Шэпт, што знікае назаўжды. У Варшаве адбылася прэм’ера спектаклю, які зразумеюць толькі беларусы


У Варшаве ўпершыню паказалі «Шэпт» – спектакль пра беларускіх знахарак; спектакль пра традыцыю, што знікае назаўжды; спектакль, зразумелы толькі беларусам. Карэспандэнт «Белсату» схадзіў на прэм’еру і застаўся не задаволены: дзея скончылася раптоўна і нечакана, нібы ў гледача гвалтоўна адабралі нешта каштоўнае.

Акторы Святлана Анікей і Аляксандр Малчанаў у спектаклі «Шэпт».
Фота: Ксенія Васілеўкіна / kupalaucy / Instagram

Спектаклем «Шэпт» адкрыўся тэатральны фестываль «INEX Фэст», што працягнецца да канца жніўня. У праграме – 10 ісцэнізацыяў ад беларускіх тэатральных камандаў.

Рэжысёр «Шэпту» – Раман Падаляка. Гэтая праца  – у нейкім сэнсе працяг ягонага даследавання існай беларускасці, што пачалося з пастаноўкі «Радзіва Прудок» паводле твору Андруся Горвата.

Спектакль купалаўцаў паказвалі ў тэатры «WAM», што месціцца ў гандлёвым цэнтры на ўскрайку Варшавы. Шлях службовымі калідорамі да пляцоўкі дадаваў гэтаму вечару адметнасці: каб трапіць на пастаноўку пра патаемнае, трэба было пераадолець такія ж таемныя сцежкі.

Акторка Святлана Анікей у спектаклі «Шэпт».
Фота: Ксенія Васілеўкіна / kupalaucy / Instagram

Кожны спектакль пачынаецца аднолькава: глядач нейкі час уцягваецца, паглынаецца тым, што адбываецца на сцэне. «Шэпт» зацягвае вельмі хутка, ён супакойвае, аднак не кідае ў сон, ён цалкам ахінае, аднак не ліпне, як штосьці дакучлівае.

Гэта спектакль не ўласна пра знахарак, зёлкі, замовы, лекаванне словам і цудадзейныя рухі рукамі. Гэта дзея пра сакральнае, пра незямное, пра дзіцячыя ўспаміны (ну, каго ў вёсцы не вадзілі да шаптух?), пра тое, без чаго Беларусь была б не Беларуссю. І пра тое, што традыцыя знікае назаўжды разам з носьбітамі.

«Шэпт» паставілі паводле аднайменнай кнігі фатографа Сяргея Лескеця. У пошуках вясковай магіі ён вандраваў дзесяць гадоў і стварыў энцыклапедыю беларускага знахарства. Кнігу выдалі ў Менску летась, яна разляцелася, як дзьмухавец ветраным днём, і знайсці яе ў продажы амаль не магчыма.

Гераіня фотагісторыі Сяргея Лескеця падчас здымкаў «Шэпту».
Фота: Сяргей Лескець. Крыніца: Wilma. Publisher / Facebook

Спектакль заканчваецца шэрагам фатаграфіяў знахарак, якіх здымаў Лескець у сваіх падарожжах. Фінал здарыўся раптоўна, нечакана, амаль гвалтоўна, калі ты толькі адчуў увесь смак, занурыўся ў міфалагічны сусвет. Нібыта недакармілі, адабралі каштоўнае, пабудзілі, перарваўшы чароўны сон.

На гэтае абурэнне рэжысёр адказаў на творчай сустрэчы з гледачамі пасля імпрэзы. Зала, дзе не было вольных месцаў, крыху парадзела. Сталася зусім інтымна.

«Калі ў вас з’явілася жаданне трошкі большага – гэта добрае жаданне. І гэта быў мой пасыл: трошкі больш, каб у душы застаўся недахоп, каб яшчэ раз, і не адзін раз, прыйсці на гэты спектакль», – сказаў Раман Падаляка.

Размова з творчай групай спектакля «Шэпт». Злева направа: рэжысёр Раман Падаляка, музыка Дзмітрый Лук’янчык, актор Аляксандр Малчанаў, акторка Святлана Анікей, кіраўніца прадзюсарскай ініцыятывы inexkult Вольга Кулікоўская. Варшава, Польшча. 12 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

Ролю ўсіх бабуль выканала Святлана Анікей, і зрабіла гэта надзвычай гарманічна, нягледзячы на тое, што падзеі апошніх гадоў адбілі ў яе ахвоту да акторскай працы.

«Я думала, навошта мне працаваць у тэатры, калі ўвесь свет цяпер – тэатр? І я кветкамі пачала займацца, дрэвы саджаць, зёлкі. І такая шчаслівая была. Калі «Шэпт» з’явіўся, я зразумела: мяне нехта так вядзе, каб не зусім яшчэ я прапала са сваімі кветкамі. Я зразумела, што гэта тое, што цяпер людзям патрэбна, гэтая мантра, нейкае спадзяванне. Бо не так мы ўсе жывем», – з роспаччу кажа актрыса.

Аляксандр Малчанаў, які ўвасобіў на сцэне аўтара-вандроўніка, сказаў, што працаваць над спектаклем было вельмі цікава, ён згадаў выпадак з дзяцінства, калі яго самога з лішаём вадзілі да шаптухі ў вёсцы, і не змаўчаў пра балючае:

«Вельмі цяжка сфармуляваць той стан, у якім мы цяпер усе знаходзімся. Каб усё гэта сышло – тое, што цяпер адбываецца, – патрэбна кожнаму з нас зрабіць нейкі крок, каб гэта ўсё скончылася і нарадзілася новае жыццё».

За гукавое суправаджэнне дзеі адказваў Дзмітрый Лук’янчык. Ён прызнаўся, што разлічваў на звыклую працу, падобную да ттой, што выконваў ужо не раз, аднак лёгка гэта не далося.

«Думаў, што гэтая праца будзе гэткай жа, што і папярэднія, дзе я знайду нейкія песні, але ўсё было нешта не тое і не тое. Тыдні праз тры ў мяне пачала вымалёўвацца мелодыя. У апошняй сцэне, дзе ёсць фотаздымкі бабуль, калі я толькі стаў глядзець на экран, гэтая мелодыя вылілася сама, неяк так склалася», – распавёў музыка.

Палітык Зянон Пазняк выступае з прамоваю на сустрэчы з творчай групай спектаклю «Шэпт». Варшава, Польшча. 12 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

З экспрэс-рэцэнзіяй выступіў палітык, вядомы тэатральны знаўца Зянон Пазняк. Ён глядзеў спектакль з першага шэрагу і быў уражаны працаю Святланы Анікей, тройчы назваўшы яе зоркаю пастаноўкі. Таксама ён пахваліў рэжысуру і сцэнаграфію і сказаў, што спектакль «абуджае самыя скрытыя закуткі беларускай душы».

«Гэты спектакль зразумелы беларусам. Толькі мы, беларусы, можам зразумець глыбіню таго, што тут выяўлена. І нават у гарадскіх, якія, можа, ужо забылі тую вёску, генетычна ў душы ў іх гэта засталося, і аўтэнтычны фальклор гэта даказвае, калі гарадскі ўключаецца ва ўсе гэтыя рытмы», – адзначыў Пазняк.

Сяргей Лескець падчас здымкаў «Шэпту».
Фота: Wilma. Publisher / Facebook

Аўтара першакрыніцы, Сяргея Лескеця, на сустрэчы не было. Засталося загадкаю, як яму ўдалося ўвайсці ў давер да шаптух – скрытных асобаў, якія не дзеляцца сваімі таямніцамі з першым-лепшым, і зафіксаваць іхныя гісторыі.

Раман Падаляка мяркуе, што ў гэтай справе дапамаглі адкрытасць і дабрыня:

«Ён не гарадскі, ведае, як паводзіць сябе на вёсцы: што можна, што нельга, калі можна і калі нельга. Ён лёгка ўваходзіць у стасункі. Ён вельмі добрая, адкрытая асоба, мяркую, што гэта спрацавала. Гэта пачыналася як антрапалагічнае даследаванне, а перарасло ў сяброўства».

Сяргей Лескець падчас здымкаў «Шэпту».
Фота: Wilma. Publisher / Facebook

Паводле рэжысёра, спадар Сяргей штораз, калі тэлефанаваў сваім гераіням, адчуваў страх:

«Баяўся, што на тым канцы не адкажуць. Гэта будзе азначаць, што бабулі няма ў жывых».

Страх ажыццявіўся. Ніводнай з жанчын, чые фота завяршаюць «Шэпт», на гэтым свеце ўжо няма. Калі, натуральна, іншы свет існуе.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў