Вайсковы эксперт не палічыў правяранне беларускай арміі падрыхтоўкай нападу на Украіну


«Гэта армейская руціна», – сказаў «Белсату» вайсковы аналітык, каментуючы пачатак раптоўнага правярання баявой гатовасці беларускага войска. Ён не заўважыў прыкмет таго, што пад гэтым выглядам рыхтуецца напад на Украіну.

Правяранне боегатовасці беларускай арміі. 13 снежня 2022 года.
Фота: Мінабароны Беларусі / Telegram

Вайсковы эксперт у каментары «Белсату» назваў «армейскай руцінай» раптоўнае правяранне баявой гатовасці беларускага войска. Пра гэтыя «комплексныя мерапрыемствы» 13 снежня абвесціла міністэрства абароны.

«Такія правяранні праводзяцца даволі часта, рэгулярна. Адрозніваюцца толькі маштабам. Гэта правяранне стану навучэння, боегатовасці ўзброеных сілаў. Інакш праверыць немагчыма. Асаблівай занепакоенасці ў мяне гэта не выклікае. Я не выключаю, што такое правяранне было запланаванае праз некалькі месяцаў, але праводзяць яго цяпер праз абвастрэнне сітуацыі», – адзначыў аналітык.

Ён патлумачыў, што, калі б сапраўды рыхтавалася ўварванне, пра гэта не абвесцілі б гэтак шырока.

«Тым больш у паведамленні Мінабароны напісана, што баявая тэхніка будзе рухацца па дарогах агульнага прызначэння. Звычайна, калі вучэнні максімальна набліжаныя да баявых умоваў, гэта ажыццяўляецца ў цёмны час содняў, рух ажыццяўляецца па-за дарогамі, днём яны маскуюцца», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Ён падсумаваў, што падрыхтоўку да нападу засеклі б амерыканскія спадарожнікі. Дый самі дзеянні беларускай арміі былі б зусім іншымі.

Як раней паведаміла абароннае ведамства, паводле планаў цяперашняга правярання войскі «у найкарацейшыя тэрміны» вырушаць у прызначаныя раёны, наладзяць ахову і абарону, інжынернае абсталяванне, пераправы праз Нёман і Бярэзіну. Грамадзянаў папярэдзілі пра часовыя абмежаванні руху на асобных дарогах і ў некаторых мясцовасцях.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў