Кабінет Ціханоўскай пра рашэнне Польшчы закрыць памежны пераход: для грузаў – так, для людзей – не варта


Аб’яднаны пераходны кабінет даў 14 лютага прэс-канферэнцыю на тэму вынікаў працы за паўгода існавання. Адно з пытанняў тычылася нядаўняга закрыцця Польшчай пункту пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю і магчымага закрыцця апошніх двух адкрытых пунктаў пропуску.

Hавiны
Вайна, палітвязні, сюрпрызы Лукашэнку. Пра што казаў Аб’яднаны пераходны кабінет на прэс-канферэнцыі
2023.02.14 19:35

На пытанне аб стаўленні да закрыцця пункту пропуску Святлана Ціханоўская адказала, што падтрымлівае няпоўнае закрыццё: для грузаў, але не для людзей. Яна згадала, што праз межы дагэтуль ідуць падсанкцыйныя тавары, і спаслалася на нядаўнюю акцыю Рабочага руху, які не прапусціў у Літву фуры з прадукцыяй «Горадня Азоту», пасля чаго выявілася, што грузы сапраўды трапілі пад санкцыі.

«Вядома, калі размова ідзе толькі аб грузаперавозках, мы цалкам падтрымліваем гэтую ініцыятыву, – сказала Ціханоўская. – Але вядома, што тычыцца звычайных грамадзянаў, мы заўжды кажам аб тым, што людзі павінны мець магчымасць бесперашкодна выязджаць і ўязджаць у Рэспубліку Беларусь».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Павел Латушка згадаў, што Кабінет публікаваў сваю пазіцыю аб рашэнні Польшчы. Пазіцыя, пераказаў ён, такая: урад Польшчы падтрымліваюць, ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі трэба ўзмацняць, каб дамагчыся вызвалення ўсіх палітвязняў – але пры гэтым трэба захоўваць гуманітарныя калідоры.

«Мы лічым, што выкарыстанне гэтага інструменту, звязанага з абмежаваннем магчымасці транспартавання тавараў, грузаў у інтарэсах рэжыму, а таксама ў інтарэсах Расейскай Федэрацыі, праз тэрыторыю Беларусі можа быць фактарам ціску на рэжым Лукашэнкі, – растлумачыў Латушка. – Мы не кажам пра абмежаванне ў пасажырскім руху фізічных асобаў, грамадзянаў».

Што да магчымага закрыцця пунктаў пропуску іншымі краінамі, расказаў ён, Кабінет праводзіў кансультацыі. Але Латушка не наважыўся гаварыць за ўрады і міністэрствы іншых краінаў – прапанаваў адрасаваць пытанні ўрадам і міністэрствам Літвы і Латвіі. Публічны заклік да закрыцця межаў грузам і пакідання гуманітарнага калідору Кабінет зрабіў, вырашаць за ўрады не можа.

Але да ўзмацнення ціску Кабінет заклікае і Літву, і іншыя краіны Еўразвязу, і Злучаныя Штаты Амерыкі. Латушка згадаў, што ў снежні 2022 года быў рэкорд імпарту тавараў з Еўразвязу ў Беларусь за ўвесь час вядзення статыстыкі. Гэта значыць, мяркуе Латушка, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае дзіры ў санкцыйнай палітыцы для ўвозу тавараў у Расею. А гэта значыць, кажа Латушка, што Расея атрымлівае рэсурсы для падтрымання вайны ва Украіне, а Лукашэнка – сродкі на рэпрэсіўны апарат і пабудову новых турмаў.

«Можна гэта разглядаць і як сігнал Бруселю, – заўважыў Латушка. – Што неабходна прыняць 10-ы пакет санкцыяў, дзе вельмі выразна ўжо закладзеная ў праекце ліквідацыя максімальнай колькасці выняткаў, якія ствараюць магчымасці для абыходу санкцыяў, уведзеных адносна Расейскай Федэрацыі, праз тэрыторыю Беларусі».

Рэпартаж
Як зачынялі памежны пераход Баброўнікі-Бераставіца
2023.02.13 17:30

Што з новым пакетам санкцыяў?

Гэтага пакету санкцыяў пакуль не прынялі, хоць прыняцце прагназавалі раней. Паводле чутак з Бруселю, якія перадаваў карэспандэнт радыё «Свабода», новы санкцыйны пакет завіс праз прапановы аб выключэнні для беларускіх угнаенняў.

У адказ на згадку пра гэта Латушка падкрэсліў: рашэнні – за ўрадамі дзяржаваў. Але пацвердзіў, што некаторыя краіны хочуць зрабіць выключэнні, якія далі б магчымасць зняць санкцыі з продажу беларускіх калійных угнаенняў, што абгрунтоўваюць магчымымі праблемамі з харчаваннем у свеце і ростам цэнаў на небеларускія ўгнаенні. Гэты аргумент неабгрунтаваны, запэўнівае Латушка са спасылкай на ўласны аналіз і кантактам з намесніцай памочніка дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў.

«Хутчэй за ўсё, размова ідзе пра лабіяванне інтарэсаў калійных груповак, якія зарабляюць на гэтым мільярды, – заявіў Латушка. – Лукашэнка на гэтым зарабляе  мільярды штогод. Зразумела, частка грошай вяртаецца на «Беларуськалій», але большая частка асядае ў кішэнях тых людзей, якія займаюцца продажам калійных угнаенняў на сусветных рынках, і гэта звязана з сям’ёй Лукашэнкі».

Кабінет са свайго боку перадаў 23 лісты нацыянальным урадам і Еўрапейскай камісіі з бачаннем развіцця і гарманізацыі санкцыяў, дадаў Латушка. Аб гарманізацыі санкцыяў казалі з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, бо санкцыі розных бакоў заўсёды прадугледжвалі розны падыход. Латушка прыгадаў, як у сакавіку 2022 года асабіста размаўляў міністрамі і намеснікамі міністраў 15 краінаў: засцерагаў, што розніца ў санкцыях дазволіць Расеі выкарыстоўваць Лукашэнку як хаб.

Цяпер адбываецца дыскусія аб гарманізацыі санкцыяў, дыялог Кабінету з Бруселем ідзе ў гэтыя дні, запэўніў Латушка. Прадстаўнік Кабінету ў міжнародных справах Валерый Кавалеўскі пацвердзіў гэта: на мінулым тыдні былі перамовы ў офісе старшыні Еўракамісіі і ў офісе старшыні Еўрапейскай Рады, у службе вонкавых сувязяў. Пытанне нарошчвання ціску на рэжым Лукашэнкі было прыярытэтным, а Кабінет падкрэсліваў, што прабелы ў санкцыях нейтралізуюць эфект, на які спадзяюцца.

Hавiны
Міністр эканомікі распавёў, наколькі закранулі санкцыі Беларусь
2023.02.09 15:53

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў