Беларускія актывісты не пусцілі ў Літву дзве фуры з санкцыйным таварам


Актывісты Рабочага руху спынілі на беларуска-літоўскай мяжы дзве фуры з прадукцыяй заводу «Горадня Азот». Гэтае прадпрыемства застаецца пад санкцыямі ЕЗ. Грузавікі вярнулі на кантрольны пункт для дадатковай праверкі, паведамляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Блакаванне фуры з прадукцыяй прадпрыемства «Горадня Азот» на літоўска-беларускай мяжы. 14 лютага 2023 года.
Фота: Рабочы рух / Telegram

Беларусы правялі акцыю на пункце пропуску «Райгардас – Прывалка». Яны заблакавалі дзве фуры, якія везлі ў Літву ўгнаенні прадпрыемства «Горадня Азот», якое застаецца пад санкцыямі Еўразвязу.

Кіроўцы абедзвюх машын пацвердзілі, што атрымалі груз на гэтым заводзе, і запэўнілі, што не ведалі пра забарону на завоз прадукцыі на тэрыторыю ЕЗ.

На месца блакавання фураў прыбылі супрацоўнікі паліцыі, памежнай службы і мытні. У выніку мытнікі пастанавілі вярнуць груз на пункт кантролю для новай праверкі.

Пасля гэтага прадстаўнікі Рабочага руху і Беларускага расследавальніцкага цэнтру перадалі ўладам дакументальныя доказы абыходу санкцыяў і спынілі акцыю.

Прадпрыемства «Горадня Азот» трапіла пад санкцыі ЕЗ, Вялікай Бытаніі, ЗША і Канады ў снежні 2021 года.

Аналітыка
«Працоўных падганяюць, як у ГУЛАГу». Чаму на «Горадня Азоце» атручваюцца і гінуць людзі
2022.09.05 19:18

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў