Міна запаволенага дзеяння: гатоўкі ў Беларусі паболела за год на 40%


Беларусы цяпер трымаюць на руках Br9,5 млрд, за год гэты паказнік вырас на 37,5%. Пераводных дэпазітаў – такіх жа хуткіх грошай – паболела на 54% да Br7 млрд, сведчыць статыстыка Нацбанку. Эканамісты папярэджваюць: падчас якога-кольвек крызісу гэта можа падліць алею ў агонь і падштурхнуць інфляцыю з дэвальвацыяй.

Белорусские банки, деньги, Беларусбанк
Жанчына карыстаецца банкаматам. Менск, Беларусь. 28 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле звестак на 1 студзеня 2024 года, гатоўкі ў абарачэнні цяпер Br9,5 млрд – гэта болей, чым сёлета краіна выдаткуе з бюджэту агулам на ахову здароўя, нацыянальную абарону і сацыяльную палітыку. У параўнанні з 1 студзенем 2023 года гэты паказнік павялічыўся на 37,5%. Аб’ём гатоўкі стабільна расце ў Беларусі з лютага 2022 года.

На пераводных дэпазітах фізічных асобаў – гэта грошы на банкаўскіх картках – цяпер Br7 млрд. І іх паболела за год на 54%.

Гатоўка і грошы на картках – гэтак званыя хуткія грошы. Небяспека ў тым, што іх у адзін момант можна выдаткаваць на тавары або валюту.

«Калі нейкія ваганні на валютным рынку альбо проста ў эканоміцы нешта адбываецца, то гэтыя грошы могуць быць лёгка выдаткаваныя, што, вядома, павялічвае рызыку інфляцыі, дэвальвацыі і дэфіцыту», – казала раней «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

У статыстыцы тэрміновых укладаў захоўваецца шматмесячная тэндэнцыя: рублёвыя растуць (за год на 26%), валютныя – скарачаюцца (за год мінус 17%). На дэпазітах цяпер Br8 млрд і крыху менш за $3 млрд.

Ва ўмовах нізкай інфляцыі летась рублёвыя ўклады выглядалі прывабнейшымі за валютныя. Нізкія адсоткавыя стаўкі дэпазітаў у замежных грашах нават інфляцыі не пакрывалі, а вось у рублях сапраўды можна было прымножыць ашчаджэнні.

Шырокая грашовая маса (тут улічваецца і гатоўка ў абарачэнні, і грошы грамадзянаў ды прадпрыемстваў на рахунках, і дэпазіты, і каштоўныя паперы) дасягнула Br75,7 млрд, павялічыўшыся за год на 23,5%.

Рост гэтага паказніку не абавязкова сведчыць пра тое, што Нацбанк пачаў друкаваць незабяспечаныя грошы. Летась, калі павялічваўся ВУП, эмісія патрабавалася, каб абслужыць таваразварот. Пра запуск друкарскага станка будзе сведчыць актыўны рост шырокай грашовай масы з месяца ў месяц.

Аналітыка
Дарваліся да крэдытаў. Запазычанасць беларусаў перад банкамі перавысіла Br 20 млрд
2024.01.10 07:37

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў