Нам трапіўся чарнавік новай пастановы пра рэгуляванне цэнаў. Глядзім, што там (нічога добрага)


Савет Міністраў 6 кастрычніка прыняў пастанову аб забароне росту цэнаў. Затым Аляксандр Лукашэнка прыняў дырэктыву, якой загадаў ствараць працоўную групу, сабраць прапановы і да 20 кастрычніка прыняць замест старой пастановы ўраду новую: «сістэму рэгулявання цэнаў». Чарнавік новай урадавай пастановы, які трапіў у нашую рэдакцыю, забароны не скасоўвае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бульба на рынку ў Тбілісі, Грузія. 4 чэрвеня 2022 года.
Фота: Андрэй Лапін / Белсат

Дакумент з пазнакаю «для службовага карыстання» ёсць у распараджэнні рэдакцыі.

Звярніце ўвагу: «Белсат» не можа гарантаваць, што ўрад прыме менавіта такую пастанову, да 20 кастрычніка яе могуць змяніць як заўгодна.

У чарнавіку, што трапіў да нас:

  • Сутнасць не змянілася, іншая толькі назва. Цяпер гэта завецца не «часовымі захадамі для стабілізацыі цэнаў», а «сістэмай рэгулявання цэнаў», але ўплыў на эканоміку гэта будзе мець той самы.
  • Забарона на рост цэнаў застаецца. Юрыдычным асобам усіх формаў уласнасці і індывідуальным прадпрымальнікам, якія вырабляюць або ўвозяць тавары, аказваюць паслугі або выконваюць працы, загадваюць ужо не «зафіксаваць цэны і тарыфы» на ўзроўні 5 кастрычніка 2022 года, а «не дапускаць павышэння цэнаў і тарыфаў» вышэй за ўзровень на тую ж дату.
  • Пастанова бестэрміновая. Пастанова ад 6 кастрычніка таксама была бестэрміновая, але «да асаблівага рашэння Савету Міністраў» – яе абмяжоўвала дырэктыва Лукашэнкі, якая загадвала прыняць абноўленую пастанову да 20-га. Цяперашняя пастанова, калі будзе прынятая, зусім не мае абмежаванняў у часе дзеяння.
  • Раней забылі забараніць рост цэнаў на працы, цяпер прыгадалі. У пастанове 6 кастрычніка не згадвалі пра «выкананне працаў», а новая пастанова прадугледжвае, што і на гэта нельга павышаць цэнаў і тарыфаў.
  • З 1 студзеня 2023 года збіраюцца забараніць бартар. Дакладней, «тавараабменныя аперацыі без паступлення ў вызначаным парадку грашовых сродкаў арганізацыі, індывідуальнаму прадпрымальніку». Сюды ўваходзяць бартар, мена, залік, навацыя, адступное.
  • Зніклі згадкі акцыяў і распродажаў. Пастанова ад 6 кастрычніка забараняла скасоўваць акцыі, зніжкі і распродажы, а чарнавік новай пастановы такога не забараняе. Акрамя таго, пастанова ад 6-га забараняла даацэньваць рэшткі тавараў, а праект новай пастановы загадвае «прывесці ў адпаведнасць з гэтай пастановай» цэны на рэшткі тавараў.
  • У дзяржаўных органаў усё яшчэ трэба прасіць дазволу на новыя цэны. У чарнавіку новай пастановы застаўся амаль без зменаў пункт пра вызначэнне цэнаў і тарыфаў на тое, што да 6 кастрычніка не выраблялася ці не завозілася, а таксама пра павышэнне цэнаў у выпадку «эканамічнай мэтазгоднасці». Гэта трэба ўзгадняць так сама, як у пастанове ад 6-га: дзяржаўным прадпрыемствам – з органамі дзяржаўнага кіравання, астатнім – з аблвыканкамамі або Менскім гарвыканкамам.
  • На разгляд новых цэнаў цяпер даюць 5 дзён. Праект пастановы вызначае такі «тэрмін разгляду прапановаў аб вызначэнні ці ўзгадненні падвышэння цэнаў або тарыфаў». Няма ўдакладненняў адносна «працоўных або каляндарных дзён» ці «ад даты паступлення ці ад даты прыняцця да разгляду». Затое ёсць абавязак дзяржаўных органаў інфармаваць пра рашэнні аб цэнах Міністэрства гандлю, а таму даюць права скасоўваць гэтыя рашэнні «ў выпадку невыканання вызначанага параметру для індэксу росту спажывецкіх цэнаў».
  • Знайшлі адказных за пастаўкі прадукцыі на ўнутраны рынак, ім далі права прапаноўваць абмежаванні экспарту. Гэтыя адказныя – рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, а таксама арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, аблвыканкамам і Менгарвыканкаму.
  • Міністэрству сельскай гаспадаркі загадалі вызначыць максімальныя закупачныя цэны на шэраг тавараў. Гэта малако (сыравіна), свініна ў жывой вазе, буйная рагатая жывёла ў жывой вазе, харчовае жыта і харчовая пшаніца.
  • Сабекошт прадукцыі будуць планаваць. Міністэрства гандлю, Міністэрства эканомікі, Міністэрства фінансаў і Белстат «вызначаюць парадак планавання, уліку і калькуляцыі сабекошту» прадукцыі, тавараў і паслугаў у Беларусі, нейкія галіновыя асаблівасці планавання могуць вызначаць рэспубліканскія органы або падначаленыя ўраду арганізацыі, адказныя за адпаведны від эканамічнай дзейнасці. Хто ж будзе праводзіць калькуляцыі і правяраць іх, не пішуць.
  • Удакладнілі, што рабіць з цэнамі на тавары замежнай вытворчасці. Цэны на іх фармуюць юрыдычныя асобы і ІП на падставе табліцы «максімальных надбавак імпарцёраў», далучанай да чарнавіка пастановы. На тавары, не пералічаныя ў табліцы, максімальная надбаўка 30 %. А, напрыклад, на імпартныя малако, кефір, смятану і тварог можна дадаць максімум 15 % да цаны і выдаткаў (трэба ўзяць кантрактную цану + мытныя плацяжы + транспартныя выдаткі + іншыя выдаткі на выкананне патрабаванняў аб імпарце, адлічваць 15 % ад гэтай сумы). На мяса і мясныя прадукты дазваляюць дадаць 20 %, на грэчку – 25 %, на рыс, гародніну, яблыкі, сыр і маргарын – 30 %, на фрукты, акрамя яблыкаў, – 40 %, і г. д. Але кантрактную цану на імпартны тавар трэба абгрунтаваць на падставе высноваў ці рэсурсаў Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Нацыянальнага цэнтру маркетынгу і Беларускай універсальнай таварнай біржы. Калі ў іх няма інфармацыі, трэба выкарыстоўваць «інфармацыю аб вывучэнні кан’юнктуры рынку» (гэта можа быць афіцыйная інфармацыя дзяржаўных органаў або проста каталогі з інтэрнэту).
  • Таксама склалі табліцу максімальных аптовых і гандлёвых надбавак. Да цаны вытворцы, імпарцёра ці складу стабілізацыйнага фонду можна дадаваць 20 % аптовай надбаўкі або 30 % гандлёвай надбаўкі з улікам аптовай, калі іншае не пералічана ў табліцы. Напрыклад, на хлеб можна дадаваць 15 %, на цэлую курыную тушку – 15 %, а на часткі тушкі ўжо 20 %. Імаверна, калі надбаўкі былі большыя, іх давядзецца зменшыць.
  • Аптовыя зніжкі дазволілі рабіць не большымі за 10 %. Гэты пункт зусім без падрабязнасцяў.
  • Вытворцам і імпарцёрам загадалі пісаць абгрунтаванні цэнаў. Усе зробленыя разлікі-абгрунтаванні на цэны і тарыфы на тавары, работы і паслугі трэба захоўваць на папяровых ці электронных носьбітах.
  • Трэба будзе ўзгадняць спіс тавараў, абавязковых да наяўнасці і рэалізацыі. Суб’ект гандлю абавязваюць распрацоўваць спіс абавязковых тавараў і ўзгадняць яго з «мясцовым выканаўчым і распарадчым органам паводле месца размяшчэння гандлёвага аб’екту», такі парадак яшчэ вызначыць Міністэрства гандлю.
  • Забаранілі некаторыя бонусы ў кантрактах. Суб’ектам гандлю і пастаўнікам тавараў забараняецца прапісваць у дамовах узнагароды за набыццё ў пастаўніка пэўнай колькасці харчовых тавараў, за аказанне паслугаў у прасоўванні харчовых тавараў «і іншыя віды ўзнагароджання» ў выпадку харчовых тавараў.
  • Прапісалі права кантралёраў спыняць дзейнасць парушальнікаў. За парушэнне заканадаўства (у тым ліку спісу абавязковых тавараў або максімальных надбавак) могуць спыняць дзейнасць фізічных аб’ектаў гандлю і інтэрнэт-крамаў, а таксама аб’ектаў грамадскага харчавання. Гэтае права спыняць дзейнасць даюць Камітэту дзяржаўнага кантролю, Міністэрству гандлю, прадстаўнікам аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму, яны ж вызначаюць парадак спынення.
  • Адміністрацыям усіх узроўняў даюць права на праверкі і «прафілактычныя захады». Выбарачныя і пазапланавыя праверкі, а таксама «захады прафілактычнага і папераджальнага характару» могуць ладзіць абласныя, гарадскія, раённыя выканаўчыя камітэты і мясцовыя адміністрацыі.
  • Крымінальнай адказнасцю не пагражаюць, але вызначылі памер штрафаў. За невыкананне дырэктывы Лукашэнкі ўсё яшчэ можа наступіць крымінальная адказнасць, бо чарнавік пастановы не скасоўвае той дырэктывы. Але новы дакумент удакладняе, што вышэй згаданыя адміністрацыі ўсіх узроўняў могуць складаць пратаколы паводле арт. 13.2 КаАП РБ – «Парушэнне вызначанага парадку ўсталявання цэнаў». Гэты артыкул прадугледжвае штрафы да 40 базавых велічыняў (цяпер – да 1280 рублёў). Але ў чарнавіку пішуць, што за парушэнне лімітаў павышэння цэнаў і тарыфаў штрафаваць могуць на суму толькі да 20 базавых (цяпер – 640 рублёў), але на юрыдычныя асобы і індывідуальных прадпрымальнікаў могуць накладаць штраф у двухкратным памеры розніцы між фактычнай і разліковай выручкаю.
  • Забарона павышаць цэны датычыць не ўсіх. Асобныя пункты пра забарону павышэння цэнаў і ўсталявання цэнаў на новыя тавары не датычаць крамаў бязмытнага гандлю, ужо рэгуляваных дзяржаўнымі органамі цэнаў, а таксама юрыдычных асобаў, якія трапілі ў санкцыйныя спісы «недружалюбных краінаў».
Аналітыка
«Па-першае, гэта абсурд». Што не так з поўным замарожваннем цэнаў у Беларусі, і што рабіць беларусам
2022.10.10 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў