Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 13 студзеня


«Белсат» падводзіць вынікі 324-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 13 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Мінныя палі на мяжы Украіны і Беларусі. Валынская вобласць, Украіна, 13 студзеня 2023 г.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

Лінія фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай застаецца нязменнай, пры гэтым праціўнікі рэгулярна праводзяць атакі на асобных участках, намагаючыся палепшыць сваё тактычнае становішча.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны піша пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Стэльмахоўка, Макееўка і Белагораўка.

Аналітыкі праекту Deepstatemap адзначаюць пазіцыйныя баі на поўдзень ад Крэмінной. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў паведамляе, што баі ідуць таксама і ў лясным масіве на паўднёвым захадзе і паўночным захадзе ад гораду. Таксама журналіст фіксуе атакі войскаў РФ каля Чырвонапапоўкі і Плашчанкі.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што па ўсёй лініі сутыкнення на гэтым участку фронту адбываюцца лакальныя вылазкі дыверсійна-выведных групаў, а таксама артылерыйскія абстрэлы.

На тэрыторыі Данецкай вобласці ініцыятыва па-ранейшаму захоўваецца за Узброенымі сіламі РФ.

Генштаб ЗСУ паведамляе пра адбіццё атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Спірнае, Раздолаўка, Соль, Красная Гара, Падгароднае, Бахмут, Кляшчэеўка, Прэдтэчына, Курдзюмаўка, Вадзяное, Невельскае, Краснагораўка, Мар’інка і Вялікая Навасёлка.

Як і ў папярэднія дні, найбольш складаная сітуацыя назіраецца ў Салядары, адкуль дагэтуль прыходзяць супярэчлівыя звесткі.

Так, Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ўвечары 12 студзеня войскі РФ скончылі захоп гораду. Ведамства пералічыла войскі РФ, якія прынялі ўдзел у «вызваленні» гораду, пры гэтым не былі ўзгаданыя падраздзяленні ПВК «Вагнэр». Незалежныя аналітыкі і ваенкоры бачаць у гэтым развіццё канфлікту паміж Мінабароны РФ і кіраўніком ПВК Яўгеніем Прыгожыным.

Між тым Сямён Пегаў піша, што на заходніх ускрайках Салядару ўсё яшчэ працягваюцца баі. «Рыбарь» таксама фіксуе працяг баёў на захадзе гораду, але сцвярджае, што расейцам удалося зайсці на тэрыторыю пасёлку Соль ды захапіць аднайменную чыгуначную станцыю.

Тым часам украінскі бок настойвае на прысутнасці ЗСУ ў Салядары. Спікер усходняй групоўкі войскаў Збройных сілаў Украіны Сяргей Чэрэваты сцвярджае, што расейцы ўсё яшчэ не захапілі горад.

Ваенны эксперт Алег Жданаў гаворыць, што асобныя падраздзяленні ЗСУ трымаюць абарону на заходніх ускрайках Салядару, але іншыя – ствараюць новую лінію абароны за межамі гораду.

Разбураны будынак у харкаўскім мікрараёне Салтаўка. Харкаў, Украіна, 12 студзеня 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Таксама складанай застаецца сітуацыя і ў суседнім Бахмуце, які расейцы адначасова намагаюцца захапіць і атачыць з розных бакоў. Deepstatemap фіксуе частковы поспех праціўніка ў прыватным сектары на поўначы гораду.

Тэлеграм-канал «Иди и смотри» піша, што ПВК «Вагнэр» паспяхова наступае і на ўсходзе Бахмуту, а таксама цісне на поўдні – у ваколіцах Кляшчэеўкі. Таксама крыніца фіксуе баі каля Парасковіеўкі, што знаходзіцца на поўнач ад Бахмуту. У выпадку поспеху на гэтых кірунках войскі РФ змогуць узяць ўкраінскія сілы ў паўкальцо.

Сітуацыя ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца нязменнай: абодва бакі канфлікту засяродзіліся на вядзенні абароны і нанясенні артылерыйскіх удараў.

Між тым старшыня руху «Мы вместе с Россией» Уладзімір Рогаў мяркуе, што ЗСУ рыхтуюцца да наступу ў ваколіцах Кахоўскай ГЭС або Запарожскай АЭС. Паводле Рогава, на гэта ўказваюць дзеянні ўкраінскага боку, які зніжае ўзровень вады ў Дняпры, каб той хутчэй прамёрз і стаў прыдатным для прасоўвання войскаў.

Паводле Генштабу ЗСУ, цягам мінулых содняў было знішчана каля 740 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ перавысілі 114 тысяч чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны. 

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў