ЗША растлумачылі, чаму раяць сваім грамадзянам не ездзіць у Беларусь


Дзярждэпартамент пакінуў Беларусь на адмысловым чацвёртым узроўні краінаў, куды амерыканцам раяць не ездзіць. У амбасадзе ЗША ў Вільні растлумачылі «Белсату» гэткую рэкамендацыю тым, што ў Менску няма амерыканскіх дыпламатаў, якія пры неабходнасці маглі б дапамагчы сваім суайчыннікам. І гэта толькі адна з прычынаў, чаму грамадзянам ЗША не варта наведваць Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: wirestock / Freepik

Дзярждэпартамент у красавіку 2021 года ўлучыў Беларусь у пералік небяспечных для амерыканцаў краінаў. У Вашынгтоне час ад часу пераглядаюць рэкамендацыі, і сёння была апублікаваная новая рэдакцыя. Беларусь засталася на чацвёртым узроўні: у краіны, якія там знаходзяцца, грамадзянам ЗША раяць не ездзіць.

Як тлумачаць у Вашынгтоне, гэтая звязана з «адвольным ужываннем законаў, рызыкаю затрымання, расейскім вайсковым нападам на суседнюю Украіну і нарошчваннем расейскіх узброеных сілаў у Беларусі».

Афіцыйны прадстаўнік аддзелу ў справах Беларусі амбасады ЗША ў Літве Тым О’Конар назваў «Белсату» яшчэ адну прычыну: адсутнасць у Менску амерыканскіх дыпламатаў:

«Сёння Злучаныя Штаты не маюць дыпламатаў у Беларусі, якія маглі б там аказваць паслугі амерыканскім грамадзянам. Гэта адна з прычынаў, чаму мы настойліва рэкамендуем амерыканцам пакінуць Беларусь або не ехаць туды».

Пры гэтым, як адзначыў суразмоўца «Белсату», ЗША лічаць важным падтрымліваць кантакты з афіцыйным Менскам.

«Злучаныя Штаты лічаць, што важна мець каналы для камунікацыі з уладамі Беларусі, і такія каналы існуюць. Напрыклад, амбасада Беларусі ў Вашынгтоне застаецца адкрытая. Летась Злучаныя Штаты прыпынілі дзейнасць амбасады ў Менску з прычыны праблемаў з бяспекай, звязаных з несправакаваным і неапраўданым нападам расейскіх войскаў на Украіну з тэрыторыі Беларусі, але мы падтрымліваем дачыненні і працягваем камунікаваць з уладамі Беларусі», – паведамілі ў амерыканскай амбасадзе ў Вільні.

Амбасада ЗША ў Менску прыпыніла працу 28 лютага летась.

Hавiны
Дзярждэпартамент ЗША захаваў рэкамендацыю не наведваць Беларусь
2023.04.13 10:15

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў