«Не ўспрымаецца як каштоўнасць»: чаму ў Беларусі нішчаць муралы


Мастацтвазнаўца Мікіта Моніч пракаментаваў «Белсату» чарговае знішчэнне муралу ў Менску. Ён мяркуе, што цяперашнія ўлады зафарбоўваць малюнкі, бо менавіта так бачаць «добраўпарадкаванне тэрыторыі» і не лічаць вулічнае мастацтва каштоўнасцю.

У Менску зафарбавалі мурал мастака Міці Післяка. Крыніца: CityDog.io

У Менску зафарбавалі яшчэ адзін мурал мастака Міці Післяка. «Нармалізацыю» зазнала сцяна будынку на Чырвонаармейскай вуліцы, дзе ў 2019 годзе з’явілася «Dama con l’ermellino» («Дама з гарнастаем»). Гэта апошняя ягоная праца перад эміграцыяй у Амерыку.

Раней у Менску знішчылі мурал «Still Life» на Чыгуначнай вуліцы, створаны мастаком яшчэ ў 2017-м падчас фестывалю «Vulica Brazil».

Мурал Міці Післяка «Still Life» на Чыгуначнай вуліцы ў Менску.
Фота: інтэрнэт-часопіс «CityDog» / citydog.io

Мастацтвазнаўца і экскурсавод Мікіта Моніч у размове з «Белсатам» адзначыў: у Беларусі трывае працэс спрашчэння публічнай прасторы.

«Ініцыятыва знізу»

Моніч звяртае ўвагу: вулічнае мастацтва – гэта ініцыятыва знізу, і яшчэ 10 гадоў таму ў Беларусі лічылася, што мастак мае права выказвацца такім чынам і пакідаць след у публічнай прасторы.

«А пасля 2020 года ніякай ініцыятывы, ніякага публічнага саматужнага выказвання ў публічнай прасторы ўжо немагчыма, таму гэта ўсё замалёўваецца, часам – праз пэўную грамадскую пазіцыю аўтара, а часам – праз тое, што сучаснае мастацтва ў Беларусі ўспрымаецца як асабісты прыклад добраўладкавання», – сказаў мастацтвазнаўца.

Ён мяркуе, што часцяком муралы зафарбоўваюць, бо так прасцей: які-небудзь жэсаўскі начальнік не хоча клапаціцца пра абнаўленне малюнкаў.

«Калі нейкі функцыянер кажа замаляваць публічнае мастацтва, ён займаецца тым, чым можа займацца дзяржава: добраўладкаваннем тэрыторыі. Для яго значна больш танна замазаць гэтае мастацтва, чым бачыць, як яно з часам асыпаецца ці, крый божа, рэстаўраваць гэта ўсё», – лічыць Моніч.

Артыкулы
«Людзей можна запужаць, пасадзіць у турму, але ідэі не знішчыць». Беларускі мастак у Японіі – пра творчасць і пратэст
2021.06.21 11:37

«Спрашчэнне прасторы»

Вулічнае мастацтва не ўспрымаецца ў Беларусі як каштоўнасць, канстатуе суразмоўца «Белсату». У краіне, дзе намагаюцца кантраляваць усё, свабоднае мастацтва фактычна забароненае.

«Наяўнасць у публічнай прасторы некантраляванага мастацтва і нават пэўнай вайны сценаў, калі адзін малюе, другі замалёўвае, трэці яшчэ штосьці дадае – гэта адлюстраванне складана арганізаваных, структурна няпростых працэсаў, якімі ёсць гарадская культура. У Беларусі трывае іншы працэс. Працэс спрашчэння. Каб штосьці кантраляваць, трэба, каб гэта было проста», – патлумачыў эксперт.

Hавiны
Пад Лагойскам затрымалі двух дзяцей за графіці пра вайну ва Украіне
2022.03.09 20:30

Дзяржаўныя муралы Моніч называе спробаю выступіць на чужым полі:

«Яны кажуць: мы можам кантраляваць і гэтую частку культуры. Спроба працаваць на чужым полі, як беларуская ўлада, напрыклад, прыйшла ў YouTube. Спробы рабіць, як мы, але так, як у іх атрымоўваецца. Прапаганда, публічнае мастацтва, якое транслюе палітычныя ідэі, – гэта ідэя старая».

Ідэалагічна вывераныя малюнкі – адлюстраванне рэальнасці, у якой жывуць прапагандысты, адзначыў мастацтвазнаўства.

«Памяць застанецца»

Мікіта Моніч упэўнены: самыя цікавыя працы вулічных мастакоў не знікаюць, нават калі малюнкі фізічна знішчаныя:

«Жыццё мастацкіх твораў працягваецца. Самае цікавае застаецца, калі не ў існуючых артэфактах, то ў нашай памяці, кнігах, у відэа».

Суразмоўца «Белсату» чакае, што сапраўдны росквіт публічнага мастацтва ў Беларусі яшчэ наперадзе.

«Я даволі аптымістычна гляджу на будучыню, на гэтыя муралы. Культура і гістарычны працэс на нашым баку, таму я ўпэўнены, што творцы яшчэ змогуць ці вярнуцца ў краіну, ці прыехаць хаця б у госці і яшчэ што-небудзь нам намаляваць», – падсумаваў Моніч.

Разбор
Помнік Каліноўскаму ці ружовы Палац Рэспублікі? Што рабіць з Кастрычніцкай плошчай
2023.06.17 07:05

belsat.eu

Стужка навінаў