Зяленскі: Бітва за Данбас працягваецца


Бітва за Данбас працягваецца, украінскія вайскоўцы стойка выконваюць задачы па абароне дзяржавы. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце.

Уладзімір Зяленскі. Скрыншот з афіцыйнага тэлеграм-канала / Telegram / V_Zelenskiy_official

«Бітва за Бахмут і Саледар, за Крамянную, за іншыя гарады і вёскі ўсходу нашай дзяржавы працягваецца. Хоць вораг і засяродзіў самыя вялікія сілы менавіта на гэтым напрамку, нашы воіны – Узброеныя Сілы Украіны, усе сілы абароны і бяспекі – абараняюць дзяржаву », – сказаў Уладзімір Зяленскі.

Ён падзякаваў «кожнаму салдату, сяржанту і афіцэру брыгад і іншых вайсковых падраздзяленняў, якія адважна і стойка выконваюць пастаўленыя задачы». Шэрагу падраздзяленняў Зяленскі выказаў асаблівую падзяку.

«Дзякуй байцам падраздзялення «Кракен» за рашучыя дзеянні па знішчэнні ворага ў раёне Салядара! Дзякуй воінам Інтэрнацыянальнага легіёна ГУР МО і падраздзяленні «Шаман», якія мужна абараняюць Бахмут!», – адзначыў прэзідэнт Украіны.

Украінскі лідар таксама зазначыў, што ў Расеі «ужо грызуцца паміж сабой за тое, каму прыпісаць нейкае тактычнае прасоўванне. Гэта выразны сігнал няўдачы для ворага. І гэта яшчэ адзін стымул для нас усіх, каб больш ціснуць на акупантаў і каб наносіць ворагу вялікія страты».

Уладзімір Зяленскі таксама асабліва адзначыў работнікаў Службы знешняй разведкі Украіны і Службу бяспекі Украіны.

Як паведамлялася, 13 студзеня найбольш актыўныя баявыя дзеянні вяліся ў Данецкай вобласці Украіны, дзе ініцыятыва была на расейскім баку. Самы гарачы ўчастак – Салядар і Бахмут, адкуль увесь дзень прыходзілі супярэчныя звесткі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў