, які стаў галоўнай рэзідэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі. «Наша ніва» згадвае, што Мілашэўскі звольніў прынамсі паўсотні людзей з палітычных прычынаў.

МАПІД – фармальна акцыянернае таварыства, але фактычна належыць дзяржаве праз розныя формы валодання акцыямі. Кампанія з’яўляецца адным з найбуйнейшых забудоўнікаў Беларусі, буйным вытворцам будаўнічых матэрыялаў, у Менску будуе каля дзвюх трацінаў ад усяго новага жытла. На пачатак 2022 года (больш свежай статыстыкі няма) на прадпрыемстве працавалі 5343 чалавек.

Hавiны
Сілавікі змогуць забіраць ва ўласнасць арэндныя кватэры праз 20 гадоў службы
2023.02.13 21:36

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў