Польскія памежнікі перакрылі пад’езд да памежнага пераходу «Баброўнікі»


Сітуацыя на памежным пераходзе «Баброўнікі» пасля абвяшчэння пра яго закрыццё. Баброўнікі, Польшча. 9 лютага 2023.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Польская ахова памежжа перакрыла пад’езд да памежнага пераходу «Баброўнікі» ў бок Беларусі, паведамляе наш карэспандэнт, які знаходзіцца на месцы. З беларускага боку на гэтым пераходзе месціцца пункт пропуску «Бераставіца».

Як раней заяўляў міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі, з 10 лютага, а 12:00 (паводле польскага часу) будзе закрыты пункт пропуску «Баброўнікі» з боку Польшчы на мяжы з Гарадзенскай вобласцю.

«Дзеля важных інтарэсаў дзяржаўнай бяспекі я пастанавіў прыпыніць да далейшага апавяшчэння з 12:00 10 лютага гэтага года рух на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках», – паведаміў Мар’юш Каміньскі.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі на пытанне аб закрыцці памежнага пераходу ў Баброўніках заявіў, што Польшча не выключае закрыццё далейшых пагранпераходаў на польска-беларускай мяжы.

«Прычына закрыцця памежнага пераходу ў Баброўніках – рост напружанасці ў адносінах з Беларуссю. Расейцы і Крэмль ставяцца да Беларусі інструментальна. І для нас, і для Украіны, і для Еўропы гэта ўсё больш небяспечная зʼява», – заявіў Маравецкі.

Праз закрыццё памежнага пераходу сёння, 10 лютага, у МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы. Марціну Вайцяхоўскаму заявілі «рашучы пратэст» праз закрыццё пераходу ў Баброўніках.

«Польскаму дыпламату было ўказана на катэгарычную непрымальнасць гэтага кроку, які абвастрае і без таго вельмі складаную сітуацыю на беларуска-польскай мяжы і парушае правы тысяч грамадзянаў Беларусі, Польшчы і шмат якіх іншых краінаў. Падкрэслена контрпрадуктыўнасць любых спробаў ціску на Беларусь», − гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС.

Цяпер на беларуска-польскай мяжы застанецца ўсяго два дзейных перахода ў Берасцейскай вобласці: з пунктам пропуску «Берасце» для аўтобусаў і легкавых машын і пункт пропуску «Казловічы» для грузавых аўтамабіляў. Другі пераход «Брузгі – Кузніца» ў Гарадзенскай вобласці, не працуе з восені 2021 года.

Каментар
Абмен «Баброўнікаў» на Пачобута. Ці прымусіць Польшча рэжым вызваліць палітвязня?
2023.02.09 21:49

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў