У цэнтры Кіева 14 кастрычніка прайшло масавае шэсце ў гонар дзяржаўнага свята, якое з гэтага года называецца Днём захисників і захисниць України. У шэсці прынялі ўдзел каля 5 тысяч чалавек, у тым ліку і беларусы.
Марш пачаўся каля 14:00, у якім прынялі ўдзел ветэраны вайны на Данбасе і члены нацыяналістычных арганізацый. Калона прайшлася з Парку Шаўчэнкі да Хрэшчаціку.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары ва Украіне прайшліся калоннай з расцягнутымі, вялікімі БЧБ-сцягамі і плакатамі з надпісамі «Жыве Беларусь!» і «Героі – не паміраюць».
Побач з нацыянальным беларускім сцягам ў знак салідарнасці былі ўзняты і ўкраінскія сцягі.
«Мы, беларусы, удзельнічаем у святочным маршы, каб падняць наш БЧБ-сцяг побач са сцягам Украіны, як мы гэта рабілі ў самыя цяжкія дні Майдана і АТО», – кажуць прадстаўнікі беларускай дыяспары.
АД, belsat.eu